Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» прайшоў у суботу ў Мінску, у Верхнім горадзе.
У дажджлівы і няласкавы майскі дзень майстры дарылі цяпло сваёй творчасці. Ад прыгожых і арыгінальных вырабаў вочы разбягаліся. ХVI Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Вясновы букет» — маштабнае свята традыцыйнай мастацкай культуры, дзе майстры з усіх куткоў Беларусі наглядна дэманструюць характэрныя асаблівасці традыцыйнай мастацкай культуры кожнага рэгіёна ў яе сучасным выкананні. І ў гэты дзень у наведвальнікаў была магчымасць дакрануцца душой да спадчыны, якая захоўваецца. У гістарычным цэнтры нашай сталіцы сабраліся больш за 300 майстроў з усіх куткоў краіны. Каля ратушы ўмелыя майстры дэманстравалі свае работы і праводзілі майстар-класы. Таксама дарылі добры настрой і сваё мастацтва майстрам, мінчанам і гасцям сталіцы самадзейныя творчыя калектывы. Так, адкрыў праграму вакальна-харэаграфічны ансамбль «Валачобнiкi». Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь — народны ансамбль танца «Вясёлка», ансамбль народнай песні і музыкі «Шчодрыца», узорны ансамбль народнага танца «Чабарок», народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» прадоўжылі творчую эстафету.
Як праходзіла свята і што на ім можна было ўбачыць — у фотарэпартажы.
Фота Сяргея Пятрова.
749
24.05.2025 | 20:02