Гэта — адзін з некалькіх канцэртаў, з якімі калектыў маладых выканаўцаў выступае перад мінчанамі і гасцямі сталіцы. Названы аркестр з’яўляецца новым адукацыйна-творчым праектам, працягам свайго масштабнага папярэдніка — «Маладзёжнага музычнага маста».
У мінулы час лепшыя студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пабывалі амаль ва ўсіх айчынных музычных каледжах і каледжах мастацтваў. У выніку яны запрасілі здольную моладзь наведаць акадэмію, адчуць творчую атмасферу вядомай музычна-педагагічнай навучальнай установы, пазнаёміцца са студэнтамі, прыняць удзел у рэпетыцыях, пабываць на творчых сустрэчах з вядучымі музыкантамі і выканаўцамі.
У час канцэрта на пляцоўцы Першага Нацыянальнага гандлёвага дома, маладыя выканаўцы яскрава прадэманстравалі перад слухачамі свой высокі ўзровень. Маладзёжны аркестр баяністаў і акардэаністаў уключыў у канцэртную праграму узоры сусветнай класікі, народную музыку, папуры на тэмы ваенных песен.
Найбольш пранікненна музыка ваенных гадоў гучыць у выкананні на баяне. Дзякуючы шырока вядомым песням з мінулага, сучаснікі чуюць у ваенных песнях голас Перамогі, музычны расповед пра гады ліхалецця і гераічны подзвіг савецкіх людзей.
Яўген ПЯСЕЦКІ
фота аўтара