Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 65-годдзя з дня заснавання сістэмы аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, прайшло ў Мінскім гарадскім палацы культуры. Ветэранаў і работнікаў ведамства павіншаваў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што міністэрства не толькі сфарміравала эфектыўную сістэму аховы прыроды, але і дабілася міжнароднага прызнання беларускай мадэлі прыродакарыстання.
Паводле слоў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея МАСЛЯКА, сёлета наша краіна ўзнялася на 32-е месца ў сусветным рэйтынгу экалагічнай эфектыўнасці, апярэджваючы ўсе краіны ЕАЭС. Чыстыя рэкі і азёры, балоты і непаўторныя ландшафты — гэта наш здабытак, які патрабуе штодзённага клопату і прафесійнага падыходу.
Прыродныя рэсурсы — гэта аснова асноў, бо навакольнае асяроддзе ўплывае на здароўе нацыі, адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі (2017-2024) Андрэй ХУДЫК. Дзякуючы работнікам прыродаахоўнай галіны ў нас сёння стабільная якасць навакольнага асяроддзя, перш за ўсё водных рэсурсаў і паветра.
У рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне найлепшых прадстаўнікоў прыродаахоўнай галіны Беларусі, прайшоў святочны канцэрт.
Александрына ПАРШЫНА
Фота: Віктара ІВАНЧЫКАВА