Top.Mail.Ru

У кватэры мінчанкі Валянціны Кандрацені пасяліліся 130 анёлаў

551
10.04.2025 | 10:40

Чвэрць стагоддзя таму старэйшая ўнучка Валянціны Ніканораўны Вера падарыла ёй на Новы год першага анёла. Мілая фігурка здалася вельмі кранальнай, прыйшлася да спадобы. Каб міламу божаму пасланцу не было самотна, Валянціна Кандраценя сама купіла яму «кампаньёна». Так усё і закруцілася. Сваякі, сябры, знаёмыя сталі актыўна папаўняць калекцыю.

Сёння бок аб бок на паліцы ў Валянціны Кандрацені стаяць херувімы і серафімы з Іспаніі, Германіі, Францыі, Грэцыі, Швецыі, Літвы. Больш за ўсё, вядома, набыты ў Беларусі, у самых розных мясцінах. 

— Усе яны розныя, кожны па-свойму дарагі, — прызнаецца Валянціна Ніканораўна. — Калі выціраю з іх пыл, размаўляю з імі, успамінаю, хто мне іх падарыў. Ёсць у мяне і ўласнаручна вышыты крыжыкам анёл. Спецыяльны набор падарыла ўсё тая ж Верачка, ведаючы пра маю любоў да рукадзелля.

Дзіўна, але ня гледзячы на сваё захапленне, у існаванне анёлаў Валянціна Ніканораўна не верыць, настойвае на тым, што ніякіх цудаў у яе жыцці не адбывалась і не адбываецца. І разам з тым аднаго з анёлаў, падораных сяброўкай Светай, брала з сабой у лякарню, калі ёй рабілі аперацыю. Усё ў той раз абышлося для яе ўдала.

Многія лічаць, што анёлаў варта дарыць на Каляды. Але падставай для таго, каб уручыць дарагому чалавеку божага заступніка могуць быць імяніны, дні народзін, вяселлі. А часам для такога прэзента і зусім не трэба ніякай нагоды, проста жаданне зрабіць прыемнае.

Не выключана, анёлы самі выбіраюць, у каго ім сяліцца. Вераць у іх ці не, а яны ўсё роўна ўплываюць на чалавека, прыўносяць у яго жыццё адчуванне дабра, аптымізму, спакою і абароны. 

Вольга Паклонская, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю