Top.Mail.Ru

У мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура праводзяць майстар-класы для скульптараў-пачаткоўцаў

154
10.08.2026 | 10:38

Ад майстра — будучым майстрам. Гэтыя словы трапна перадаюць сутнасць таго, што адбываецца ў адным з пакояў унікальнага музея-майстэрні на мінскай вуліцы, названай у памяць пра народнага мастака СССР, беларускага скульптара Заіра Азгура. Пры жыцці славутага майстра, калі ў суседнім памяшканні ён працаваў над сваімі творамі, тут выпускалі формы для пераўтварэння новых скульптурных вырабаў у даўгавечны матэрыял. Сёння ў гэты будынак прыходзяць не толькі дзеля вельмі цікавых і пазнавальных экскурсій, бо мастацкая спадчына маэстра яскрава адлюстроўвае знешнасць сусветна вядомых асоб і простых людзей, расказвае пра іх ацэнку грамадствам, пра ўласнае бачанне аўтара. Мастакі-пачаткоўцы, скульптары прыходзяць сюды, каб прыняць удзел у майстар-класах, пачуць жыццядайнасць аўры гэтага месца, абагаціць свой творчы патэнцыял, параіцца з вядомымі майстрамі.

Майстар-клас па лепцы з гліны праводзіць адзін з вучняў Заіра Азгура скульптар Яўген Колчаў — аўтар твораў, якія ўпрыгожваюць музеі, вуліцы Мінска, вядомыя і за мяжой. Майстар-клас дае магчымасць аматарам папрацаваць побач з прызнаным практыкуючым скульптарам, атрымаць яго каштоўныя парады, пераняць прыёмы работы. Сімвалічна, што вакол працоўнага стала, за якім сённяшнія пачаткоўцы лепяць з гліны, размясціліся скульптуры, створаныя ў мінулым стагоддзі самім Заірам Азгурам. Яны — сведкі непарыўнай творчай сувязі паміж майстрамі розных пакаленняў.

Мемарыяльны музей-майстэрня пашырае традыцыйныя формы дзейнасці, ён стаў прызнанай творчай лабараторыяй, цэнтрам актуальных ініцыятыў музейна-адукацыйнай справы.

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю