Top.Mail.Ru

На стадыёне «Зара» ў Стайках Мінскага раёна адкрыўся сезон легендарных трэкавых гонак «Гарачы лёд»

487
13.01.2025 | 18:58

На стадыёне «Зара» ў Стайках Мінскага раёна адкрыўся сезон легендарных трэкавых гонак «Гарачы лёд». Традыцыйна гэтыя гонкі, іх яшчэ называюць «Легенды СССР», праходзяць з 1999 года, збіраючы вакол сябе вялікую армію сваіх прыхільнікаў. Нават у рабочую суботу, 11 студзеня, «Зара» была запоўнена.


Напярэдадні ішоў дождж, таму прыступкі, праходы і самі сядзенні пакрыліся наледдзю. Гледачы хваляваліся за сваіх пілотаў. Трэкавы стадыён яшчэ на трэніроўцы раз’ездзілі гоншчыкі, расплавіўшы тонкі лёд і снег, стварыўшы пакрыццё з бруднай кашы. Хуткасць, заносы на віражах і ўезды ў плот з загараджальных шын, прынеслі балельшчыкам чаканыя відовішчныя бонусы. Пасля кваліфікацыйных заездаў да асноўных было дапушчана 13 гоншчыкаў. «Легенды СССР» на тое і легенды: пілоты спаборнічаюць на пераабсталяваных «Жыгулях» (задні прывад) і на спартыўных шыпаваных колах.

З-за неабходнасці захавання правілаў бяспекі на гоначных аўтамабілях няма фар, на некаторых, праўда,  мелася неонавыя падсветка. Гэтыя машыны без нумароў, яны не перамяшчаюцца самастойна па дарогах агульнага карыстання, на спаборніцтвы іх дастаўляе служба тэхнічнай падтрымкі аўтагоншчыка. Яны, непрэзентабельныя з выгляду (бітыя, перабітыя) даюць са старту шмат рову, магутнай хуткасці, рэзкага тармажэння і нават сутыкненнем з сапернікам. Адрэналіну для пілотаў, а хвалявання гледачам хапае з лішкам.

— Вопыт гоншчыка ў мяне вялікі, больш за 20 гадоў, бо выступаю з шаснаццацігадовага ўзросту, — падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік спаборніцтваў Сяргей Лапіцкі. — Ездзіў шмат узімку і ўлетку, і не раз перамагаў, выйграваючы кубкі на этапах «Гарачага лёду». Сёння пастараюся зрабіць гэта яшчэ раз. Такія заезды славяцца сур’ёзнай барацьбой і напалам страсцей, таму што ўсе хочуць перамагчы. Гэта кантактны від спорту, таму ўсе шэсць фіналістаў-гоншчыкаў будуць біцца і змагацца да канца. Знаёмы з усімі сапернікамі, гэта сур’ёзныя хлопцы. Умеюць газаваць, адыходзіць ад сутыкненняў і вырываць перамогу.

У Сяргея Лапіцкага 11 студзеня 2025 года атрымалася — выгазаваць, выруліць і заняць першае месца ў трэкавых гонках «Гарачы лёд». Другое заняў Яўген Ляўданскі, а трэцяе — Павел Шасцілоўскі. Усіх этапаў – чатыры, таму шанцы на перамогу ў бліжэйшай перспектыве ёсць у кожнага ўдзельніка формулы «Легенды СССР».

Аляксандр ГРЫГОР’ЕЎ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю