Яго з рабочай назвай «Класная» здымае рэжысёр Кірыл Халецкі, які ўжо гучна заявіў аб сабе такімі работамі, як «Кіношнікі» і «Культурны код».
— Для мяне гэта, як новае плаванне, як праект сацыяльнага значэння, бо мы ствараем кіно пра вельмі важную для нашага грамадства прафесію; пра людзей, якія былі ў жыцці кожнага з нас, — тлумачыць рэжысёр. — Я буду задаволены, калі, паглядзеўшы фільм, хтосьці патэлефануе сваім настаўнікам.
Кінастужка распавядзе пра дзяўчыну, якая пасля заканчэння педагагічнай ВНУ трапіла на працу (размяркоўваў яе персанаж, якога ўвасобіць міністр культуры Руслан Чарнецкі) у аграгарадок. Абставіны ўскладняе і той факт, што маладая настаўніца гісторыі, ролю якой выканала актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ірына Мароз, стала яшчэ і класным кіраўніком 11 класа, з вучнямі якога не такая ўжо вялікая розніца ва ўзросце, таму яны не ўспрымаюць яе сур’ёзна. Пагадзіцеся, сачыць за адносінамі педагога без вопыту і дзяцей, якія неўзабаве стануць дарослымі, будзе цікава. Ці справіцца дзяўчына, даказаўшы, што яна сапраўдны прафесіянал? За каго будзе больш хвалявацца глядач?
У фільме задзейнічана і шмат вядомых акцёраў: Тамара Міронава, Віктар Рыбчынскі, Святлана Нікіфарава, Алег Ткачоў. Вядучая роля і ў школы як у асноўнага месца дзеяння. Здымкі пройдуць ажно ў пяці падобных лакацыях, але звонку школа будзе выглядаць як СШ № 5 Мінска, дзе і адбылося традыцыйнае разбіванне талеркі ў першы здымачны дзень — на ўдачу, каб стужка сапраўды стала класнай і любімай гледачамі.
Лакацыі для здымак выбраны не толькі ў Мінску, але і ў Прылуках, Соснах, Пухавічах і Чэрвені. Усяго запланавана 35 здымачных дзён з лютага да мая, таму ў кадры атрымаецца паказаць школьнае жыццё ў розныя поры года. Прэм’еру варта чакаць ужо сёлета.
Ірына ПРЫМАК
Фота Лізаветы ГОЛАД