Top.Mail.Ru

Казачны баль у Вялікім тэатры

482
14.01.2025 | 12:56

Святкаванне Старога Новага года ўжо немагчыма ўявіць без традыцыйнага балю ў Вялікім тэатры Беларусі. Вось ужо 16-ы раз у гэтую ноч у фае бельэтажа кружляюць прыгожыя дамы з галантнымі кавалерамі, пераносячы ўсё вакол у чароўны свет танцаў.

У 2025-м годзе тэматыкай мерапрыемства была выбрана казка Шарля Перо «Папялушка». Падчас адкрыцця Каралеўскага балю ўсіх гасцей прывітаў Казачнік, ролю якога выканаў лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Шабеця. Казачны расповед арганічна ўплёўся ў канву балю. Першым танцам жа традыцыйна стаў паланэз.

Па словах балетмайстра-пастаноўшчыка Вялікіх навагодніх баляў у Вялікім тэатры Беларусі, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Юліі Дзятко сёлета ў святочным праекце прынялі ўдзел каля 200 чалавек.


— Падрыхтоўка ў нас пачалася з лістапада. Усяго атрымалася 12 рэпетыцый. Складанасць была ў тым, што кожны раз мы рыхтуем цалкам новую праграму з новымі танцамі. Таксама сёлета было вельмі шмат новых удзельнікаў, у тым ліку і маладых, што вельмі радуе. На рэпетыцыі ўсе ішлі з добрым настроем, заўсёды было гасцінна і цёпла, — падзялілася яна.

За музычнае суправаджэнне на Каралеўскім балі адказваў дырыжор сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Віталь Грышчанка.

— У нас класічная праграма. Гэта вальсы, мазуркі, полькі, паланэзы... Адным словам — усё, як на сапраўдным балі, — адзначыў ён.

Па словах дырыжора, адчуванні падчас працы на балі і на спектаклі каласальна адрозніваюцца адзін ад аднаго.

— Тут ты заўсёды навідавоку, побач з табой пастаянна кружляюць пары. З аднаго боку, такая святочная атмасфера зараджае. А з другога — трэба ўмець абстрагавацца ад гэтага, каб не страціць кантакт з аркестрам, — падзяліўся ён.

Ёсць сярод удзельнікаў балю заўсёднікі. Сярод іх і пенсіянерка Вольга Санельнікава, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла харэаграфіі.

— Ведаеце, гэты баль ужо стаў для меня добрай традыцыяй. Кожны новы год мы чакаем яго з нецярпеннем, рыхтуем уборы, развучваем танцы. 

У нас свая дружная кампанія. Мы танчым і радуемся жыццю. Гэта самая сапраўдная танцатэрапія, асабліва ў нашым узросце. Я танчу ўсё жыццё, але калі я прыйшла ў Вялікі тэатр, то зразумела, што гэта больш, чым проста танцы. Кожная жанчына марыць патрапіць на баль, дастаць прыгожую сукенку і станцаваць вальс, мазурку, паланэз. А Вялікі тэатр — самае галоўнае месца краіны, дзе можна гэта зрабіць, — падзялілася яна.

Таксама нам удалося пазнаёміцца і з навічкамі, якія з нецярпеннем чакалі магчымасці паўдзельнічаць у балі. Сужэнцы Марыя і Ігар Войцікавы ніколі не займаліся танцамі, але баль у Вялікім тэатры заўсёды заварожваў іх сваёй прыгажосцю.

— Паўдзельнічаць хацелі даўно, але ў нас былі яшчэ зусім маленькія дзеці. Цяпер крыху падраслі, і мы нарэшце можам здзейсніць сваю мару. Наведалі ўсе рэпетыцыі. Было цяжка пачынаць з нуля, але яно таго каштавала, — распавялі яны.

Баль завяршыўся за поўнач. Караоке, майстар-класы, канцэрты і шмат танцаў... Мабыць, гэтая ноч надоўга застанецца ў сэрцах удзельнікаў разам з кранальнай гісторыяй Папялушкі.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю