Напярэдадні надыходзячага свята — Дня народнага адзінства, якое наша краіна будзе адзначаць 17 верасня, у рэдакцыі газеты «Звязда» прайшоў круглы стол на тэму «Два дзесяцігоддзі пад бізуном: этнацыд беларускага народа ў міжваеннай Польшчы». Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі беларускай навуковай гістарычнай супольнасці. Вядомыя навукоўцы нагадалі гістарычную падаплёку свята, абмеркавалі становішча беларускага народа пад прыгнётам панскай Польшчы, прааналізавалі факты этнічнага, культурнага, рэлігійнага і моўнага этнацыду беларусаў, эканамічнае рабаванне беларускіх зямель, абгрунтавалі законнасць і непазбежнасць уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, паразважалі аб значэнні свята ў нашы дні.
Ключавой тэмай круглага стала была тэма этнацыду. Пад гэтым тэрмінам сёння разумеюць паступовую культурную і моўную асіміляцыю, знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці таго ці іншага народа. Менавіта гэта і адбывалася з беларусамі ў складзе Польшчы на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў з 1921 па 1939 гады.
Размова атрымалася змястоўная і вельмі цікавая па фактуры. Таму ў публікацыі мы вырашылі адысці ад традыцыйнай формы круглага стала — гісторыкі не дыскутавалі, а грунтоўна і аргументавана выкладалі вынікі сваіх даследаванняў. Даючы слова кожнаму асобна, мы мяркуем, што такім чынам складзецца найбольш поўная карціна таго, што адбывалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі «за польскім часам», і дакладнае ўсведамленне, наколькі важнай была дата 17 верасня 1939 года для нашага народа.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ як навуковец тэмай займаецца не першы год і «па палічках» раскладвае тое, што адбывалася ў міжваенны перыяд, і развенчвае міфы, якія нашы апаненты спрабуюць скарміць недасведчанай публіцы.
Як з беларусаў рабілі палякаў
— Па выніках Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе фактычна амаль палова насельніцтва Беларусі змушаная была пражываць у польскай дзяржаве. Прычым вырашана гэта было сілай зброі. Пры гэтым асобны артыкул Рыжскага міру спецыяльна прадугледжваў права беларусаў і ўкраінцаў на самастойнае нацыянальна-культурнае развіццё ў складзе польскай дзяржавы. І Версальскі дагавор па выніках Першай сусветнай вайны таксама прадугледжваў у адносінах да Польшчы, што яна брала на сябе абавязацельства забяспечыць правы нацыянальных меншасцяў на сваёй тэрыторыі.
Нагадаю, што ў міжваеннай Польшчы этнічныя палякі складалі каля 65 % насельніцтва, гэта значыць, больш за трэць насельніцтва была прадстаўлена іншымі народамі і нацыянальнасцямі. Калі мы гаворым пра Заходнюю Беларусь, то тут большасць насельніцтва складалі менавіта беларусы. Больш за тое, у самой канстытуцыі міжваеннай Польскай Рэспублікі былі запісаныя гарантыі правоў нацыянальных меншасцяў, але ўсё гэта было толькі на паперы, на жаль.

Тое, што адбывалася па факце ў Польшчы, — гэта, вядома ж, адкрытая палітыка паланізацыі. Нагадаю выказванні міністра юстыцыі Польскай Рэспублікі Аляксандра Мейштавіча (з 1926 па 1928 год), які прамым тэкстам казаў: «Беларусь самой гісторыяй прызначана быць мостам для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі; мы павінны гэтаму садзейнічаць!» Заўважце, гэта міністр юстыцыі, які адказвае за выкананне заканадаўства ў дзяржаве! І мы ведаем, што заканадаўства абвяшчала фармальна, але, тым не менш, фактычна польскія кіруючыя эліты беларусаў нават за народ не лічылі, называлі нас «беларуская этнаграфічная маса» і паслядоўна праводзілі палітыку этнацыду.
Найперш, вядома ж, ключавое значэнне мае сістэма адукацыі. Палітыка паланізацыі, асіміляцыя мела на ўвазе такія рэчы, як арганізацыю навучання на той мове, таго народа, які павінен асіміляваць іншыя. Таму няўхільна, з самога пачатку, яшчэ нават у перыяд польска-савецкай вайны, пайшоў працэс паланізацыі, паступовага закрыцця беларускіх школ. Далей ён рухаўся толькі па нарастальнай.
Таксама важнае значэнне мела і палітыка ў канфесійнай сферы. У Польшчы панаваў тэзіс, што калі каталік — значыць, паляк (хоць і беларус мог быць каталіком). Адносна праваслаўнай царквы на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскія ўлады спачатку ўзялі курс на стварэнне польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, дабіліся гэтага, стварылі, а ўжо з 30-х гадоў пачалі працэс паланізацыі богаслужэння праваслаўных цэркваў, перавод яго на польскую мову. Захавалася маса інструкцый, якія выдавалі ваяводы (мясцовыя кіраўнікі) на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў адносінах да праваслаўных канфесійных устаноў: патрабуецца чытаць пропаведзі на польскай мове, у метрычных кнігах запісы рабіць на польскай мове, уносячы імёны ў польскай транскрыпцыі, каб яны не гучалі так, як было прынята ў нас, беларусаў.
Карная палітыка: паміж канцлагерам і асіміляцыяй
Адначасова польскія ўлады імкнуліся задушыць і нацыянальны беларускі рух, у прыватнасці, перыядычна пераследаваліся беларускія нацыянальныя арганізацыі, якія існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Перш за ўсё пераследаваліся і былі забароненыя, фактычна функцыянавалі нелегальна Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Камсамол Заходняй Беларусі.
Тыя людзі, хто выступаў супраць палітыкі, якая ажыццяўлялася ўладамі, заключаліся ў турмы. Апагеем стаў 1934 год, калі быў створаны канцлагер «Бяроза-Картузская», у які мясцовыя ўлады па сваім меркаванні, без рашэння суда і следства, маглі змяшчаць таго, хто не спадабаўся, напрыклад, старасту. Мясцовае кіраўніцтва проста звярталася ў паліцыю, што вось такога і такога трэба накіраваць на перавыхаванне ў канцлагер. Лагер «Бяроза-Картузская» ў першую чаргу, вядома ж, быў скіраваны на тое, каб духоўна зламаць чалавека, які выступае супраць палітыкі паланізацыі польскіх улад.
Адзначу той факт, што турэмшчыкі з гэтага канцлагера перыядычна праходзілі стажыроўку ў нацысцкіх канцлагерах гітлераўскай Германіі. Аб гэтым нашы заходнія суседзі не любяць успамінаць, бо Польшча стала фактычна другой дзяржавай у свеце, якая прызнала нацысцкі Рэйх. Калі Гітлер прыйшоў да ўлады ў Германіі, ён жа не хаваў, а аб'явіў адразу, што ўстанаўлівае Германскую імперыю, але толькі на нацысцкай аснове. І другой дзяржавай у свеце, якая прызнала гэта, была Польшча! У 1934 годзе палякі заключылі дагавор аб ненападзе з Германіяй, і, зноў жа, што яны не любяць прызнаваць, — да гэтага дагавору меўся сакрэтны пратакол, па якім яны паўдзельнічалі ў раздзеле Чэхаславакіі ў 1938 годзе! Гэтыя рэчы таксама добра вядомыя, пра іх не трэба забывацца. Таму цалкам заканамерна, што турэмшчыкі «Бярозы-Картузскай» пераймалі перадавы вопыт у нацысцкіх турэмшчыкаў з канцлагераў нацысцкай Германіі.
Праз гэты канцлагер, па няпоўных падліках, прайшло не менш за дзесяць тысяч чалавек. Афіцыйна ў гэты лагер чалавек павінен быў змяшчацца не больш як на два тыдні, але гэта было толькі фармальна. Хапала прыкладаў, калі значна большы час людзі там утрымліваліся. У свой час адзін з камендантаў гэтага лагера заяўляў вязням, што ў іх ёсць толькі два выхады з гэтага канцлагера: альбо ў шпіталь, альбо на могілкі. Страшныя рэчы, якія там рабіліся са зняволенымі, каб духоўна зламаць чалавека, вядомыя, дакументы і ўспаміны апублікаваныя.
Чаму не ўдалася паланізацыя?
Але, нягледзячы на мэтанакіраваную палітыку паланізацыі, якая праводзілася з 1920-х гадоў і потым, у перыяд дыктатуры Пілсудскага, рэжыму санацыі, нягледзячы на маштабны ціск з розных бакоў у плане паланізацыі, зрабіць беларусаў палякамі не ўдалося. У канцы 1930-х гадоў адбылася закрытая нарада ваяводстваў, якія ахоплівалі Беларусь (Віленскае, Навагрудскае, Палескае), на якой абмяркоўвалася, што, на жаль, сацыялагічныя даследаванні паказалі: нават у Віленскім ваяводстве, дзе большую частку насельніцтва складалі каталікі, далёка яшчэ не ўсе лічаць сябе палякамі, не кажучы ўжо пра іншыя ваяводствы. Механізм паланізацыі не даваў чаканых хуткіх вынікаў, на якія разлічвалі. На нарадзе быў прапанаваны варыянт, як паскорыць працэс асіміляцыі мясцовага беларускага насельніцтва. Была ўнесена прапанова ажыццявіць дысперснае перасяленне беларускага насельніцтва з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў карэнныя ваяводствы Польшчы, гэта значыць рассеяць сярод польскага насельніцтва, каб паскорыць працэс асіміляцыі. Дзякуй богу, рэалізаваць гэта ў польскіх улад не атрымалася.

Чаму паланізацыя не давала такога чаканага для польскіх улад выніку? Ды таму, што наш народ на тэрыторыі Заходняй Беларусі не страчваў духу адзінства! Людзі разумелі, што ў іх ёсць агульная мова, культура, яны традыцый сваіх прытрымліваліся — і дух народа не быў зламаны.
Больш за тое, адзначу, што ў першай палове 1920-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі развіваўся партызанскі рух супраць польскіх улад. Арганізатарамі выступалі, з аднаго боку, беларускія эсэры, а з другога боку — камуністы. Таксама ў другой палове 1920-х гадоў вялася парламенцкая барацьба. Можна ўзгадаць і самую масавую палітычную арганізацыю ў гісторыі Заходняй Беларусі — гэта Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая налічвала каля 120 тысяч сяброў. Яе прадстаўнікі бралі ўдзел у працы польскага Сейма.
Польскія ўлады былі настолькі напалоханыя дзейнасцю БСРГ, што пайшлі на ліквідацыю і разгон гэтай арганізацыі, арышт паслоў і дэпутатаў Сейма, на чале з Браніславам Тарашкевічам. Арганізацыя была разгромлена, ліквідавана польскімі ўладамі. Але ўсё роўна барацьба працягвалася, КПЗБ і камсамол, іншыя беларускія нацыянальныя арганізацыі таксама імкнуліся весці сваю дзейнасць.
Акт гістарычнай справядлівасці
Тое, што адбылося ўвосень 1939 года, было з боку савецкага кіраўніцтва арганізавана разумна, узважана, прадумана. Загад аб пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі на Заходнюю Беларусь і Украіну быў агучаны толькі 16 верасня, а сам паход пачаўся 17 верасня. Да 16 верасня польскі ўрад ужо фактычна збег з краіны ў Румынію, хаця яшчэ Варшава не была ўзятая немцамі, пакінуўшы сваю дзяржаву на волю лёсу. Таму абсалютна правільна гаварылася ў гэтым загадзе і ў ноце, якую ўручылі польскаму паслу савецкія ўлады, аб тым, што фактычна польская дзяржава спыніла сваё існаванне і Савецкі Саюз бярэ пад абарону беларусаў і ўкраінцаў, якія жылі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Пры гэтым часцям Чырвонай Арміі забаранялася абстрэльваць з артылерыі і бамбіць населеныя пункты.
Факты і лічбы, якія нам добра вядомыя, гавораць аб тым, што нейкага масавага супраціўлення, сутыкнення з польскімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў часцей Чырвонай Арміі не было. Па падліках саміх польскіх гісторыкаў (а ўжо яны палічылі ўсё, што можна), было зафіксавана каля 40 сутычак на граніцы. Ну зразумела, калі пагранічнік ахоўвае граніцу, ён не чакае загаду, што яму рабіць, і, калі бачыць, што граніца парушаецца, — ён будзе супрацьдзейнічаць. Вось 40 сутычак на граніцы і былі зафіксаваныя. Пад Кобрынам, Гроднам, Вільняй і Беластокам адбыліся найбольш буйныя баі, але, тым не менш, маштабнага супраціву не назіралася.
Хацелася б выказацца і адносна міфаў, якія спрабуюць нам з боку Польшчы, з боку калектыўнага захаду ўкласці ў галаву. Адзін з міфаў гаворыць аб тым, што нібыта на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскія ўлады збіралі магутны ваенны кулак, каб нанесці ўдар па вермахце і адкінуць Германскія войскі ад Варшавы. Насамрэч на тэрыторыі Заходняй Беларусі знаходзілася каля 45 тысяч польскіх салдат і афіцэраў, прычым пераважная большасць іх былі проста мабілізаваныя, яны нават яшчэ па частках не былі размеркаваныя і зброю нават не атрымалі. Проста мабілізавалі людзей, сабралі ў адным месцы, і яны чакалі далейшага свайго лёсу. Таму тыя страты, якія панесла Чырвоная Армія, вызваляючы Заходнюю Беларусь, таксама мінімальныя — ад 737 да 1475 (па розных дадзеных) загінулых і зніклых без вестак. Улічваючы, што ўвесь Заходні фронт складаў больш за дзвесце тысяч чырвонаармейцаў, гэта, вядома ж, мінімальныя страты і якраз вынік тых невялікіх сутыкненняў, якія адбываліся. А большасць насельніцтва ўспрымала прыход Чырвонай Арміі як вызваленне ад польскага прыгнёту.
А тут усе, хто пражываў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, хто дасягнуў 18-гадовага ўзросту, атрымлівалі магчымасць прыйсці на выбарчыя ўчасткі, выбраць свайго дэлегата на Народны сход. І для многіх, а можа нават і для большасці насельніцтва Заходняй Беларусі, гэта было ўпершыню ў іх жыцці, калі іх спыталі, калі іх голас спатрэбіўся для таго, каб вызначыць далейшы лёс краю!

Увогуле выбары былі вельмі дэмакратычныя. Напрыклад, у дзвюх выбарчых акругах на захадзе, у Беласточчыне, дзе пераважала польскае насельніцтва, выбары не адбыліся. Калі б, як нам спрабуюць расказаць яшчэ адзін міф, нехта там нешта падладжваў, падрабляў, — ці былі б такія факты?
Выбраныя былі дэлегаты на Народны сход Заходняй Беларусі, які сабраўся ў Беластоку. Нацыянальны склад выбраных дэлегатаў адлюстроўваў сітуацыю, там былі не толькі беларусы, якія, вядома, складалі большасць, але было 127 палякаў, а таксама рускія, яўрэі, украінцы, гэта значыць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія пражывалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
І заўважце, што Народным сходам Заходняй Беларусі аднагалосна прызнаецца савецкая ўлада, і ён аднагалосна звяртаецца да ўрада Савецкага Саюза з просьбай уключыць Заходнюю Беларусь у склад БССР. Задумайцеся: нават палякі, 127 палякаў, галасавалі за ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР. Чаму? Ды ўся справа ў тым, што польская міжваенная дзяржава не была сацыяльна справядлівай. Хоць і абвешчана было, што Польшча для палякаў, але варта дадаць нюанс: Польшча — для багатых палякаў. Хапала і сярод польскага насельніцтва людзей бяздольных, незадаволеных існуючай уладай, таму і вынікі вось такія былі атрыманы. Дарэчы, менавіта тады ў Беластоку, 30 кастрычніка 1939 года, было прынятае рашэнне адзначаць 17-га верасня як Дзень вызвалення Заходняй Беларусі ад прыгнёту польскіх паноў, і гэта было зафіксавана. Гадавіну таксама ўрачыста адзначылі ў 1940 годзе, а далей, на жаль, была Вялікая Айчынная вайна. Таму наступныя маштабныя святкаванні ўжо прайшлі толькі ў 1949 годзе, калі адзначылі дзесяцігоддзе ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
Адзінства — ключавы элемент дзяржаўнасці
Яшчэ раз падкрэслю: для нас, беларусаў, 17 верасня спраўдзіўся акт гістарычнай справядлівасці, і нам абсалютна няма чаго саромецца тых падзей, якія адбыліся восенню 1939 года. І абсалютна правільна зрабілі, калі ўказам Прэзідэнта ў 2021 годзе гэтае свята было адноўлена як Дзень народнага адзінства. І назва гэтага свята якраз робіць яго адным з самых вызначальных і для дзяржавы, і для народа.
Чаму нашым продкам праз стагоддзі ўдалося выстаяць на гэтым геапалітычным скрыжаванні? Ды найперш таму, што яны былі адзінымі ў сваім імкненні жыць на гэтай зямлі, і жыць так, як яны лічаць патрэбным. А гэта, калі казаць простай мовай, і ёсць паняцце суверэнітэту: самім вырашаць, як нам жыць і развівацца. Таму той суверэнітэт, які ёсць у нас на сённяшні дзень, ён фактычна выпакутаваны крывёю нашых продкаў на працягу стагоддзяў! Так, у развіцці нашага народа і нашай дзяржаўнасці, у ідэалогіі беларускай дзяржавы ключавы элемент — адзінства!
Дзякуючы адзінству, дасягнутаму 17 верасня 1939 года, мы перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У 2020 годзе мы ўспомнілі аб адзінстве і згуртаваліся вакол нашага Прэзідэнта, і разам з ім рухаемся па шляху суверэннага развіцця, не разбураючы, не знішчаючы тое, што было, а ствараючы і ўдасканальваючы.
Мы з вамі па-ранейшаму жывём на геапалітычным скрыжаванні, але ў нас дзякуючы адзінству з'явіліся вось гэтыя 80 гадоў мірнага жыцця. І гэта адзінства не павінна страчвацца, таму што гісторыя пераканаўча паказвае, што як толькі яно аслабляецца, як толькі адбываецца раскол у грамадстве, якое-небудзь супрацьстаянне, то адразу ж гэта сумна заканчваецца. Пра гэта мы не павінны забывацца, бо ў нашай гісторыі былі перыяды, калі, на жаль, наш народ па-жывому быў падзелены.
Падрыхтаваў Аляксей Бяляеў