Top.Mail.Ru
0

Добра падрыхтавацца да новага навучальнага года дапамагаюць і прафсаюзы

06.08.2026 | 15:56
Калектыўная падтрымка

Прафсаюзы не толькі кантралююць падрыхтоўку да новага навучальнага года, але і самі традыцыйна аказваюць дапамогу работнікам у зборы школьнікаў да 1 верасня. Такая падтрымка, як правіла, прадугледжана калектыўнымі дагаворамі, якія дзейнічаюць у арганізацыях, паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Большасць калектыўных дагавораў змяшчае нормы, што прадугледжваюць розныя формы дапамогі сем’ям з дзецьмі школьнага ўзросту. 

У адных выпадках гэта аднаразовыя выплаты да пачатку навучальнага года, у іншых — сертыфікаты на набыццё школьных тавараў. Ёсць і прыклады, калі рабятам уручаюць цалкам укамплектаваныя партфелі з усім неабходным прыладдзем.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца шматдзетным і няпоўным сем’ям. Акрамя таго, прафсаюзныя арганізацыі аказваюць падтрымку сем’ям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Дапамога можа ўключаць набыццё не толькі школьных прылад, але і адзення, абутку і іншых неабходных рэчаў.

З кожным годам аб’ём такой падтрымкі павялічваецца. Так, летась прафсаюзы накіравалі на падрыхтоўку да школы дзяцей работнікаў больш за 13,2 млн рублёў, годам раней гэта сума склала 11,4 млн рублёў, адзначылі ў прэс-службе ФПБ.

Дапамога не абмяжоўваецца матэрыяльнай падтрымкай. У некаторых калектыўных дагаворах замацаваны дадатковыя сацыяльныя гарантыі для бацькоў школьнікаў. Напрыклад, магчымасць узяць выхадны 1 верасня, у тым ліку з захаваннем заработнай платы. Многія прафсаюзныя камітэты сумесна з наймальнікамі таксама арганізуюць для дзяцей работнікаў святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў.

Асобны кірунак — падтрымка дзіцячых сацыяльных устаноў. ФПБ, галіновыя прафсаюзы і іх рэгіянальныя арганізацыі на пастаяннай аснове шэфствуюць над дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі, сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі і іншымі ўстановамі. Напярэдадні новага навучальнага года выхаванцы такіх арганізацый таксама атрымліваюць неабходную дапамогу і падтрымку.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю