Top.Mail.Ru

У Белдзяржуніверсітэце прайшло святкаванне светлага Вялікадня

1023
14.04.2026 | 09:20

Урачыстая праграма «Велікодная вестка ў БДУ» з нагоды светлага Хрыстовага Уваскрэсення прайшла 13 красавіка ў вядучым універсітэце краіны.

Адкрыў урачыстасць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падзячным малебнам. Урачыстую падзею разам са студэнтамі падзялілі рэктар БДУ Андрэй Кароль, прарэктары, дэканы факультэтаў і супрацоўнікі і ВНУ.

— Важна, каб у Беларусі выхоўвалася гарманічная асоба — і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, і ў іншых нашых ВНУ, — сказаў Уладыка. — Важна, каб разам з ведамі новымі і сучаснымі даваліся веды асноўнага, духоўнага парадку, якія фарміраваліся на працягу стагоддзяў, тысячагоддзяў, перадаваліся з пакалення ў пакаленне, — любоў да сваёй зямлі, павага да людзей і ў той жа час уменне абараняць сваю зямлю — гэта тыя якасці, якія заўсёды патрэбныя чалавеку, які ідзе па жыцці. І ўсё гэта трэба развіваць і ўмацоўваць падчас навучання маладога чалавека ў вышэйшай навучальнай установе.

Затым свята перамясцілася на адкрыццё мастацкай выставы карцін «Святло дабрыні i прыгажосці». Для наведвальнікаў і гасцей свята выстаўлена больш за 25 жывапісных работ у жанрах кветкавага нацюрморта, пейзажа і іканаграфіі пэндзля вядучага спецыяліста па забеспячэнні навучальнага працэсу кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ Ліі Кучко, якая з’яўляецца актыўным удзельнікам грамадскіх арганізацый універсітэта: яна ўваходзіць у склад праўлення па БСЖ ВНУ. Сёлета, напярэдадні Дня жанчын, за актыўную грамадзянскую пазіцыю і асабісты ўклад у развіццё жаночага грамадскага руху Лія Кучко была адзначана Граматай Маскоўскай раённай арганізацыі г. Мінска ГА «БСЖ». Дарэчы, гэта выдатная жанчына працуе ў Белдзяржуніверсітэце ўжо каля 40 гадоў.

Ключавой падзеяй гэтага святочнага дня стала падпісанне Плана мерапрыемстваў БДУ на 2026–2030 гады па рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У дакуменце прадугледжана арганізацыя сумесных асветніцкіх, культурных, духоўна-маральных, адукацыйных мерапрыемстваў і патрыятычных акцый выхаваўчага характару.

— Падпісаны дакумент — свайго роду дарожная карта нашага ўзаемадзеяння з Беларускай Праваслаўнай Царквой, — расказаў Андрэй Кароль. — Гэта пералік тых мерапрыемстваў, якія ўжо сталі традыцыйнымі: сумесныя сустрэчы, уцягванне студэнтаў у справы царкоўныя і ў цэлым духоўныя. У свецкай адукацыі і праваслаўнай веры насамрэч вельмі глыбокія карані. І ў вучобе, і ў веры чалавек шукае свае асновы і вытокі, адказ на пытанне: «А хто я ёсць у гэтым свеце?» Ён развівае сваю індывідуальнасць, крэатыўныя, пазнавальныя, камунікатыўныя якасці асобы, — усё тое, што сёння трэба работадаўцу.

Правядзенне набажэнстваў з нагоды знамянальных падзей стала агульнай традыцыяй БДУ і БПЦ. Штогод у юбілейныя даты ўніверсітэта і галоўныя хрысціянскія святы супрацоўнікі і навучэнцы ВНУ прымаюць удзел у службах. Таксама для студэнтаў БДУ на працягу года праводзяцца экскурсіі па памятных хрысціянскіх месцах, храмах і саборах, праходзяць сустрэчы са святарамі, арганізуюцца навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы і рэлігійна-асветніцкія мерапрыемствы.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю