Яркае свята музыкі і сяброўства. Менавіта такія асацыяцыі ўзнікаюць з вялікім канцэртам «Нашы любімыя песні», які прайшоў у Палацы Рэспублікі для прадстаўнікоў працоўных калектываў Мінска.
У канцэртнай праграме прынялі ўдзел папулярныя беларускія і расійскія артысты, сярод якіх Руслан Аляхно, Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Ганна Благава, Грыгорый Лепс, гурт «Лесапавал», Рада Рай, Яраслаў Сумішэўскі і іншыя.
— Гэта падарунак для нашых працоўных калектываў, якія сабраліся ў гэтай зале, каб праспяваць самыя вядомыя песні, — адзначыў дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі. — Чаму мы павінны ўвесь час шукаць нейкую нагоду? Сярод гледачоў самыя звычайныя людзі— тыя, якія стаяць за касавым апаратам у магазіне, тыя, якія прыбіраюць памяшканні. Магчыма, некаторыя з іх не могуць дазволіць купіць сабе той ці іншы білет. Таму вельмі важна зрабіць для іх гэтае свята. Мы стараемся, каб людзі атрымлівалі максімум задавальнення.
Сапраўды, зала была напоўнена зараджанымі пазітыўнымі людзьмі розных узростаў і прафесій. Напрыклад, малады спецыяліст універмага «Беларусь» Лізавета Базыльчык з задавальненнем ухапілася за магчымасць патрапіць на гэты канцэрт.
— Для людзей важна рабіць такія падарункі. Калі ты ў працы і цалкам у яе пагружаны, адпачыць ад гэтых думак увечары на канцэрце — вельмі добрая ідэя, — падзялілася яна.
Нам удалося паразмаўляць і з калектывам кандытарскай фабрыкі «Камунарка».
— Вялікі дзякуй за такую арганізацыю і за тое, што далі магчымасць патрапіць сюды і паглядзець на такіх вядомых спевакоў. Толькі станоўчыя эмоцыі: радасць і задавальненне, — распавяла загадчык сталовай Ала Давыдка.
У сваю чаргу яе калега загадчык канцылярыі Ала Пясецкая дадала, што такія мерапрыемствы адназначна аб’ядноўваюць калектывы, зараджаюць станоўчай энергіяй і накіроўваюць да дасягнення мэты.
Адкрыў канцэрт заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, якога гледачы сустрэлі громам авацый.
— З вялікай радасцю прыняў прапанову арганізатараў, тым больш упершыню ў сваім жыцці адкрываю канцэрт у Палацы Рэспублікі, — падзяліўся артыст.
Паводле яго слоў, публіка ў Палацы Рэспублікі проста фантастычная:
— Неверагодныя эмоцыі. Столькі падпявалі — гэта проста казка. Велізарную аддачу публікі адзначыла і расійская спявачка Рада Рай:
— Я заўсёды пасля паездкі ў Беларусь расказваю сваім калегам, які тут глядач. Яны ведаюць пра гэта, мы заўсёды абменьваемся ўражаннямі, таму што такая гасціннасць, такую любоў рэдка можна сустрэць. Я лічу, што галоўнае ў Беларусі — гэта, вядома, людзі. Вы цудоўныя!
Выхад на сцэну Грыгорыя Лепса выклікаў сапраўдныя авацыі.
— Сяброўства паміж нашымі народамі непарушнае, мы любім адзін аднаго, мы паважаем культуру адзін аднаго, і гэта назаўжды, — адзначыў артыст, звяртаючыся да гледачоў.
Усмешкі, гучныя апладысменты... З упэўненасцю можна сказаць адно: яркія эмоцыі ад гэтага вечара застануцца ў памяці гледачоў надоўга.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.
У хуткім часе тэлеверсію канцэрта пакажуць па тэлебачанні. Сачыце за праграмай!