Больш за стагоддзе таму вядомы грамадскі дзеяч, навукоўца, мастак Мікалай Рэрых прыехаў у Гродна каб убачыць і намаляваць славуты архітэктурны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідства XII-га стагоддзя — Каложскую царкву. Яго сын Святаслаў Рэрых праз многія гады, адмераныя лёсам аднаму пакаленню, захоплена маляваў экзатычныя пейзажы далёкай Індыі, быў там вядомым і паважаным ва ўсіх слаях грамадства. Творчы лёс розных пакаленняў сямьі Рэрыхаў — прыклад, як чалавецтва ва ўсе часы аб’ядноўваецца імкненнем людзей спасцігнуць прыгажосць, захаваць яе ў спадчыну, зрабіць мастом, які злучае розныя народы праз час і адлегласць.
Мастацкая выстаўка ў Доме дружбы з’яўляецца адной з калекцый поўнафарматных і высакаякасных рэпрадукцый твораў Рэрыхаў, якімі валодае грамадская арганізацыя «Міжнародны Цэнтр Рэрыхаў». Наведывальнікаў выстаўкі павіншаваў старшыня аддзялення Цэнтра Георгій Шасцерыкоў.
Чароўныя гукі флейты напоўнілі прастору ўрачыстай залы Дома дружбы — прагучаў накцюрн, які любілі слухаць у сям’і Рэрыхаў. Гэты музычны твор і іншыя ў выкананні цымбалістаў слухачам падарылі педагогі мінскай музычнай школы № 10 імя Я.Глебава. Пра гісторыю станаўлення і дасягненні рэспублікі Індыі расказаў у сваім выступленні Часовы Павераны ў Справах Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Раджаша Кумара. Пра сучасныя культурныя стасункі і славутых асобаў усходняй краіны паведамілі старшыня таварыства «Беларусь-Індыя» прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Ігар Ганчаронак і яго намесніца Алена Кашперка.
У экспазіцыі прадстаўленыя партрэты дзяржаўных дзеячоў Індыі, пейзажы яе унікальных краявідаў, жанравыя замалёўкі з жыцця простых жыхароў. Абменьваючыся думкамі многія наведвальнікі выстаўкі нагадывалі пра пабрацім Мінска індыйскі горад Бенгалор (у гонар яго названа плошча ў беларускай сталіцы), меўшыя месца яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагоддзя паездкі ў Індыю беларускіх дзеячоў мастацтваў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячоў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара