У першым тайме гэтай бескампраміснай і напружанай барацьбы ў абедзвюх каманд былі магчымасці для ўзяцця варот, але мяч так і не перасек рысу ні адных, ні другіх варот — 0:0.
— Відавочна, што матч атрымаўся няпросты. Усе разумелі яго важнасць і ажыятаж вакол яго. Усё ж такі аднолькавая колькасць ачкоў у нас з мінскім «Дынама». Гульня атрымалася напружаная, было шмат барацьбы. Можна сказаць, што яна ішла да першай памылкі, якую ніхто не хацеў дапускаць. Крыўдна, што не ўдалося перамагчы, бо пры сваіх трыбунах ужо даўно не ўдавалася забраць тры ачкі. У гэтым мы завінаваціліся перад балельшчыкамі. Вельмі хацелі рэабілітавацца ў гульні з мінскім «Дынама», але, на жаль, маем, што маем — адно ачко, — пракаментаваў паядынак абаронца віцебскіх футбалістаў Кірыл Гоманаў.
У Наваполацку аўтсайдар турніру «Нафтан» пацярпеў буйное паражэнне ад «Мінска» — 0:3. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў Ягор Зубовіч. У Бабруйску «Белшына» прайгравала гродзенскаму «Нёману» з лікам 0:2, але ў канцы гульні здолела здабыць нічыю — 2:2. Футбалісты «Баранавічаў» у сябе дома перамаглі магілёўскі «Днепр» — 2:1. Два заключныя матчы адбыліся 7 верасня: «Іслач» (Мінскі раён) — «Арсенал» (Дзяржынск), «Дынама» (Брэст) — БАТЭ (Барысаў).
Вынікі астатніх гульняў 21-га тура: «Славія» (Мазыр) — «Віцебск» — 3:0, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Гомель» — 1:2.
Становішча ў групе лідараў: «Іслач» — 41 ачко (19 матчаў), «МЛ Віцебск» — 40 (19), «Дынама» — 40 (19), «Гомель» — 36 (21). Турнірную табліцу замыкае «Нафтан», у якога 10 ачкоў, у «Дняпра» 15 заліковых балаў, 16 ачкоў у актыве «Белшыны».