Штогод у апошнюю нядзелю ліпеня тысячы жыхароў нашай краіны адзначаюць прафесійнае свята ваенных маракоў — Дзень Ваенна-марскога флоту.
26 ліпеня ў сталіцы каля абеліска «Мінск — горад-герой» сабраліся тыя, хто служыў у Ваенна-марскім флоце, члены іх сем’яў.
Роўна ў 10.00 прагучаў бой карабельнай рынды. Пад музычнае суправаджэнне ваеннага аркестра вайсковай часці 2007 ветэраны ўсклалі кветкі да падножжа абеліска.
Урачысты мітынг пачаўся з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Удзельнікаў свята павіншаваў старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў» капітан 2 рангу Валерый Халадзілін, часова выконваючы абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Быстроў, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы ДПК РБ палкоўнік Дзмітрый Квяткоўскі.
Пасля хвіліны маўчання па загінулых у баях і паходах, памерлых ваенных мараках адбылося ўзнагароджанне ветэранаў ВМФ за актыўную грамадскую і ваенна-патрыятычную працу.
Сваё майстэрства і страявую вывучку прадэманстравалі вайскоўцы роты ганаровай варты вайсковай часці 2007.