Пераважная большасць беларусаў давярае Прэзідэнту
Каментуючы другую частку вынікаў сацыялагічнага даследавання, палітолаг Вадзім ЯЛФІМАЎ звярнуў увагу, што лічбы пацвярджаюць: курс, выбраны Прэзідэнтам, цалкам адпавядае інтарэсам беларускага народа, карціну яднання адлюстроўваюць і лічбавыя паказчыкі.
Так, адказваючы на пытанне «Ці давяраеце вы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь?», 87,6 % рэспандэнтаў адказалі «так», 2,2 % — «не», 10,2 % не змаглі адказаць. «Перш чым пераходзіць да наступных лічбаў, я хацеў бы сказаць, што названыя лічбы пацвярджаюць: Прэзідэнт карыстаецца велізарным аўтарытэтам у нашай краіне і за мяжой», — адзначыў Вадзім Ялфімаў.
Палітолаг зняпраўдзіў меркаванне, што беларусы вельмі прагматычныя людзі. «Аказалася, лічбы гэта пацвярджаюць, што для беларусаў больш важныя пытанні, звязаныя з геапалітыкай, аўтарытэтам краіны і забеспячэннем самых важных жыццёвых каштоўнасцяў, якія забяспечваюць мірнае неба над галавой», — адзначыў ён.

У сувязі з гэтым рэспандэнтам прапанавалі падумаць пра тое, як яны ацэньваюць дзейнасць Прэзідэнта па шэрагу кірункаў развіцця краіны. Што датычыцца пытання забеспячэння бяспекі ўнутры краіны, 90 % апытаных ацэньваюць дзейнасць кіраўніка дзяржавы як паспяховую.
Каментуючы прыведзеныя вынікі, палітолаг яшчэ раз звярнуў увагу, што беларусам важна забеспячэнне бяспекі адносна свайго жыцця і жыцця будучых пакаленняў. «Захаванне суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, стабільнасці — гэта ўсё, здавалася б, далёкія для простых людзей рэчы. Насамрэч народ канцэнтруе фокус сваёй увагі на гэтым кірунку дзейнасці Прэзідэнта», — падкрэсліў Вадзім Ялфімаў.
Дзейнасць кіраўніка дзяржавы па захаванні міру ў краіне на фоне напружанай сусветнай абстаноўкі як паспяховую ацэньваюць 89,8 %, непаспяховую — 1,4 % (што нават ніжэй за арыфметычную хібнасць) і 8,8 % рэспандэнтаў не змаглі адказаць.

Вадзім Ялфімаў, звяртаючы ўвагу на вышэйзгаданыя лічбы, падкрэсліў, што стабільнасць унутры краіны звязаная не з унутранымі, а са знешнімі праблемамі. «Як гаворыць Прэзідэнт, наша краіна прастрэльваецца з усіх бакоў, і гаворка ідзе асабліва аб інфармацыйнай вайне, — згадаў словы беларускага лідара палітолаг. — Калі і існуюць намеры і спробы стварэння ўнутранай нестабільнасці, яны ўсе прыўносяцца звонку». Аднак вынікі сацыялагічнага даследавання, па яго словах, паказваюць, што ў ворагаў у барацьбе за розумы беларусаў нічога не атрымліваецца.
Будзе эканоміка — будуць мір і стабільнасць
Што датычыцца яшчэ аднаго кірунку дзейнасці беларускага лідара — умацавання міжнароднага аўтарытэту Беларусі, то пераважная большасць апытаных — 81,2% — ацанілі яе як паспяховую.
«Асноўная маса людзей выдатна разумее, што ад аўтарытэту Рэспублікі Беларусь, аўтарытэту нашага Прэзідэнта залежыць у тым ліку і паспяховасць нашай эканомікі, — сказаў палітолаг. — Гэта нашы сувязі, нашы кантакты».

Вадзім Ялфімаў выказаў упэўненасць, што аўтарытэт нашай краіны будзе ўзрастаць — для гэтага ёсць усе перадумовы. «Наша мірная палітыка ўсім добра вядомая. Гэта аўтарытэт нашай краіны. Мы мірныя людзі, мы мірная краіна, у нас мірны Прэзідэнт. І лічбы гэта адлюстроўваюць», — пракаментаваў ён.
Асобнай увагі заслугоўвае дзейнасць Прэзідэнта па развіцці рэгіёнаў Беларусі.
Яе паспяховасць адзначылі 75,4 % рэспандэнтаў. «Самае галоўнае, што развіццё рэгіёнаў знаходзіцца ў цэнтры ўвагі нашага Прэзідэнта», — падзяліўся меркаваннем палітолаг.
Што датычыцца захавання стабільнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, то 73,5 % апытаных ацанілі дзейнасць кіраўніка дзяржавы па гэтым кірунку як паспяховую. Вадзім Ялфімаў, каментуючы гэтыя лічбы, узгадаў словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што калі будзе эканоміка, значыць, будзе і мір, і стабільнасць.
«У адказе на гэтае пытанне бачыцца і прагматыка беларусаў, і прыхільнасць да высокіх каштоўнасцяў. Пераважная большасць апытаных лічыць, што захаванне стабільнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі вельмі важна, і Прэзідэнт, як заўсёды, паспяховы ў захаванні гэтай стабільнасці», — адзначыў палітолаг.
Захоўваецца высокі ўзровень даверу да дзяржаўных інстытутаў
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Святлана АЛЕЙНІКАВА расказала, што апытанне паказала новы механізм фарміравання даверу рэспандэнтаў да дзяржаўных органаў, дзяржаўных інстытутаў.
«Давер фарміруецца і выяўляецца праз гатоўнасць грамадзян да ўзаемадзеяння з дзяржавай, — адзначыла аналітык. — І давер усё больш цесна звязваецца з вынікамі канкрэтнага ўзаемадзеяння. Давер — гэта асабісты вопыт людзей па ўзаемадзеянні з уладай. І тут вельмі важна адрозненне паміж рэспубліканскім і мясцовым узроўнем даверу, паколькі рэспубліканскую ўладу грамадзянін ацэньвае як інстытут, а мясцовую як асабісты вопыт».
Так, на пытанне «Ці давяраеце вы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь (Ураду)?» станоўча адказалі 74,4 % апытаных.
«Савет Міністраў успрымаецца і як эканамічны штаб, як рэалізатар непасрэднай дзяржаўнай палітыкі, — адзначыла Святлана Алейнікава. — І, што самае галоўнае, людзі ўспрымаюць праз прызму сваіх інтарэсаў, праз пункты якасці жыцця, а іх чатыры асноўныя для людзей — эканоміка, жыллё, медыцына, ЖКГ. Гэта і ёсць прыярытэты і, так бы мовіць, асноўныя акцэнты работы ўрада. Адпаведна, праз гэтую прызму людзі бачаць работу ўрада і ацэньваюць яе вельмі высока. Акрамя таго, яшчэ вельмі важны нюанс — гэта зваротная сувязь. Саветам Міністраў пры распрацоўцы, напрыклад, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця была праведзена карпатлівая праца. Ёй папярэднічала вялікае апытанне, вялікая работа з людзьмі, у тым ліку на платформе „Народная пяцігодка“, дзе людзі масава давалі прапановы, ініцыятывы, якія былі ўлічаныя. Людзі гэта бачаць, і гэта ўплывае на высокія рэйтынгі».
На пытанне «Ці давяраеце вы Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь (парламенту)?» 70,5% апытаных адказалі «так».
Фарміраванне высокага ўзроўню даверу людзей дасягаецца праз ролю і актыўнасць дэпутата, падкрэсліла Святлана Алейнікава.
«А таксама праз сувязь заканадаўства з рэальнымі запытамі і праблемамі грамадзян, — дадала аналітык. — Дэпутат — гэта кропка кантакту грамадзяніна з дзяржавай, а законы, якія прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь (у год каля 70-80), укладваюцца ў логіку паўсядзённага жыцця і інтарэсаў грамадзян, улічваюць змены ў грамадстве. І зноў-такі гэтай працы папярэднічае карпатлівая экспертыза і праекты нарматыўна-прававых актаў, дзе ўлічваюцца вынікі сацыялагічных даследаванняў, меркаванне грамадзян».
Па выніках даследаванняў, на пытанне «Ці давяраеце вы Усебеларускаму народнаму сходу (УНС)?» станоўча адказалі 70,1 % рэспандэнтаў, адказ «не» далі 6,9 % апытаных, 23 % не могуць адказаць.

«Тут мы фіксуем рост даверу, пазітыўную дынаміку, нават у параўнанні з мінулым годам, — адзначыла аналітык. — Грамадзяне бачаць удзел Усебеларускага народнага сходу ў рашэннях, звязаных менавіта са стратэгічным развіццём краіны, са стратэгічнымі мэтамі, доўгатэрміновымі арыенцірамі. Акрамя таго, на ўспрыманне Усебеларускага народнага сходу ўплывае прыняцце ім найважнейшых канцэптуальных дакументаў — Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030-га года. Менавіта таму Усебеларускі народны сход становіцца пунктам злучэння бягучых сацыяльных чаканняў людзей і стратэгічнага гарызонту дзяржавы. Значны рэзерв работы УНС — гэта роля дэлегатаў, павышэнне актыўнасці, прадметнасці працы».
Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь
Адно з пытанняў датычылася таксама самаідэнтыфікацыі беларусаў. На пытанне «Людзі па-рознаму думаюць пра сябе і свае адносіны да краіны і свету. Кім вы адчуваеце сябе ў першую чаргу?» пераважная большасць (а менавіта 81,7 % рэспандэнтаў) адказалі, што адчуваюць сябе грамадзянамі Беларусі. Жыхарамі свайго горада, вёскі або пасёлка назвалі сябе 11,8 % апытаных, грамадзянамі свету — 4,1 %, жыхарамі СНД — 1,2 %, еўрапейцамі — 0,9 %, і толькі 0,3 % не далі адказу.
«Больш за 80 % беларусаў выбралі варыянт адказу, што яны адчуваюць сябе перш за ўсё грамадзянамі Беларусі — суверэннай, незалежнай, свабоднай, дэмакратычнай краіны. Гэта сімвалічна напярэдадні святкавання Дня народнага адзінства. Такая самаідэнтыфікацыя сведчыць аб тым, што перспектыўныя планы, якія мы намячаем, могуць быць паспяхова рэалізаваныя», — падкрэсліў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай МЫСЛІВЕЦ.
Калі грамадзянін так выказвае сваё стаўленне да краіны, гэта гаворыць пра яго матывацыю, зацікаўленасць і ўсведамленне адказнасці. На думку Мікалая Мысліўца, такая грамадзянская і нацыянальна-дзяржаўная ідэнтычнасць у роўнай меры ўласцівая ўсім пакаленням беларусаў:
«Гэта значыць, што мы не проста гаворым аб захаванні гістарычнай памяці, — наша работа па трансляцыі традыцыйных каштоўнасцяў, захаванні вопыту продкаў, фарміраванні пачуцця павагі да сваёй краіны, свайго народа, патрыятычных якасцяў дала вынік».

Гаворачы ў цэлым аб выніках даследавання, Мікалай Мыслівец адзначыў важнасць падобнай інфармацыі ў сучасным свеце, яе вялікае значэнне як каштоўнага рэсурсу зваротнай сувязі:
«Вельмі важна, калі на тых ці іншых узроўнях мы ставім мэты і задачы нашага развіцця, але яшчэ больш важна, калі мы бачым водгук, выражаны ў меркаваннях жыхароў краіны аб іх уцягнутасці ў тыя ці іншыя працэсы. Гэта цікавая інфармацыя для аналізу і безумоўны паказчык эфектыўнасці дзейнасці той палітыкі, якую праводзяць наш Прэзідэнт, органы дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання».

Аміна НАЗАРАВА, Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Аб іншых выніках сацыялагічнага даследавання — у наступным нумары «Звязды».