Top.Mail.Ru

Новы сезон старажытнага парка

126
21.09.2026 | 15:07

Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс — адна з самых папулярных зялёных лакацый Мінска. Пра багатую гісторыю гэтага месца расказваюць унікальныя дрэвы, якім ужо не адно стагоддзе, такія ж старыя пабудовы і, безумоўна, артэфакты — яны таксама яшчэ чакаюць сваіх чарговых даследчыкаў. 

Восеньскі сезон — час, калі ў новае залатое ўбранне апранаюцца старажытная Лошыца. Але не толькі прырода дорыць перамены мясцоваму пейзажу. Вакол рэшткаў капліцы XVIII стагоддзя днямі з’явілася ахоўная агароджа, каля ўвахода значыцца: тут ідзе рэканструкцыя старажытнай пабудовы, якая ўваходзіць у склад матэрыяльнай гісторыка культурнай каштоўнасці «Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс». 

Пра гэту капліцу расказваюць асабліва шмат цікавага. Некалі яе фасады ўпрыгожвалі пялястры, вылеплены дэкор, карнізы. Стагоддзе таму яе, на той час ужо амаль разбураную, вырашылі канчаткова знішчыць. Але падрыўнікі зрабілі нешта не так і старая капліца засталася стаяць сярод такіх жа старых дрэў. Пашкоджаная, яна потым зноў спатрэбілася — новыя уладальнікі захоўвалі тут сельгасінвентар.

Рэшткі капліцы і яе фундамент захаваліся. Але мінулыя тры стагоддзя прыкметна ёй нашкодзілі, што цяпер і выклікае неабходнасць спецыяльнага ўмацавання фундамента. Акрамя гэтага праектам прадугледжана рэканструкцыя такога ж старажытнага млына. Да месца ўзгадаць, што ў Лошыцкім парку ўжо аднавілі будынак былой вінакурні і гаспадарчых пабудоў, дзе цяпер размясціўся шматфункцыянальны комплекс з рэстаранам і кафэ, гасцініцай, залай ўрачыстай рэгістрацыі шлюба.

Навіны старажытнага сядзібна-паркавага комплексу — прыклад таго, як на скрыжаваннях мінулага і сучаснага аднаўляецца наша гісторыя, будуецца будучыня.

Пра тое, як выглядае Лошыца ў верасні, пра работы на аб’ектах матэрыяльнай гісторыка культурнай каштоўнасці і пра адноўленыя будынкі расказваюць здымкі гэтага фотарэпартажа.

Яўген ПЯСЕЦКІ 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю