Top.Mail.Ru

Спаборніцтвы па каратэ «Кубак Дружбы» прайшлі ў «Чыжоўка-Арэне»

895
27.04.2025 | 10:48

26 красавіка ў сталічным спартыўным комплексе «Чыжоўка-Арэна» стартавалі міжнародныя спаборніцтвы па каратэ «Кубак Дружбы» 2025.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел: старшыня Беларускай федэрацыі каратэ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Аляксей Багданаў, першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дараховіч, генеральны сакратар Федэрацыі каратэ Расіі Антон Гаўрылаў, старэйшы саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксей Маскалёў.

— Сталіца Рэспублікі Беларусь Горад-герой Мінск заўсёды сардэчна сустракае гасцей і здзіўляе «адкрытым сэрцам», самабытнасцю і парадкам, частуе вынаходствамі нацыянальнай кухні, дзівіць дабрынёй і шырынёй душы яе жыхароў. Моладзь, якая штогод удзельнічае ў нашым турніры, арганізаваным па самых высокіх стандартах сусветнага спорту, атрымлівае вялікі вопыт і, становячыся дарослымі спартсменамі, паспяхова абараняе колеры сваіх краін на чэмпіянатах свету і Еўропы, — адзначыў Аляксей Багданаў.

У час цырымоніі адкрыцця ўзнагароды і каштоўныя падарункі былі ўручаны пераможцу міжнароднага турніру па каратэ Івану Кудзінаву, яго трэнеру Наталлі Сіняк, майстру спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Ірыне Шарыхінай. У турніры бяруць удзел вядучыя спартсмены з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і г. Мінска, а таксама Расійскай Федэрацыі. Усяго за ўзнагароды турніру змагаюцца больш за 1200 спартсменаў, якія прадстаўляюць каля 80 арганізацый і спартыўных клубаў.

Удзельнікі спаборніцтваў — моладзь і юніёры ва ўзроставых групах 16-17 гадоў, 14-15 гадоў у раздзелах індывідуальнае ката і кумітэ, дзеці ва ўзроставых групах 8-9 гадоў і 10-11 гадоў, 12-13 гадоў у раздзелах індывідуальнае ката і кумітэ.

Паядынкі абслугоўваюць больш за 70 суддзяў з Расіі і Беларусі, у тым ліку і міжнародных катэгорый. Галоўны суддзя спаборніцтваў — суддзя міжнароднай катэгорыі з Беларусі Юрый Груца, сярод ганаровых гасцей міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь — Сяргей Кавальчук, знакамітыя беларускія спартсмены і трэнеры па каратэ.

Арганізатары спаборніцтваў: Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя каратэ», дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», дзяржаўная ўстанова «Белспортзабеспячэнне».

Закрыццё турніру адбудзецца ў другой палове 27 красавіка.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара і Сяргей ПЯТРОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю