Top.Mail.Ru

Па старонках цікавых адкрыццяў

07.09.2026 | 09:08

Скарбы нашай памяці складаюцца з мноства жыццёвых падзей, уражанняў, сустрэч, адкрыццяў, якія мы захоўваем гадамі, да іх вяртаемся ў перыяды сталення, у пошуках уласных арыенціраў. Прачытаныя кнігі і назапашаныя адтуль веды — адна з крыніц папаўнення нашага вопыту. І з гэтай нагоды прапаноўваем азнаёміцца з чарговай падборкай кніг Выдавецкага дома «Звязда». У кожным з нашых выданняў вас гарантавана чакаюць адкрыцці.


Дзяцінства непаўторныя імгненні

Кніга «Гульня майго дзяцінства», аўтарам ідэі і ўкладальнікам якой з’яўляецца Ірына Буторына, сабрала пад сваёй вокладкай аповеды пра адзін з непаўторных перыядаў у жыцці кожнага — дзяцінства. Выданне адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Падчас чытання кнігі яны змогуць даведацца шмат цікавых падрабязнасцяў пра атмасферу дзіцячых гадоў сваіх бацькоў і бабуль. А разам з тым знойдуць шэраг ідэй, як можна весела і карысна бавіць час. Праваднікамі чытачоў у гэты чароўны свет сталі беларускія пісьменнікі, дзякуючы чаму мы можам не толькі зазірнуць у іх успаміны дзяцінства, а таксама пазнаёміцца з мастацкімі творамі адпаведнай тэматыкі. «Табурэт да табурэта —/ Атрымалася ракета/... Разабралі табурэты.../ Вось і ўсё!/ Бывай, ракета!» — чытаем у вершы «Касманаўт» Генадзя Аўласенкі. А сама аўтар адзначае: «Гульні дзяцінства — гэта тое светлае і радаснае, што застаецца з чалавекам на ўсё дарослае жыццё, як бы няпроста жыццё гэтае далей ні склалася». Так, разам з вядомымі літаратарамі, сярод якіх таксама Раіса Баравікова, Лёля Багдановіч, Наталля Бучынская, Анатоль Бензярук, Іван Карэнда і іншыя, ёсць нагода не проста даведацца нешта новае, а і паразважаць, у чым перавага гульняў з мінулага, дзе лепш шукаць сяброў і якія набыткі ўсё гэта дае нам у суме.

Адчуць подых цудаў

Кніга Жанны Міус «Чары каляднай крамы» пераносіць нас у вымярэнне чараўніцтва, мараў і цудаў. Тут кожны мастацкі твор — карагод вобразаў, сюжэтаў, у якіх раз-пораз сябе хтосьці магчыма пазнае. У вершах можна паназіраць, як Мяцеліца характар дэманструе, якія прыгоды пражываюць тры сыны матухны-Зімы, пачуць мышкіны казкі і нават праехацца на навагоднім цягніку, дзе «Хвалююцца мары/ ў святле зааконня —/ ім хутка сыходзіць.../ у чыюсьці руку!» Уся кніга пранізана святочным настроем і асаблівай атмасферай. А вось ужо за чытаннем чароўных гісторый у прозе юныя чытачы (выданне адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту) і іх бацькі пазнаёмяцца з Елачкай, якая ўмее размаўляць, даведаюцца, ці патрэбны снегавіку анёл-ахоўнік і пра тое, як людзі побач з намі могуць стаць сапраўднымі чараўнікамі, а галоўнае, што «думкі, як і словы, маюць магічныя ўласцівасці» і «добры сон — найлепшы лекавы сродак у любым узросце».


Вандроўка з каларытам

Чакае вас, калі возьмеце ў рукі кнігу тапанімічных казак Генадзя Аўласенкі «Як Янка пана пакараць змог». У ёй аўтар прапаноўвае чытачам сваю версію даследаванняў тэмы паходжання шэрагу населеных пунктаў Беларусі. Чытаючы творы, сабраныя пад вокладкай гэтай кнігі, чытачы могуць не проста пазнаёміцца з яркімі аповедамі, а таксама пашырыць свае веды па геаграфіі, гісторыі і краязнаўстве. Акрамя гэтага шмат чаму можна навучыцца і ў дзеючых асоб, якія ўмеюць праяўляць сваю вынаходлівасць, кемлівасць у кантэксце самых розных жыццёвых абставін.


Выданне адрасавана дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, аднак, з улікам геаграфіі сабраных у ім гісторый, найперш будзе цікавым і карысным менавіта тым, хто імкнецца даследаваць гісторыю роднага краю і нашай краіны. А бонусам чытачы спасцігнуць важныя пасылы аб тым, як важна мець розум, адданых сяброў і аднадумцаў побач і чаму варта заўсёды адстойваць сваё.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю