Сёння 482 аўтакрамы спажыўкааперацыі абслугоўваюць 12,8 тысячы вёсак, дзе жыве больш за 442 тысячы чалавек. З іх у 10 тысячах населеных пунктаў жыве да 50 жыхароў, а ў 4,6 тысячы, ці ў кожнай трэцяй, — не больш за 10 чалавек. Дайсці да кожнага — пад такім дэвізам сёння працуе «Белспажыўсаюз». Некаторыя аўтакрамы выконваюць рэйсы працягласцю 200 км за дзень, аб’язджаючы па 16-18 населеных пунктаў. Штогод крамы на колах праязджаюць 14 мільёнаў кіламетраў.
— Актуальнасць аўтакрам расце, бо ў сельскіх населеных пунктах змяншаецца колькасць жыхароў. Аднак мы не забываем і пра магазіны. Выконваючы даручэнне Кіраўніка дзяржавы, за 2025 год адкрыта 12 новых магазінаў, адноўлена работа 76 раней закрытых гандлёвых аб’ектаў, з іх 59 — у сельскай мясцовасці, мадэрнізаваны 51 магазін, — расказвае Вольга Кунцова, начальнік упраўлення гандлю Белспажыўсаюза.
Каля 1 тысячы стацыянарных магазінаў працуюць у населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш як 200 чалавек. Па сацыяльных стандартах гэтыя населеныя пункты можна абслугоўваць аўтакрамамі.
Штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база аўтакрам. У мінулым годзе набыта 93 сучасныя аўтакрамы, у тым ліку дзякуючы ўказу Прэзідэнта № 309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» — 80. Сёлета плануецца набыць у адпаведнасці з указам яшчэ 50 аўтакрам. Сучасныя міні-маркеты на колах адпавядаюць усім неабходным тэхнічным, тэхналагічным і санітарным нормам, зручныя для абслугоўвання пакупнікоў і камфортнай работы прадаўцоў. Абсталяваны халадзільным абсталяваннем і нізкатэмпературнымі скрынямі, якія дазваляюць рэалізоўваць тавары, што патрабуюць асаблівага тэмпературнага рэжыму.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Лагойскі раён, вёскі Сліжына і Саўдзеневічы