Пройдземся па горадзе, каб яшчэ раз палюбавацца хараством апошніх жнівеньскіх дзён. Гэта прыгажосць асаблівая, прырода сёння дадае на сваю палітру фарбы першага залатога лісця, першых халодных ранішніх туманаў...
На гарадскіх вуліцах перамена колераў пейзажа заўважная менш, чым на лугах ці ў лясах, але ўрбаністычны асяродак таксама імкнецца пакінуць на цыферблаце часу уласныя адмеціны.
Відаць, таму сярод назваў мінскіх вуліц ёсць і такія: Летняя, Асенняя, Зімовая, Вясновая. А яшчэ ў горадзе шмат вулак, таксама звязаных з успамінам пра хараство розных часоў года: Кветкавая, Ягадная, Грыбная, Язмінавая, Снежная...
Мы надаём нашым вуліцам і праспектам імёны славутых герояў, называем у гонар знакавых падзей, і гэта вельмі добра, што побач з імі не знікаюць назвы вуліц, у якіх адлюстравалася прыгажосць роднай прыроды, наша адвечная сувязь з ёй.
Вуліцы Летняя і Асенняя па сталічных мерках невялічкія. Адсюль, з узгоркаў Заводскага адміністрацыйнага раёна бачныя вышынныя будынкі новых жылых кварталаў. Ад гэтых ціхіх, утульных вулачак прыватнага сектара я прапаную пачаць кароткае фотападарожжа па Мінску, убачыць прыгажосць сталіцы на рубяжы лета і восені. Паглядзіце на сонечную атмасферу, заўважце, як клапатліва даглядаюць гараджане кветнікі, зялёныя кампазіцыі. Усё гэта неўзабаве заменіцца асеннімі пейзажамі. Тое, як выглядаюць нашы вуліцы, сцвярджае, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я і сустрэчы з яе прыгажосцю будуць чакаць нас зноў і зноў.
Да гэтых здымкаў дадаю вершаваныя радкі пра нястрымную плынь нашага жыцця.
Час ідзе. За годам крочыць год -
Рух па правілах, няспынны, без здарэнняў,
Святлафор усім пакажа паварот
З Летняй вуліцы да вуліцы Асенняй.
І стагоддзі, і імгненні — ўсе часы
У адным страі ідуць адной дарогай,
І ніхто з іх не націсне тармазы,
Не абгоніць, не прыпыніць анікога.
У дарозе гэтай доўга будзь -
Колькі дазваляе час, не меней -
Час табе падкажа, дзе звярнуць
З Летняй вуліцы да вуліцы Асенняй.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара