«Мы не страчваем з вамі гэту тэму нашых адносін»
Вітаючы дэлегацыю Архангельскай вобласці ў нашай краіне, Прэзідэнт звярнуў увагу на добрыя традыцыі, якія звязваюць беларусаў і архангельцаў. Найперш яны заснаваны на агульным гістарычным мінулым.
«У гады Вялікай Айчыннай вайны многія архангельцы абаранялі Беларусь, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ды і мы ўбаку не былі, абараняючы вялікую краіну. Вы ведаеце, што Беларусь у гэтай жорсткай вайне панесла каласальныя страты. І не толькі эканамічныя, але і чалавечыя страты. Таму мы не губляем з вамі гэту тэму нашых адносін. І гэта вельмі важна. Асабліва цяпер, у сілу пэўных прычын».
«Адпаведныя шляхі трэба шукаць»
Гаворачы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Архангельскай вобласці, Прэзідэнт звярнуў увагу на паніжэнне планкі ў гандлі.
«Але ўсё ў нашых сілах, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе тое, што сітуацыю можна паправіць у лепшы бок. — Мы мелі тавараабарот прыкладна ў тры разы вышэйшы, чым цяпер. Таму трэба яго аднаўляць. І адпаведныя шляхі трэба шукаць. І нам у тым ліку, а не чакаць за дзвярамі або за плотам, што да нас хтосьці прыедзе і прапануе пэўныя варыянты».
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок будзе шукаць кірункі ўзаемадзеяння з Архангельскай вобласцю. Аднак і гэты расійскі рэгіён, перакананы Прэзідэнт, таксама прыкладзе для гэтага свае намаганні.
«Калі нешта трэба з майго боку, Прэзідэнта Расіі і ўрада, мы хутка гэта ўзгоднім, — канстатаваў беларускі лідар. — Але трэба знайсці ўзаемапрымальныя інтарэсы, каб выйсці хаця б на той узровень (тавараабароту. — „Зв.“), які ў нас калісьці быў».
Што датычыцца кірункаў супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яны архангельцам добра вядомыя. «Ведаеце магчымасці Беларусі, — канстатаваў ён. — На шчасце-няшчасце, нашы магчымасці ў апошні час узраслі ў кірунку Расіі. Нам сёння даводзіцца разам з вамі быць на фронце. Таму значэнне Беларусі ў сувязі з тымі падзеямі, якія адбываюцца вакол нас, узрастае».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь ведае сваю ролю ў гэтым свеце. «І паспяховасць гэтай ролі будзе залежаць ад таго, якія ў нас будуць адносіны з Расійскай Федэрацыяй, — удакладніў ён. — Пакуль усё ідзе нармальна. Нам удаецца тут і папярэджваць, і стрымліваць нашых патэнцыйных праціўнікаў, скажам так. Не ворагаў пакуль, а праціўнікаў. Яны разумеюць, што мы не спім тут. А калі і спім, то бачым тое, што мы павінны бачыць».
Ад паставак кар’ернай тэхнікі да замены ліфтаў
Гаворачы аб перспектывах узаемадзеяння ў эканоміцы, Прэзідэнт звярнуў увагу на падабенства нашай краіны з Архангельскай вобласцю ў прыродным плане. Як і ў Беларусі, так і ў гэтым расійскім рэгіёне значную частку тэрыторыі займаюць лясы. Па словах кіраўніка дзяржавы, такая асаблівасць патрабуе пастаянных работ па лесанарыхтоўцы і лесааднаўленні. У сувязі з гэтым, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, яшчэ ў савецкія часы ў Беларусі вымушаны былі вырабляць тэхніку, неабходную для работы ў лесе. Невыпадкова для гэтых мэт быў створаны спецыялізаваны холдынг — ААТ «АМКАДОР», які сёння з’яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў краіны.
«У гэтым кірунку мы можам з вамі паспяхова супрацоўнічаць, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Мы выпрабоўваем у вас перш за ўсё, калі гэта датычыцца Расіі, новыя ўзоры сваёй тэхнікі. І сёння гэта тэхніка праходзіць выпрабаванні ў вас. Я ўпэўнены, што гэта будуць паспяховыя выпрабаванні».

Эфектыўным кірункам супрацоўніцтва Беларусі і Архангельскай вобласці, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, можа стаць і горназдабываючая прамысловасць. Тым больш, што расійская група па здабычы алмазаў «Алроса», дзейнасць якой у тым ліку сканцэнтравана ў Архангельскай вобласці, выкарыстоўвае кар’ерныя самазвалы «БелАЗ».
«Сёння так званы штучны інтэлект і робаты прыйшлі вельмі шырока ў любой краіне па тых ці іншых кірунках, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму мы паставілі вам рабатызаваныя комплексы „БелАЗа“, якія таксама праходзяць выпрабаванні ў вас. Упэўнены, што яны сябе зарэкамендуюць, бо мы іх бачылі ў рабоце ў Беларусі».
Агучыўшы два буйныя кірункі, у якіх Беларусь і гэты расійскі рэгіён могуць развіваць супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу архангельцаў і на іншыя вектары ўзаемадзеяння. У прыватнасці, размова зайшла аб пастаўках пасажырскай тэхнікі з Беларусі.
Па словах Прэзідэнта, у Архангельскай вобласці працуе нямала пасажырскай тэхнікі, вырабленай у нашай краіне, у тым ліку вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. «Нядаўна пабудавалі новы завод для вытворчасці пасажырскай тэхнікі, — праінфармаваў ён губернатара. — У гэтым кірунку мы гатовы з вамі супрацоўнічаць».
Вельмі важным кірункам узаемадзеяння, які мае асаблівае значэнне для людзей, беларускі лідар назваў вытворчасць ліфтаў для новабудоўляў і замену ліфтаў. «Нямала ў вас дамоў, пабудаваных у савецкі перыяд, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Там, у асноўным, ліфты, якія вырабляліся ў Магілёве. Мы нямала выпускаем гэтага дабра. Калі трэба будзе, паглядзіце. Мы гатовы з вамі ў гэтым кірунку працаваць».
«Самае лепшае, смачнае і якаснае харчаванне — у Беларусі»
Беларускі лідар звярнуў увагу на геаграфічнае размяшчэнне гэтага рэгіёна Расіі і, адпаведна, важнасць яшчэ аднаго кірунку супрацоўніцтва, па якім беларусы могуць падставіць плячо Архангельскай вобласці.
«Архангельск — поўнач, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Няпроста ў вас там працаваць з сельскай гаспадаркай, вырабляць неабходнае харчаванне. Калі ў пэўнай ступені мы будзем вам карысныя — калі ласка. Самае лепшае, смачнае і якаснае харчаванне (не таму, што яно беларускае — гэта агульнапрызнана) — у Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на мінулым тыдні Беларусь з афіцыйным візітам наведваў лідар М’янмы. У ліпені кіраўнік дзяржавы з афіцыйным візітам знаходзіўся ў Інданезіі.
«Яны ўвогуле здзіўлены тым узроўнем вытворчасці прадуктаў харчавання, ды і адзення, лёгкай прамысловасці, які мы захавалі яшчэ з савецкіх часоў і значна мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы, — канстатаваў Прэзідэнт. — Паглядзіце таксама. Калі вам будзе прымальна, мы гатовы ў гэтым кірунку з вамі працаваць».
Беларускі бок таксама гатовы ўзаемадзейнічаць з Архангельскай вобласцю ў сферы энергетыкі, водаачысткі, па іншых кірунках. «Усё гэта ў нас захавана з савецкіх часоў, усё гэта ў нас ёсць», — заўважыў ён.
«З расіянамі ў нас вельмі добрыя адносіны па ўсіх кірунках»
Абмяркоўвалася супрацоўніцтва і ў сферы ваенна-прамысловага комплексу. Нават нягледзячы на тое, што ў Расійскай Федэрацыі гэты кірунак дастаткова развіты.
«Мы многае навучыліся рабіць самі з дапамогай Расіі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Калісьці мы пачыналі з расіянамі. Сёння мы вырабляем дастаткова для патрэб ВПК. Арктычная зона сёння — зона сутыкненняў інтарэсаў, і вам давядзецца гэтым займацца».
Дзякуючы расіянам, па словах Прэзідэнта, Беларусь асвойвае і новыя кірункі супрацоўніцтва. У якасці прыкладу ён прывёў самалётабудаванне. Самалёты «Асвей», вытворчасць якіх ажыццяўляецца ў нашай краіне, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, будуць патрэбны і ў Архангельскай вобласці.
«Касмічную прастору мы разам даўно асвоілі, — канстатаваў беларускі лідар. — Шмат нашых спадарожнікаў сёння на арбіце лятае. Асноўнае наша абсталяванне, платформа расійская — выводзім спадарожнік на арбіту. Сёння гэта вельмі запатрабавана, і спецыяльная ваенная аперацыя паказала, што Расіі без гэтага не абысціся. Мы ў гэтым кірунку сур’ёзна працуем. З расіянамі ў нас вельмі добрыя адносіны па ўсіх кірунках».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, многія краіны гатовы працаваць з Беларуссю ў галіне адукацыі і навукі. «Калі Архангельскай вобласці гэта будзе цікава, мы гатовы падставіць сваё плячо, — запэўніў Прэзідэнт. — Адукацыя ў нас, я лічу, на постсавецкай прасторы самая лепшая, бо мы не адкінулі стары вопыт, а вырасталі з таго, што нам дасталося. У Савецкім Саюзе, вы ведаеце, узровень адукацыі быў найвышэйшы. Я лічу, што наўрад ці хтосьці ў свеце такога ўзроўню дасягнуў».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Архангельскай вобласцю па ўсіх кірунках. «Давайце абмяркуем і, калі гэта магчыма, мы прымем рашэнне і будзем выконваць нашы інтарэсы, агульныя інтарэсы — Беларусі і Расіі», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Цікавасць да беларускай прадукцыі вялізная»
Губернатар Архангельскай вобласці Аляксандр Цыбульскі выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за глыбокае веданне ў дэталях усіх кірункаў узаемадзеяння Беларусі з Архангельскай вобласцю. Па яго словах, супрацоўніцтва гэтага расійскага рэгіёна з нашай краінай застаецца адным з прыярытэтных.
Аляксандр Цыбульскі ўдакладніў, што Беларусь уваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў вобласці. Расійскі госць пагадзіўся з беларускім лідарам наконт развіцця таго патэнцыялу ўзаемнага гандлю, які ёсць, але не выкарыстоўваецца на 100 %. Ён узгадаў аб сустрэчы ў 2024-м і дамоўленасці, звязанай з павелічэннем тавараабароту. «Быў невялікі адкат, але я глыбока перакананы, што яго (тавараабарот. — „Зв.“) дакладна ўдасца аднавіць», — упэўнены губернатар.
Па словах кіраўніка Архангельскай вобласці, паспяхова развіваюцца не толькі гандлёва-эканамічныя сувязі паміж расійскім рэгіёнам і Беларуссю, але і актыўна сталі развівацца міжмуніцыпальныя ўзаемадзеянні. У прыватнасці, плануецца падпісаць шэраг дамоўленасцяў, у тым ліку з Акадэміяй навук. Ёсць вялікія кампетэнцыі па перапрацоўцы торфу. Аляксандр Цыбульскі ўказаў на важнасць сумеснай перапрацоўкі гэтай сыравіны, каб большую частку дабаўленай вартасці пакідаць на сумесных прадпрыемствах.
Губернатар адзначыў высокую якасць беларускай прадукцыі (найперш харчовай) і расказаў пра вялікі попыт на яе ў расіян. «Літаральна тыдзень таму адкрылі дзясятую, юбілейную, краму „Беларуская вёска“, — канкрэтызаваў ён. — Адкрылі ў добрым месцы, у цэнтры горада. Першы тыдзень гандлю паказвае, што цікавасць да беларускай прадукцыі вялізная: фактычна скупілі ўсё, што прывезлі на склад. Будзем абавязкова знаходзіць магчымасці адкрыць аналагічную краму яшчэ ў двух-трох нашых гарадах».
Акрамя таго, Аляксандр Цыбульскі выказаў зацікаўленасць у эксплуатацыі на тэрыторыі Архангельскай вобласці беларускай тэхнікі.
Вераніка КАНЮТА, Надзея ЗУЕВА
Фота БелТА

Даслоўна
«Тут мы бачым вялікія перспектывы»
Як адзначыў у размове з журналістамі губернатар Архангельскай вобласці Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ, падчас сустрэчы з беларускім лідарам абмяркоўваліся некалькі важных ініцыятыў. Адна з іх — магчымасць кааперацыі ў вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі. «Ёсць кампетэнцыі з беларускага боку, Архангельскай вобласці, — паведаміў Аляксандр Цыбульскі. — У вобласці ў канцы мінулага года запушчана вытворчасць харвестарных галовак — гэта складаная састаўная частка лесанарыхтоўчай машыны. І тут мы бачым добрую перспектыву ва ўзаемадзеянні з кампаніяй «АМКАДОР».
Губернатар выказаў меркаванне аб магчымасці адыходу ад залежнасці кітайскай тэхнікі, якая сёння трапляе на рынак, і, галоўнае, — ад неабходнасці пераплачваць за тую тэхніку, якая трапіла пад санкцыі недружалюбных краін. «Гэты кірунак да канца года Прэзідэнт даў даручэнне прапрацаваць», — канкрэтызаваў ён.
Па словах кіраўніка расійскага рэгіёна, падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі была абмеркавана магчымасць выкарыстання лагістычных маршрутаў праз паўночныя парты, у прыватнасці, архангельскі. «Тут мы бачым вялікія перспектывы, — адзначыў Аляксандр Цыбульскі. — Ёсць магчымасць перавалкі да 5 мільёнаў тон грузаў і далей накіроўваць іх на Усход».
Асобна падчас перагавораў зайшла размова аб праекце, звязаным з будаўніцтвам глыбакаводнага марскога порта. «Тут таксама з беларускім бокам мы можам ўзаемадзейнічаць: вызначыць асобныя ўчасткі, якія маглі б выкарыстоўвацца для перавалкі грузаў з Беларусі», — удакладніў кіраўнік рэгіёна.
Па словах губернатара Архангельскай вобласці, падчас сустрэчы з беларускім лідарам таксама разглядалася пытанне, звязанае з чыгуначнымі тарыфамі, вялася гаворка і аб аднаўленні прамых авіяцыйных зносін паміж Архангельскам і Мінскам.
«У нас перспектывы адкрываюцца ў новым ключы — Архангельскі авіяцыйны атрад (буйное прадпрыемства на паўночным захадзе Расіі, якое базіруецца ў аэрапорце Васькова пад Архангельскам. — „Зв.“) становіцца першым эксплуатантам найноўшых самалётаў ІЛ-114-300, — падзяліўся ён. — У канцы гэтага года паступяць ужо першыя машыны, і мы хочам на справе выпрабаваць гэтыя самалёты і запусціць прамыя зносіны паміж нашымі сталіцамі».
Гаворачы аб узаемадзеянні ў навукова-адукацыйнай сферы, губернатар расказаў, што такі вопыт ужо ёсць. Паўночны (Арктычны) федэральны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава на пастаяннай аснове супрацоўнічае больш чым з дзесяццю ВНУ Беларусі. Як запэўніў Аляксандр Цыбульскі, тут таксама ёсць магчымасці для кааперацыі.
Што датычыцца пытання, звязанага з пастаўкай беларускіх ліфтаў у Архангельскую вобласць, у рэгіёне створана праграма па абнаўленні ліфтавага абсталявання. «Мы спадзяёмся, што беларускія кампаніі выступяць са сваімі прапановамі», — сказаў Аляксандр Цыбульскі.
Па яго словах, падчас сустрэчы быў абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў. «Разам прыйшлі да высновы, што на сёння ўзаемадзеянне, тавараабарот, які існуе паміж Архангельскай вобласцю і Беларуссю, далёкія ад тых магчымасцяў, што ёсць. Таму пастаўлена задача значным чынам палепшыць сітуацыю», — канстатаваў губернатар.
Аляксандр Цыбульскі спыніўся на высокай запатрабаванасці ў архангельцаў беларускіх тавараў. Губернатар расказаў, што ўся лінейка — ад малочнай прадукцыі да прахаладжальных напояў, а таксама вырабы з хрусталю, пэўныя тавары лёгкай прамысловасці — у расіян карыстаюцца асаблівай папулярнасцю.
Аляксандр Цыбульскі адзначыў уменне беларусаў падтрымліваць чысціню і парадак. Губернатар падзяліўся, што ў Мінску не першы раз, і кожны раз здзіўляецца, наколькі гэта чысты горад. «Прыклад можна браць, як утрымліваць горад у такой чысціні і парадку. Мне здаецца, нам трэба сюды прыязджаць і браць майстар-клас», — рэзюмаваў ён.