У музеі народнай архітэктуры і побыту каля вёскі Азярцо пад Мінскам напярэдадні старога Новага года рэканструявалі традыцыйны беларускі абрад — Шчодры вечар.
Шчодрык або Шчодрая куцця — вечар з 13 на 14 студзеня, калі гаспадары рыхтуюць другую (багатую, шчодрую) куццю, бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, крупнік. Шмат часу надавалася варажбе. Варажылі і дарослыя, і дзеці, а асабліва незамужнія дзяўчыны, якія жадалі даведацца, што іх чакае ў надыходзячым годзе. Абрад «шчадравання» заключаўся ў тым, што група шчадроўнікаў хадзіла па дварах, спяваючы песні-шчадроўкі, услаўляючы гаспадара і гаспадыню.
Госці музея ўбачылі выступленне фальклорнага калектыву «Мілавіца», паказ народнага тэатра «Батлейка», рэканструкцыю абраду абходу двароў з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. Усе жадаючыя паўдзельнічалі ў розных зімовых гульнях і забавах, майстар-класах па беларускіх народных танцах і вырабе выцінанкі, пакаталіся на конскай павозцы.
Віктар ДРАЧОЎ
Фота аўтара