Top.Mail.Ru
0

Нацыянальнае адзінства — вялікае багацце, якое трэба берагчы

«Беларусь любіць нас, а мы любім Беларусь!»

Дзень народнага адзінства мае асаблівае значэнне не толькі для беларусаў. Сёння ў нашай краіне ў міры і згодзе пражываюць прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў, 25 канфесій і рэлігійных плыняў. Ва ўмовах усё большай глабалізацыі і культурнай разнастайнасці пытанні нацыянальнага адзінства і ўзаемаразумення асабліва актуальныя. І Беларусь як шматнацыянальная дзяржава дэманструе ўнікальны шматгадовы вопыт суіснавання розных этнічных груп, што з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў захавання яе суверэнітэту і стабільнасці.

Роўныя правы для ўсіх

Падтрымка міжнацыянальнага міру з’яўляецца стратэгічнай палітыкай нашай дзяржавы, падкрэсліў падчас круглага стала «Беларусь шматнацыянальная: незалежнасць, захаваная адзінствам» упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК:

— Канстытуцыя краіны гарантуе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства тыя ж правы і свабоды, што і грамадзянам Беларусі. Кожны мае магчымасць захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, а знявага нацыянальнай годнасці пераследуецца па законе. Створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі правоў і абароны інтарэсаў грамадзян незалежна ад іх паходжання, веры ці мовы. 

І людзі, якія прыехалі да нас з розных куткоў свету, пацвярджаюць, што гэтыя правы выконваюцца на практыцы.

Акрамя таго, у Беларусі створаны ўнікальныя ўмовы, каб нацыянальна-культурныя аб’яднанні маглі не толькі захоўваць сваю культуру, але і дзяліцца ёй. Наша дзяржава аказвае ім значную дапамогу ў падтрымцы памяці пра герояў, набыцці строяў, выданні літаратуры і іншых кірунках.

Аляксандр Румак нагадаў, што ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі прадстаўнікі 70 нацыянальнасцяў, і мы ніколі не забудзем пра гэта — імёнамі герояў названыя вуліцы ў розных гарадах краіны. І аднаўляць Беларусь пасля разбуральнай вайны прыехалі прадстаўнікі розных народаў, для многіх яна стала другім домам.

У міры і згодзе

— Незалежная Беларусь адбылася як дзяржава сацыяльнай справядлівасці, міру і згоды людзей, якія ў ёй пражываюць, — канстатаваў Аляксандр Румак.

Пацвердзілі гэта і прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў, якіх запрасілі паўдзельнічаць у круглым стале. Для старшыні Грузінскага культурна-асветніцкага таварыства «Сакартвела» Тэнгіза ДУМБАДЗЕ 17 верасня — асаблівае свята. Яго маці — беларуска, а ад бабулі, якая жыла на мяжы Заходняй і Савецкай Беларусі, ён даведаўся, з якой радасцю беларусы ўспрынялі ў 1939 годзе магчымасць аб’яднацца. Дарэчы, яго бабуля была адной з першых дзяўчат, уступіўшых у камсамол пасля ўз’яднання. І ён ганарыцца, што мае такія карані.

Тэнгіз Шукрыевіч заўважыў, што аб’ездзіў 120 краін свету і не сустракаў больш талерантнай, чым Беларусь. Усім, хто хоча пазнаць яе ўнікальнасць і сутнасць беларусаў, ён раіць наведаць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які ўжо на працягу трох дзесяцігоддзяў праходзіць у Гродна:

— Толькі ў нас можна пабачыць, як разам танцуюць палестынцы і яўрэі, армяне і азербайджанцы, абхазы, асеціны і грузіны. У нас на канцэртах украінцы выступаюць разам з рускімі. Гэта адбываецца само па сабе, вось яна — дружба народаў! Хочацца, каб гэта бачыў увесь свет, каб на гэта звярнулі ўвагу палітыкі.

І сапраўды, варта ўбачыць, як на фестывалі ў Гродна шчыра і цёпла вітаюць прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Гэта адлюстроўвае, што наша грамадства кожны этнас успрымае як раўнапраўную апору дзяржаўнасці. 

Ці не гэта вышэйшае сведчанне адзінства!

«Мы разам!»

Падчас круглага стала прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў падкрэслівалі, што вялікую ролю ў станаўленні міжнацыянальнай згоды адыгрывае асабістая пазіцыя Прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка да ўсіх нацыянальнасцяў адносіцца аднолькава, лічыць сваімі грамадзянамі і называе «мае армяне, азербайджанцы, яўрэі, палякі».

— Незалежна ад нацыянальнасці мы ўсе — грамадзяне Беларусі, — зазначыў Тэнгіз Думбадзе. — І мы павінны быць удзячныя за тое, што маем магчымасць расціць нашых дзяцей у міры, згодзе і бяспецы. Ці кожная «цывілізаваная» еўрапейская краіна сёння можа даць такое?

Па словах старшыні Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Георгія ЕГІАЗАРАНА, яму даводзілася размаўляць з прадстаўнікамі розных этнічных груп, якія жывуць у іншых краінах, і на пытанне «Колькі трэба чужаземцу пражыць у Еўропе, каб адчуць сябе там сваім?» часцей за ўсё былі адказы: «Два-тры пакаленні». Ці наогул: «Такога адчування не ўзнікне ніколі...» Пры пераездзе ж на пастаяннае жыхарства ў Беларусь тут усе адразу адчуваюць, што гэта іх дом, дзе цэняць кожнага чалавека.

Прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў падкрэсліваюць, што ў Беларусі яны жывуць адзінай дружнай сям’ёй, якая прырастае з кожным годам. Так, у 1996 годзе ў першым Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур удзельнічалі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцяў, а сёлета ў юбілейным ХV форуме — больш за 40. 

Пры гэтым кожнае аб’яднанне прырастае — падчас фестывалю да іх падыходзяць «свае» людзі, якія пражываюць у розных гарадах.

Сёння нацыянальна-культурныя аб’яднанні маюць шмат сумесных праектаў, яны разам удзельнічаюць у сацыяльных і дабрачынных акцыях, дэманструюць культурныя асаблівасці і традыцыі свайго народа, тым самым узбагачаючы нашу культуру. І ганарацца тым, што жывуць у Беларусі.

— Беларусь любіць нас, а мы любім Беларусь! Гэта вялікае багацце, якое трэба берагчы, — лічыць Георгій Егіазаран.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю