Пятнічным ранкам на пероне мінскага чыгуначнага вакзала гаспадарыла творчая атмасфера. З той гасціннасцю, якая ўласціва беларусам, з народнымі песнямі, хлебам-соллю тут сустракалі «кніжны цягнік» з Санкт-Пецярбурга. Ён прывёз вялікі пісьменніцкі дэсант (звыш 50 чалавек). Знакава, што нашы літаратурныя сябры прыбылі менавіта ў Дзень Расіі, які акурат праходзіў на XXXІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, куды яны адразу і накіраваліся.
«Я рады, што Мінск далучыўся да нашага ўнікальнага праекта, які папулярызуе літаратуру сёння. Такім чынам мы адкрылі новую міжнародную старонку. Спадзяюся, што «кніжны цягнік» у будучым з’яднае ўвесь славянскі свет, а потым падцягнуцца і іншыя краіны, — сказаў прэзідэнт фестывальнага руху «Кніжныя маякі Расіі» Дзяніс Котаў. — Наш праект нарадзіўся ў 2023 годзе, калі мы праехалі ад Санкт-Пецярбурга да Уладзівастока. Сёлета ён прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Галоўная мэта гэтай творчай экспедыцыі, каб 80 % жыхароў нашых краін чыталі мінімум 12 кніг у год і, вядома, распавесці маладому пакаленню пра самую розную літаратуру, але ў першую чаргу патрыятычную, таму мы ўдзяляем вялікую ўвагу кнігам пра Вялікую Айчынную вайну.
«Мы з асаблівым пачуццём чакалі паездкі ў Мінск. Той белы снег, які нас сустрэў, нібы белы аркуш, на якім мы пішам яшчэ адну новую гісторыю нашых літаратурных стасункаў, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прыезду вядомы пісьменнік Алег Рой. — Рады, што будзе многа цікавых сустрэч! У Мінск я прывёз свае дзіцячыя кнігі і таксама свае раманы патрыятычнага характару, каб знаёміць маладых чытачоў і з гэтай тэмай». Учора, дарэчы, у наведвальнікаў выстаўкі была магчымасць пагаварыць з пісьменнікам аб жыцці і аб кнігах.
14 сакавіка «Кніжны цягнік» адправіўся па сваім маршруце: Масква — Ніжні Ноўгарад — Казань — Ульянаўск — Валгаград. У кожным горадзе пісьменнікі правядуць толькі дзень, але змогуць ахапіць вялікую колькасць цікавых мерапрыемстваў.
Ірына ПРЫМАК
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА