Галоўнай падзеяй фестывалю традыцыйна стануць спаборніцтвы па ручной касьбе. Удзельнікі выступаюць у камандах па два чалавекі: кожнай пары трэба скасіць участак даўжынёй 100 метраў і шырынёй не менш за паўтара метры на кожнага з іх. Пераможцаў вызначаюць па двух крытэрыях — хуткасці і якасці работы. Пасля каманднага этапу дзясятак найлепшых удзельнікаў будзе змагацца ў асабістым першынстве.
Адной з самых відовішчных частак фестывалю стане футбол на балоце, які пройдзе ўжо ў 11 раз. У ім прымуць удзел каля дзесяці каманд. Гульнявая пляцоўка ўяўляе сабой участак тарфянога балота без расліннасці памерамі 60 на 30 метраў. Каманды выходзяць на поле ў складзе шасці чалавек.
Для гасцей свята падрыхтавалі шырокую забаўляльную праграму. Жадаючыя, напрыклад, змогуць палятаць на мотадэльтапланах або пракаціцца на квадрацыклах. Свае нумары прадставяць творчыя калектывы Бярозаўшчыны.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота БелТА