Top.Mail.Ru

«Маленькіх парад — вялікай Перамозе!»

645
06.05.2025 | 18:40

Штогод больш за 400 вучняў устаноў адукацыі Савецкага раёна бяруць удзел у парадзе пад назвай «Маленькіх парад — Вялікай Перамозе». Днямі карэспандэнты «Звязды» далучыліся да гэтага мерапрыемства.
На ім прысутнічалі ганаровыя госці: кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска Аляксандр Шчаковіч, кіраўнік Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Савецкага раёна Аляксандр Сідарэнка, ветэраны, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, кіраўнікі раённых устаноў адукацыі.

Адкрыў парад зводны атрад Мінскай гімназіі № 6, затым прайшлі піянеры гімназіі № 8. Лепшыя вучні малодшага школьнага ўзросту ў гэты дзень сталі піянерамі. 

Кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска Аляксандр Шчаковіч звярнуўся да дзяцей з просьбай не забываць тыя подзвігі, якія здзейснілі іх дзяды і прадзеды, падкрэсліўшы, што менавіта дзякуючы гэтым заслугам мы сёння жывём: «Вы сёння прымеце клятву берагчы, абараняць, паважаць сваю гісторыю, краіну, памяць аб падзеях, якія адбыліся з 1941 па 1945 год».

Аляксандр Шчаковіч таксама падзякаваў прысутным ветэранам, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны абаранялі нашу незалежнасць, свабоду, а пасля займаліся аднаўленнем горада: «Паважаныя ветэраны, нізкі вам паклон за тое, што мы сёння маем магчымасць жыць у добрых умовах, расціць дзяцей і ўнукаў, вучыцца, ствараць».

Да школьнікаў таксама звярнуўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Яромін: «Мы доўга чакалі Перамогу. Будзьце годныя Радзімы, яна адзіная, як і маці. Іншай не дадзена. Яе трэба абараняць і берагчы. За гэтую Перамогу наш беларускі народ аддаў кожнага трэцяга. Я жадаю, каб у нашай сонечнай сінявокай краіне не паўтарылася тая страшная, разбуральная, кровапралітная вайна».

У завяршэнні мерапрыемства ўдалося пагутарыць са школьнікамі. Вучань гімназіі № 6 горада Мінска Яраслаў Альферовіч адзначыў: «Удзельнічаць у такім памятным мерапрыемстве, якое сёлета прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі, — вялікі гонар для мяне. Маршыруючы, мы аддаём гонар ветэранам вайны. Для мяне гэтае свята асабліва важнае яшчэ і таму, што мой прадзед Афанасій ваяваў, нават дайшоў да Берліна», — расказаў хлопец.

Для вучаніцы СШ № 64 горада Мінска Амеліі Дзеруго Дзень Перамогі — асаблівае свята. Яе прабабуля, 89-гадовая Зінаіда Шпілеўская, была ўдзельніцай Вялікай Айчыннай вайны. «Яна расказвае нам пра той страшны час. Калі пачалася вайна, паводле слоў бабулі, іх схавалі ў лесе. На ўсіх была адна карова. Папіць трошкі малака — гэта было вялікае шчасце, — расказала Амелія. 

На яе думку, 80-годдзе Вялікай Перамогі — гэта важнае свята для кожнага беларуса: «Мы, нашчадкі пакалення Пераможцаў, заўсёды будзем помніць аб іх подзвігу».


Яна ВАЛАСАЧ

Фота: Віктар Іванчыкаў
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю