Прэм’ерны паказ фільма «Класная» прайшоў 18 верасня ў Мінску ў кінатэатры «Масква». Чырвоная дарожка, сумесныя фатаграфіі, аўтографы, музыка і, вядома ж, прагляд непасрэдна фільма... Атмасфера неверагодная. Мерапрыемства сабрала ўсіх, хто ўдзельнічаў у стварэнні кінакарціны— ад рэжысёра і акцёраў да членаў здымачнай групы.
Браў удзел у стварэнні фільма «Класная» на ўсіх этапах і міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі.
— У нас атрымаўся выдатны, добры фільм пра нашых настаўнікаў. Дзякуй Міністэрству адукацыі за кансультацыі. Каму як не ім ведаць пра першыя крокі настаўнікаў у прафесіі?! Гэта сапраўды была вельмі добрая дапамога і падтрымка, — падзяліўся ўражаннямі ён.
Таксама Руслан Чарнецкі адзначыў, што рэжысёр кінакарціны Кірыл Халецкі праявіў сябе ў працэсе здымак вельмі прафесійна.
— Гэта была вельмі дакладная праца з усёй здымачнай групай. Няўзброеным вокам відаць, як ён расце ў прафесійным плане. Мне вельмі падабаецца тое, што ён не стаіць на месцы і ўвесь час развіваецца. Гэта вялікі плюс, — падкрэсліў Руслан Чарнецкі.
У сваю чаргу рэжысёр Кірыл Халецкі падзяліўся, што прэм’ерны дзень для яго вельмі асаблівы.
— У нас неяк так павялося, што рэжысёр са сваім фільмам праходзіць усе стадыі вытворчасці. І таму апошні год майго жыцця — гэта суцэльная «Класная». Сёння я перажываю асаблівыя пачуцці, калі ўсе гэтыя людзі стаяць на сцэне. Звычайна здымачная група застаецца ў цені, але сёння яны разам з акцёрамі перад вамі, і яны ўсё проста ззяюць, — адзначыў ён.
Па словах рэжысёра, насамрэч галоўныя героі фільма «Класная» — педагогі.
— Гэта сапраўды вялікі подзвіг і наш фільм вельмі трапятліва, прыгожа, элегантна і шчыра пра гэта вам раскажа, — сказаў ён.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара