Гэтым канцэртам былі адзначаны кітайскае Свята Вясны і 33-годзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітаем.
Арганізавалі маляўнічае свята пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.
Госці свята — студэнты, выкладчыкі, дыпламаты, прадстаўнікі міністэрств і устаноў убачылі захапляльную праграму падрыхтаваную кітайскімі і беларускімі студэнтамі мінскіх ВНУ. Са сцэны прагучалі традыцыйныя музыка і спевы розных краін, былі паказаны харэаграфічныя нумары. Найбольш уразілі гледачоў традыцыйныя танцы льва і дракона, дэманстрацыя баявых мастацтваў.
Сярод гасцей свята была праведзена латарэя, у якой многім пашчасціла на каштоўныя прызы.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань зазначыў, што дыпламаты штогод адказна рыхтуюцца да навагодняга свята кітайскіх і беларускіх студэнтаў напярэдадні Свята Вясны. Гэта свята з’яўляецца старэйшым і радасным, яно выпадае на першы дзень кітайскага каляндара. Урачысты канцэрт стаў сваеасаблівай візітоўкай і важнай пляцоўкай для абменаў паміж кітайскай і беларускай моладзю.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара