Воінская часць 3310 Унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь не проста адзначыла Масленіцу, а арганізавала маштабнае свята для вайскоўцаў, членаў іх сем’яў, жыхароў ваеннага гарадка і шматлікіх гасцей. Урачыстыя праводзіны зімы, якія сталі добрай традыцыяй, сёлета ўразілі сваім размахам і гасціннасцю. Камандаванне часці прыклала максімум намаганняў, каб ператварыць тэрыторыю часці ў цэнтр прыцягнення для ўсіх узростаў. Галоўнай падзеяй свята стала відовішчная ваенізаваная эстафета. У ёй азарт спаборніцтваў пераплёўся з дэманстрацыяй ваенных навыкаў: удзельнікі на хуткасць збіралі і разбіралі аўтаматы, апраналіся ў цяжкую экіпіроўку — бронекамізэлькі і шлемы, пераадольвалі дыстанцыі ў сродках абароны і спаборнічалі ў эвакуацыі «параненага». Эмоцыі зашкальвалі на этапе перацягвання каната, дзе сілу і волю да перамогі дэманстравалі лепшыя байцы падраздзяленняў. Пераможцамі тут сталі хлопцы з аўтамабільнай роты. Для гасцей свята разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі. Дзеці і дарослыя з цікавасцю вывучалі ўзоры сучаснай ваеннай тэхнікі і стралковага ўзбраення, а паказальныя выступленні кінолагаў са службовымі сабакамі нязменна збіралі аншлаг.
На працягу ўсяго свята для ўдзельнікаў і гасцей быў арганізаваны пачастунак: усіх жадаючых чакалі гарачыя бліны, духмяны чай і стравы палявой кухні.
Святочную атмасферу і народны каларыт падтрымлівалі артысты ансамбля «Сябры песні», пад чые кампазіцыі пускаліся ў танцы і ветэраны, і моладзь.
Віктар Драчоў
Фота аўтара