У Мінску адкрыліся ёлачныя кірмашы. Гараджане спяшаюцца па навагоднія дрэвы, выбіраючы іх цэлымі сем’ямі, каб стварыць святочны настрой напярэдадні галоўнага зімовага свята. Мы наведалі ёлачны базар ад Мінскага лясгаса і гатовы падзяліцца з вамі яркімі кадрамі адтуль.
Разнастайны асартымент
Атмасферу тут стварылі чароўную: святочная музыка, цёплая гарбата і, вядома, вялікі выбар навагодніх дрэў. На ўваходзе нас сустракае начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Мінскага лясгаса Сяргей Кажадуб і адразу пачынае паказваць асартымент ёлачнага кірмаша:
— Найбольшай папулярнасцю традыцыйна карыстаюцца ссечаныя елкі. Таксама ў нас ёсць дрэвы хвоі, перавага іх у тым, што яны практычна не абсыпаюцца. Кошт нашых нарыхтаваных дрэў значна ніжэйшы, чым у камерцыйных структур. Да метра навагодняе дрэва абыдзецца пакупніку ў 21 рубель 70 капеек, ад метра да двух — 30 рублёў, а ад двух да трох — 38 рублёў. І не мае значэння, што гэта за дрэва: кошт залежыць толькі ад вышыні.
Таксама ўжо некалькі сезонаў запар тут у якасці альтэрнатывы пакупнікам прапаноўваюць елкі ў кадках.
— Гэты від прадукцыі выкопваецца з насаджэнняў там, дзе намечана нарыхтоўка навагодніх дрэў з каранёвай сістэмай, і затым перасаджваецца ў кадку. Выкопваем іх да наступлення маразоў. У такім стане да Новага года дрэвы захоўваюцца ў структурных падраздзяленнях гадавальніку, а калі гандаль у разгары, іх пастаянна падвозяць, — распавядае Сяргей Кажадуб. — Навагоднія дрэвы ў кадках больш устойлівыя і даўгавечныя. Адзін з асноўных крытэрыяў, які станоўча ўплывае на выбар пакупніка, — гэта тое, што пры правільным выкарыстанні дрэва можна ў далейшым вясной высадзіць на прысядзібным участку.
Ёсць у асартыменце прадукцыі і яшчэ адна цікавая пазіцыя: навагодняя ікебана, сабраная на падстаўцы з галінак хвоі. Таксама ўсе ахвотныя могуць набыць на ёлачным базары класічныя навагоднія букеты, падстаўку для дрэва і нават лясны мёд. А для аматараў «Іроніі лёсу, ці З лёгкай парай!» у продажы нават ёсць венікі для лазні.
Каб ялінка радавала доўга
У Мінскім лясгасе запэўніваюць, што дрэвы ў іх выключна свежыя. Ссякаюць іх не ўсе адразу, штодня тут здзяйсняецца ад 5 да 8 падвозаў дрэў па меры попыту.
— У асноўным у нас нарыхтоўваюцца дзікарослыя расліны з тых участкаў, дзе дазволена высечка. Да высечкі дрэў афармляюцца матэрыялы адводаў, выпісваюцца дазвольныя дакументы — і толькі потым ссякаем. Дадзеныя ўчасткі мы ўвесь час падбіраем запасам, каб ужо падчас попыту мы маглі паступова падвозіць гэтыя дрэвы, — дзеліцца начальнік аддзела лясной гаспадаркі.
Якім бы свежым ні было дрэва, важныя і ўмовы, у якіх яно ў вас стаіць. Па словах Сяргея Кажадуба, неабходна правесці правільную акліматызацыю.
— Непажадана адразу выстаўляць і ўпрыгожваць навагодняе дрэва. Лепш, каб яно хоць бы гадзін 12 пастаяла ў прахалодным месцы ў распраўленым выглядзе, напрыклад, на балконе. Устанаўліваць навагодняе дрэва лепш падалей ад батарэй і іншых ацяпляльных прыбораў. Важна рэгулярна праветрываць памяшканне, — адзначае ён.
Таксама добра, калі ёсць магчымасць ажыццяўляць невялікі, але часты паліў. Для гэтага падыдуць падстаўкі з пяском, а таксама спецыяльныя падстаўкі, у якіх прадугледжаны заліў вады. Станоўча на свежасць навагодняга дрэва таксама ўплываюць увільгатняльнікі паветра.
Традыцыя родам з дзяцінства
Для многіх выбар навагодняга дрэва — гэта нешта асаблівае. Важная традыцыя, якая сыходзіць каранямі ў далёкае бесклапотнае дзяцінства. Тут, на ёлачным базары, ад Мінскага лясгаса людзі ўсіх узростаў захоплена выбіралі сабе навагодняе дрэва.
Там мы пазнаёміліся з мінчанкай Вольгай, якая прыйшла на ёлачны базар разам з дочкамі Янай і Насцяй.
— Мы выбіраем жывую ялінку кожны год, але часам ставім і хвою. У гэтым годзе не змяняем традыцыям — зноў прыехалі на ёлачны базар за жывым навагоднім дрэвам. Не люблю штучныя ёлкі. Вось такія «жывыя» для мяне нешта асаблівае, яны быццам пераносяць у дзяцінства. Толькі ўявіце: прыходзіш дадому, а цябе прама з парога ахутвае прыемны хваёвы водар, — дзеліцца яна.
Дзяўчынкі актыўна дапамагаюць маме і прапануюць свае варыянты навагодніх дрэў. Галоўны крытэрый, каб яно было высокім і пышным.
— Мы любім упрыгожваць ялінку шклянымі цацкамі, зробленымі на савецкі матыў. Ёсць у гэтым асаблівая атмасфера, — кажа Вольга.
Прыцягнула нашу ўвагу яшчэ адна сям’я. Вольга і Сяргей прыехалі на ёлачны базар разам са сваім сынам Цімафеем. Для іх таксама «жывая» ёлка — вельмі важная традыцыя.
— Гэта прыйшло з дзяцінства, калі бацькі прыносілі напярэдадні свят пышную ялінку, і мы ўсе разам упрыгожвалі яе. Хацелася б перадаць гэтую добрую традыцыю і сваім дзецям. Які год прыязджаем па навагодняе дрэва на ёлачны базар у Мінскі лясгас. Для ўсёй нашай сям’і вялізнае задавальненне дастаўляе сам працэс выбару дрэва. Аддаём перавагу класічным ссечаным елкам. Магчыма, у будучыні прыгледземся да варыянтаў у кадках, — дзеляцца яны.
Выбар зроблены і духмяная лясная прыгажуня ўжо запакавана для беражлівай транспарціроўкі. Атрымліваецца, што лясныя кірмашы — гэта нешта большае, чым проста продаж хвойных дрэў. Гэта магчымасць захаваць і прадоўжыць самую добрую сямейную традыцыю. Тую, што пачынаецца з сумеснага выбару пушыстай елкі і працягваецца пад мігаценне гірляндаў, якое дорыць адчуванне сапраўднага цуду.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.