13 і 14 верасня, пры падтрымцы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню танкістаў.
Праграма мерапрыемстваў у суботу была насычанай: выступленне аркестра 120-й брыгады, канцэртнай групы ВПС і войскаў СПА, паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў кіналагічнага цэнтра вайсковай часці 2044 і кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ваенна-гістарычная рэканструкцыя эпізоду аперацыі «Баграціён», паказальны заезд экіпажа Т-72 з дэманстрацыяй магчымасцяў і стральбой на агнявых рубяжах, катанні на танку, і ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць смачную салдацкую кашу.
Акрамя гэтага, для наведвальнікаў было адчынена некалькі інтэрактыўных зон. Дарослыя і дзеці змаглі паспрабаваць свае сілы ў гістарычнай віктарыне, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, зборцы-разборцы зброі.
У нядзелю гасцей комплексу чакае не менш цікавая праграма.
Дзень танкістаў — прафесійнае свята танкістаў і танкабудаўнікоў, якое адзначаецца штогод у другую нядзелю верасня. У Савецкім Саюзе гэта свята было ўстаноўлена 11 ліпеня 1946 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у азнаменаванне выдатных заслуг танкавых і механізаваных войскаў у Вялікай Айчыннай вайне, а таксама заслуг танкабудаўнікоў у аснашчэнні Узброеных сіл бранятанкавай тэхнікай.
У азнаменаванне выдатных заслуг відаў і родаў войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у абароне Айчыны, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.03.1998 № 157, прафесійнае свята Дзень танкістаў таксама адзначаецца ў другую нядзелю верасня.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара