Сёння ў БДУКМ спецыялістаў рыхтуюць на 4 профільных факультэтах: культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці, музычнага і харэаграфічнага мастацтва, мастацкай культуры, інфармацыйна-дакументных камунікацый. Як расказала рэктар універсітэта Наталля Карчэўская, ёсць у складзе ўніверсітэта і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 25 спецыяльных і агульнаўніверсітэцкіх кафедраў.
— Разнастайнасць сфер дзейнасці дае магчымасць выбару спецыяльнасці для студэнтаў па іх перавагах і інтарэсах, — рэзюмуе яна.
У сённяшнім універсітэце культуры, як і ва ўсіх сучасных ВНУ краіны, навучанне грунтуецца на спалучэнні класічных акадэмічных традыцый і актуальных прафесійных стандартаў. Акрамя ўласна мастацтву тут студэнты навучаюцца менеджменту, маркетынгу, праву, замежным мовам, IT і псіхалогіі. Адна з адметнасцяў універсітэта культуры — гэта тое, што падыходы да навучання тут практыка-арыентаваныя.
— Нашы студэнты не проста атрымліваюць тэарэтычныя веды, — тлумачыць Наталля Карчэўская, — але і з першых дзён навучання інтэгруюцца ў рэальнае прафесійнае асяроддзе. І на працягу ўсяго перыяду навучання яны актыўна не толькі ўдзельнічаюць, але і дапамагаюць арганізоўваць розныя мерапрыемствы — як лакальнага, універсітэцкага, характару, так і маштабныя рэспубліканскія акцыі, фестывалі і дабрачынныя праграмы. Рэктар ВНУ таксама дадае, што для тых, хто імкнецца да навукі, ёсць магістратура і аспірантура. Прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта налічвае больш за 350 чалавек. Каля 50% выкладчыкаў маюць вучоныя ступені і ганаровыя званні.
Алена Вінаградава
Фота Лізаветы Голад