Другі вечар у межах новага праекта Вялікага тэара Беларусі быў прысвечаны заслужанай артыстцы нашай краіны Людміле Хітровай. Яна сапраўды здолела стаць нашай, пры тым, што прыехала ў Мінск на працу, атрымаўшы прафеійную адукацыю ў Расійскай Федэрацыі. Але цяпер яна прыма-балерына Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і «з’ява беларускага балета», як ахарактарызаваў артыстку галоўны харэограф тэатра Ігар Колб, падкрэсліўшы:
— Яна выбрала для свайго бенефісу балет «Рамеа і Джульета» ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Думаю, цяпер гэта партыя перажытая крыху інакш, ужо з пэўным адчуваннем сябе ў прафесіі, з адчуваннем сённяшняга дня... Наогу наш праект дае магчымасць зразумець для сябе некаторыя рэчы: кім ты з’яўляешся на сённяшні дзень, пераглядзець партыю, у якой ты даволі доўга жывеш, падумаць, куды рухацца далей.
Людміла Хітрова і сапраўды выходзіць на сцэну ў вобразе Джульеты даволі даўно, мала таго, гэта адна з яе улюбёных партый:
— Джульета — гэта тая роля, пра якую я марыла з 13 гадоў. У свеце балета існуе такі стэрэатып, што дзяўчынкі звычайна ў вучылішчы імкнуцца танцаваць партыю «Адэты-Адзіліі», бо «Лебядзінае возера» — эталонны спектакль. Але калі я вучылася ў Ніжагародскім тэатральным вучылічы, то паглядзела спектакль «Рамеа і Джульета», які прывозілі на гастролі. Упадабала музыку, вобраз, і мая блакітная мара была — станцаваць гэтую партыю. Мара ажыццявілася ўжо ў Мінску, у Вялікім тэатры Беларусі. Самы першы спектакль я рыхтавала з Людмілай Генрыхаўнай Бржазоўскай, тады прэм’ера адбылася не толькі ў мяне, але і ў майго партнёра Ягора Азаркевіча, з якім мы разам уводзіліся ў партыю. Мы чыталі, глядзелі розныя фільмы і балетныя пастаноўкі. Падрыхтоўка кожнай партыі (не толькі Джульеты) складаецца з пазлаў, якія ўтвараюць агульную карцінку. І тады мы яе паказваем на сцэне…
Але чалавечы досвед таксама мае значэнне і ўплывае на кожную партыю, на кожнае выкананне. Нягледзячы на тое, што Людміла гэтую партыю танцуе шмат гадоў, яна імкнулася падкрэсліць юнацкую летуценнасць. Што гледачы і ацанілі: напрыканцы спектаклю ўтварылася чарга гледачоў, якія жадалі ўзяць аўтограф прымы-балерыны Людмілы Хітровай.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Віктара ДРАЧОВА