Канстанцін Царык трэцяе лета запар вандруе на ровары. Аб гэтым ён марыў шмат гадоў, аднак далей за родны Бабруйск не катаўся. Але два гады таму магчымасць з’явілася — Канстанцін выйшаў на пенсію. Такім чынам, у 49 гадоў пенсіянер МУС адправіўся ў першае вялікае падарожжа па роднай краіне.
Пазамінулы і мінулы год Канстанцін прысвяціў падарожжам па ўсіх 118 раёнах Беларусі. Вандроўка ў 2024 годзе заняла паўтара месяца, а ў 2025-м — усё лета цалкам. Увогуле за гэты час ён наматаў больш за 10 тысяч кіламетраў.
Маршрут самай першай паездкі пралягаў па «Архітэктурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь» — менавіта пад такой назвай Нацыянальны банк выпусціў пяць набораў па шэсць двухрублёвых манет. Канстанцін нанёс на карту ўсе 30 манет, і такім чынам атрымаўся цікавы маршрут.
— А потым дачка ўручыла мне ў падарунак скрэтч-карту Беларусі, на якой пазначаны ўсе раёны, — успамінае Канстанцін. — Пабываў у адным — сцірай, як у імгненнай латарэі. Калі ездзіў «па манетах» у 2024 годзе, наведаў 50 райцэнтраў, а летась абкатаў астатнія 68. Менавіта тады я даведаўся пра існаванне «Пашпарта вандроўніка» — спецыяльнага турыстычнага пашпарта, дзе сабраны 65 найлепшых славутасцяў Беларусі. З гэтага спіса я ўжо «пакарыў» 56 лакацый. Галоўной задачай сёлета стала даехаць да астатніх кропак і цалкам завяршыць гэты квэст.

На сёлетні веласезон бабруйчанін выдзеліў сабе амаль два месяцы — больш не можа, бо хоць і на пенсіі, але зноў працуе. Кіраўніцтва нават пайшло насустрач і, апроч асноўнага водпуску, дало яшчэ адзін — за свой кошт.
Нават для доўгай паездкі зусім не трэба купляць дарагі веласіпед, падыдзе і самы звычайны, галоўнае — быць упэўненым, што ён не падвядзе, раіць Канстанцін:
— З сабой у дарогу трэба ўзяць спецыяльную палатку, веласумкі, невялікі набор посуду і газавую плітку. Яшчэ неабходны паўэрбанк і сонечная панэль, набор прылад для рамонту ровара, мультытул і помпа. Не лішнімі будуць пухавы цёплы спальнік і трымер, каб галіць бараду.
Падарожнічае бабруйчанін у адзіночку, начуе у палатцы, у рэдкіх выпадках спыняецца ў гасцініцах ці ў знаёмых. На свежым паветры і спіцца зусім інакш — моцна, глыбока. Ежу рыхтуе на газавай гарэлцы, пры магчымасці нядорага абедае ў мясцовых кафэ.
Самае цікавае, што катацца на веласіпедзе Канстанцін навучыўся даволі позна:
— У дачкі быў раскладны ровар, я неяк зірнуў на яго і падумаў: «Мне сорак гадоў. Калі, як не зараз?!» Паспрабаваў сесці ў сядло — і мяне літаральна накрыла азартам. Зразумеў, што гэта любоў з першай пракруткі педаляў.
Веласіпед — самы бюджэтны спосаб падарожнічаць. Да таго ж ён дае выдатную магчымасць не глядзець на хутка мільгаючыя карцінкі з акна машыны, а спакойна любавацца навакольнай прыгажосцю. А яшчэ ровар — выдатны трэнажор цягавітасці.

— Перш чым адправіцца ў дарогу, я перагледзеў блогі розных вандроўнікаў і шмат відэаінструкцый па бяспецы, — адзначае Канстанцін. — Цяпер дакладна прытрымліваюся правілаў. Напрыклад, у райцэнтрах для начлегу часта выбіраю гарадскія пляжы — яны, як правіла, знаходзяцца пад прыцэлам камер відэаназірання. Спярша я заўсёды падыходжу да супрацоўнікаў АСВОДа: пытаю, дзе дазволена паставіць палатку, і яны ахвотна паказваюць бяспечнае месца.
Зараз Канстанцін вядзе блог аб сваіх паездках, транслюе ў ім самыя цікавыя моманты. Ад аўдыторыі ўжо паступаюць і запрашэнні ў госці: пераначаваць, на шашлык заехаць, у лазні памыцца. Але і многія іншыя людзі, якія проста сустракаюцца ў дарозе, ставяцца да падарожніка з цеплынёй. Сустракаюць добра, шчыра, па-беларуску.
У Беларусі вельмі шмат прыгожых месцаў, пра існаванне якіх большасць з нас нават не падазрае, упэўнены Канстанцін:
— Неабавязкова шукаць нешта за мяжой, калі можна правесці водпуск дома: дакрануцца да гісторыі старажытных замкаў і храмаў, пажыць на маляўнічай базе адпачынку. Але галоўнае наша багацце — людзі.
У нас цудоўны спагадлівы народ і абсалютная бяспека.

І, гледзячы на тое, з якім азартам Канстанцін лічыць кропкі ў сваім турыстычным пашпарце, разумееш: гэты фініш абавязкова стане пачаткам новага, яшчэ больш маштабнага маршруту.
Марыя КАЛІНА
Фота з архіва Канстанціна ЦАРЫКА