Штогод Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы Банка развіцця праводзяць міжнародны юнацкі турнір па футболе «Кубак развіцця».
У 2014 годзе Банк развіцця выступіў Генеральным партнёрам турніру і ўпершыню з 2008 года зборная каманда Беларусі стала прызёрам традыцыйнага Мінскага міжнароднага футбольнага форуму.
На сённяшні дзень больш за ўсё перамог на рахунку зборнай Расіі, якая шэсць разоў заваёўвала трафей (2008, 2010, 2014, 2015, 2017, 2023), па чатыры разы чэмпіёнства святкавалі зборныя Беларусі (2006, 2007, 2019, 2020) і Украіны (2009, 2012, 2016, 2018), два разы першай станавілася Бельгія (2011, 2013). У 2005 годзе не было роўных камандзе Сербіі і Чарнагорыі, у 2021 годзе — Таджыкістана, у 2022 годзе — Ізраіля.
Арганізацыя і правядзенне падобных спаборніцтваў спрыяюць павышэнню ўзроўню майстэрства юных футбалістаў, адбору наймацнейшых спартсменаў у юнацкія зборныя каманды Рэспублікі Беларусь па футболе.
У сёлетнім турніры юнацкая зборная Беларусі (U-17) у заключным паядынку папярэдняй групы “А” сустрэлася з юнымі футбалістамі бразільскай Акадэміі спорту. На матчы прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. Ва ўпартым паядынку большую частку матча лідзіравалі бразільцы, якія забілі гол у пачатку першага тайма.
Аднак на апошніх хвілінах матчу беларускі нападаючы Андрэй Луцковіч здолеў забіць мяч у адказ. Такім чынам у заўтрашнім фінале сустрэнуцца юнакі з нашай краіны, якія сталі пераможцамі групы «А», і пераможца групы «B» юнацкая зборная Расіі. Расіяне ў апошнім матчы сваёй падгрупы перамаглі зборную Ірана з лікам 2:0. У нашым фотарэпартажы моманты заключных матчаў паміж зборнымі Расіі і Ірана і камандамі з Беларусі і Бразіліі.
Фота Віктара ДРАЧОВА
Фота аўтара