Top.Mail.Ru

На іншай глыбіні

513
26.03.2025 | 09:58

Чарговая змена экспазіцыі праекта адбылася 26 сакавіка ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Публіцы прадстаўлены карціны Марыі Чупрыс з Мінска.

— Марыя — гераіня асаблівая, таму што яна сама нас знайшла, — сказала журналістам старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская. — Яна ўбачыла ў сацыяльных сетках, што БСЖ з’яўляецца арганізатарам выставак «Іншая глыбіня», і захацела прадставіць свае працы, а гэта яе першая яе выстаўка, шырокай публіцы. Для нас гэта вельмі важна, бо хочацца, каб такія людзі прыходзілі да нас самі. Дзяўчына ўнікальная сваім пазітыўным настроем, тым, як яна спакойна і лёгка пераадольвае цяжкасці. Гэтаму варта вучыцца ў такіх людзей, як яна.

Старшыня БСЖ адзначыла, што пазітыў і дабрыня, якія Марыя Чупрыс дорыць свету праз свае карціны, не пакінуць абыякавымі наведвальнікаў выстаўкі.

Гэта 13-я выстаўка ў рамках праекта БСЖ «Іншая глыбіня». Праект дзейнічае больш за год, і Беларускі саюз жанчын не збіраецца яго закрываць. Як падкрэсліла Вольга Шпілеўская, пакуль праект запатрабаваны, ён будзе жыць.

Марыі 19 гадоў, з нараджэння дзяўчына — інвалід-калясачнік. На выстаўцы прадстаўлена 18 яе работ. З ранняга дзяцінства Марыя пачала праяўляць цікавасць да жывапісу. Удзельнічала ў розных творчых конкурсах, дзе часта займала прызавыя месцы. Наведвала гурткі па дэкаратыўным роспісе, фларыстыцы. Як і многія мастакі-самавукі, вучылася па відэаўроках з інтэрнэту. Марыя спрабуе сілы ў многіх тэхніках, працуючы з рознымі сродкамі для малявання: гуаш, акварэль, каляровыя алоўкі, пастэль, акрылавыя фарбы. У 2021 годзе пачала актыўна весці сацыяльныя сеткі і публікаваць у іх свае карціны.

— Мы рады, што вы сёння з намі, што вы прадставілі свае цудоўныя працы, — звярнулася Вольга Шпілеўская да Марыі Чупрыс на адкрыцці экспазіцыі. — Вы дорыце людзям пазітыў, і такая ж у вас мама. Я ад душы віншую вас з адкрыццём выстаўкі, і няхай яна стане пачаткам чагосьці глабальнага на вашым жыццёвым шляху.

Павіншаваць Марыю і пажадаць ёй творчых поспехаў прыйшла начальнік галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Чамаданава.

— Я вельмі даўно марыла пра сваю выстаўку, і дзякуючы Беларускаму саюзу жанчын мая мара спраўдзілася, — падзялілася пачуццямі Марыя Чупрыс. — У мяне шмат планаў і ідэй. У далейшым хачу яшчэ больш развівацца ў жывапісу.

Алена БРАВА
Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю