Малаінвазіўныя альтэрнатывы
Уралагічную дапамогу ў бальніцы аказваюць тры аддзяленні. Новы корпус таксама змяшчае дадатковыя нефралагічныя і рэанімацыйныя месцы. Сёння практычна ўсе адкрытыя метады хірургічных умяшанняў тут заменены на альтэрнатыўныя малаінвазіўныя эндаскапічныя, такія як нефраскапія, артраскапія, трансурэтральныя рэзекцыі, лазерныя энуклеацыі, паведаміў галоўны ўрач бальніцы Уладзімір СІРЭНКА:
— Гэта дазваляе лячыць пацыентаў за кароткі тэрмін. Сярэдняе знаходжанне пацыента ў стацыянары скарачаецца да 4-7 дзён. Акрамя таго, зніжаюцца інфекцыйныя ўскладненні з прычыны адсутнасці адкрытай ранавай паверхні або класічнага шва.
У айчынную медыцыну максімальна ўкараняюцца лапараскапічныя методыкі.
— Калі раней адзначалася, што вялікі хірург — вялікі разрэз, цяпер праз тры праколы ў брушной поласці або брушыннай прасторы можна зрабіць многае, — адзначыў галоўны ўрач.
— Напэўна, параўноўваць адкрыты метад умяшання і лапараскапічны па працягласці не вельмі карэктна. Ёсць аперацыі складаныя, як адкрытыя, так і відэаасісціраваныя, да якіх адносіцца лапараскапічны метад. Працягласць аперацыі залежыць ад вопыту хірурга, самой сітуацыі і аператыўнай дапамогі. Значна важней, колькі прааперыраваны пацыент будзе знаходзіцца далей у стацыянары і наколькі ён будзе мабільны ў пасляаперацыйны перыяд. Пасля адкрытага ўмяшання яму будзе моцна балець і адчувацца абмежаванне ў рухомасці.

Пасля лапараскапіі ён на наступны дзень ужо спакойна зможа ўставаць, хадзіць, есці і праз суткі-двое знаходзіцца на амбулаторным лячэнні.
Пры пухлінах і гнойных працэсах малаінвазіўныя ўмяшанні таксама дазваляюць хутка стабілізаваць стан і вярнуць пацыента да актыўнасці. Істотна змяніліся і рэканструктыўныя аперацыі органаў малога таза. Калі раней пры нетрыманні мачы ў жанчын выконвалі маштабную адкрытую аперацыю Бёрча, то цяпер выкарыстоўваюць слінгавыя методыкі, сеткаватыя імпланты або лапараскапічны варыянт той жа аперацыі. Гэта не толькі зніжае траўматычнасць, але і вырашае важную сацыяльную задачу — дапамагае жанчыне хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця, — растлумачыў Уладзімір Сірэнка.
Паказчыкі гавораць самі за сябе
За апошнія дзесяць гадоў айчынная ўралогія зрабіла значны прарыў, лічыць загадчык аперацыйнага ўралагічнага аддзялення 4-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска імя М.Я. Саўчанкі Валерый ЛЕЛЮК:
— Калі дзесяць гадоў таму колькасць адкрытых аперацый на нырках па прычынах захворванняў, анамалій, мочакаменнай хваробы або траўм складала ад 17 да 30 % у год, то цяпер гэты паказчык ніжэй за 1,5 %.
У сувязі з тым, што 46 % пацыентаў паступаюць у бальніцу па неадкладнай дапамозе, выбудоўваць планавую работу даволі складана.
— Днямі паступіла пацыентка з каралападобным каменем, які займаў практычна ўсю поласцевую сістэму, — прывёў прыклад Валерый Лелюк. — Больш цяжкай сітуацыю рабілі залішняя маса цела, выражаны дыскамфорт і ўжо распачатыя ўскладненні — камень рос даўно, парушаў адток мачы і падтрымліваў запаленне.

Выканаць аперацыю адразу было немагчыма — стан пацыенткі патрабаваў падрыхтоўкі. Ёй устанавілі нефрастому, каб адвесці мачу і разгрузіць нырку, стабілізавалі паказчыкі, знялі інфекцыйны працэс. І толькі пасля гэтага стала магчымым перайсці да асноўнага этапу. Камень раздрабнілі лазерам, поласць саніравалі, аднавілі праходнасць, а для бяспечнага адтоку мачы на некалькі дзён устанавілі дрэнаж. Пры ўважлівым назіранні і выкананні рэкамендацый пацыентка мае ўсе шанцы больш не вяртацца да падобных праблем.
— У сувязі з вялікай загрузкай адразу прыняць усіх пацыентаў, якія да нас звяртаюцца, немагчыма. Аднак мы стараемся максімальна забяспечыць усіх патрэбнай уралагічнай дапамогай, — запэўніў Валерый Лелюк. — На сённяшні дзень у нашым уралагічным аддзяленні — сем аперацыйных, з іх чатыры — рэнтгенаўскія, гібрыдныя.
У кожнай з гібрыдных аперацыйных праводзіцца па 6-7 аперацый у суткі. Гэта тое, да чаго сёння прыйшла айчынная ўралогія, канстатаваў ён:
— Магу з гонарам адзначыць, што 3 жніўня мы першымі ў краіне ўвялі ў строй новы лазерны комплекс — 80-ватны лазер Raykeen, які ўжо праяўляе сябе з лепшага боку.
«Мяне тут паставілі на ногі»
Пацыенту Уладзіміру СІДОРЧЫКУ ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы зрабілі ў агульнай складанасці чатыры аперацыі. Мужчына паступіў у адно з уралагічных аддзяленняў з невыносным болем у жываце — такім, што нават лекі не дапамагалі.
— Можаце сабе ўявіць — у нырцы аказаўся камень памерам каля 6 сантыметраў! З дапамогай лазера яго раздрабнілі, усё там пачысцілі, за што я вельмі ўдзячны ўсім медыцынскім работнікам. Мяне тут паставілі на ногі, — са слязамі на вачах падзяліўся 67-гадовы пацыент.
Аб тым, што ў яго нырках ёсць камяні, ён да прыступу ўвогуле не ведаў:
— Нават не адчуваў іх. А калі проста папрацаваў на дачы, адчуў неверагодны боль. Аказалася, што ў мяне вось такая бяда. І як толькі прывезлі ў бальніцу — адразу на аперацыйны стол.
Працягваць лячэнне мужчына цяпер будзе дома. Пакідаючы бальнічныя сцены, мы ўбачылі, як шчаслівага і, што самае важнае, здаровага Уладзіміра Антонавіча сустракала і забірала дадому яго сям’я.
ПАРАДА ДОКТАРА
На ўзнікненне мочакаменнай хваробы ўплывае мноства фактараў, адзін з найважнейшых — лад жыцця, звярнуў увагу ўрач-уролаг Мікалай ЛАНКЕВІЧ:
— Сёння многія аддаюць перавагу каве і іншым напоям, мала п’юць звычайнай негазіраванай вады, якой здароваму чалавеку трэба спажываць не менш за два літры ў суткі. А для тых, у каго мочакаменная хвароба ўжо выяўлена, трэба піць столькі вадкасці, каб у суткі выдзялялася каля двух літраў мачы. Улічвайце гэта і будзьце здаровыя!
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ