Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як у Бабруйскім раёне збіраюць багаты ўраджай

На полі ААТ «Неўскі-агра» горача не толькі ад сонца, але і ад працы. Мы выправіліся на Бабруйшчыну, каб павіншаваць першага ў раёне двухтысячніка па перавозцы збожжа, а таксама зазірнуць на ток, дзе работа сапраўднай каманды кіпіць і ў дзень, і ў ноч.


Экіпажы «караблёў палёў»

Камбайны ідуць па жніве, пакідаючы за сабой роўныя шнуры ржышча. У адным з экіпажаў — сямейны падрад: Шкрадзюк Леанід і яго 17-гадовы сын Ягор. Юнак скончыў 10 класаў, увосень пойдзе ў 11-ы, а пакуль — у памочніках камбайнера.

— Наш камбайн — GS1218. Ужо перасягнулі 700 тон. Плануем змагацца за званне найлепшага экіпажа, — расказвае Леанід Пятровіч, выціраючы пот з твару.
Ягор дапамагае бацьку: чысціць, змазвае тэхніку, сочыць за парадкам.

— Свой заўсёды хутчэй разбярэцца. І вучыцца, і парады мае на вус матае, — кажа бацька.


Жывуць хлебаробы ў вёсцы Кавалі, дзе і знаходзіцца цэнтр гаспадаркі. Леанід Пятровіч родам адсюль, тут і нарадзіўся. У яго вялікая сям’я — пяцёра дзяцей.

Экіпаж Шкрадзюкоў дзеліцца, што тэхніка выдатная, а ў такую спякоту ратуе кандыцыянер. Сёння ўбіраюць азімую пшаніцу. Працуюць зладжана, плануюць завяршыць уборку ў вызначаныя тэрміны.

Яшчэ адзін экіпаж — галоўны камбайнер Іван Паслядовіч і яго 18-гадовы памочнік Мікалай Мартынчык.

— Нам весялей разам, — усміхаецца Іван Алегавіч. — Сёлета, па адчуваннях, лепш працуецца. Адносіны кіраўніцтва да работы цудоўныя, запчасткі паступаюць, арганізацыя лепшая. Нават умовы надвор’я нашмат палепшыліся. Усё спрыяе добрай уборачнай.


Іх экіпаж ужо намалаціў 757 тон і разлічвае на 1000 у панядзелак. Тэхніка не падводзіць, інжынерная служба дапамагае, запчасткі ёсць. Кажуць, што працуюць ад світання да змяркання, але бадзёрага настрою не губляюць.

— Усё добра, галоўнае — каб тэхніка не падводзіла, — дадае Іван Алегавіч.

Тысячы тон новага ўраджаю

Сваю справу на полі робяць і вадзіцелі. Мікалай Крусір, кіроўца МАЗа (на фота), першы ў Бабруйскім раёне перавёз 2000 тон збожжа ад камбайнаў.


На пытанне, ці ставіў ён сабе такую мэту, Мікалай Усеваладавіч адказвае проста:

— Хацелася праверыць, на што я яшчэ здольны. У мяне ўжо ўзрост — 63 гады, пенсія. Але адчуваю — сілы ёсць, магу дапамагчы падчас уборачнай.

Мікалай Усеваладавіч — не мясцовы. Ён пераехаў з Украіны ў 2014 годзе. Ужо атрымаў грамадзянства Беларусі. Разам з ім пераехала ўся сям’я: жонка Марыя працуе сакратаром у школе, ёсць двое дарослых дзяцей. Жывуць у сваім доме, трымаюць гаспадарку. Беларусь для іх ужо стала другой радзімай.

— У Беларусі ёсць работа, стабільная зарплата. І нас, нашу працу тут цэняць, а гэта дарагога варта, — кажа Мікалай Усеваладавіч.

На полі прысутнічае старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Максім Ганжураў.


— Цяпер выязджаем віншваць у поле практычна штодня. На мінулым тыдні — праз дзень, на гэтым — кожны дзень. Людзі ў нас працавітыя, ніхто працы не баіцца, — расказвае ён. — Усе тысячнікі — людзі з амбіцыямі, якія не баяцца працы.

Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Неўскі-агра» Віктар Аўтухоў расказвае аб кірунках гаспадаркі:

«У нас 3700 галоў буйной рагатай жывёлы. Ёсць комплекс па адкорме гэтай жывёлы, два малочнатаварныя комплексы, новая ферма. Горад Мінск будуе нам яшчэ адзін малочнатаварны комплекс. Спецыялізацыя — малако, мяса, збожжа. Сёлета пасеялі цукровыя буракі — 240 гектараў».

У параўнанні з мінулымі гадамі, кампанія напружаная, але вынікі цешаць: больш за 60 % ужо зжата. Віктар Мікалаевіч упэўнены, што 10 тысяч тон збожжа гаспадарка атрымае.

Сушыцца збожжа, сушацца травы

Пасля поля накіраваліся на ток, дзе работа не спыняецца ні на хвіліну. Тут гаспадарыць загадчыца зернятока Наталля Сяліцкая. Яна сустракае нас каля сушылкі і адразу акунае ў атмасферу дзелавога напружання.

— Сезон праходзіць нармальна, — расказвае спецыяліст. — На дадзены момант убіраем азімую пшаніцу. Толькі за ўчарашні дзень намалацілі 473 тоны.


Агульныя лічбы ўражваюць: 5400 тон збожжа разам з рапсам ужо сабрана. Сярод убраных культур — ячмень азімы і яравы, трыцікале, азімы рапс. Дзяржзаказ па азімым ячмені выкананы на 300 тон, 460 тон пакінута для ўласных патрэб.

— Яшчэ крыху дададзім яравым ячменем, каб закрыць усе патрэбы, — тлумачыць Наталля.

На зернетаку кругласутачна працуе сушылка КЗС-30. Пры вільготнасці 15-16 % яна прапускае 230–240 тон збожжа ў дзень, калі вільготнасць большая — да 100 тон.

— Сушым кругласутачна, — кажа Наталля і засыпае ў вільгацямер пробу трыцікале. Прыбор паказвае 16,1 %. — Крыху трэба яшчэ падсушыць, — удакладняе жанчына.
Акрамя збожжа, на таку сушаць і насенне траў. Напольныя сушылкі цяпер занятыя цімафееўкай і фестулоліумам.

— З поля ідзе сырое, жалі камбайнамі, трава вільготная. Наша задача — давесці яе да кандыцыі: вільготнасць прыкладна 12–14 %. Потым частку рэалізуем, частку пакінем на пасеў, — тлумачыць загадчыца зернятока.

Малады працоўны дэсант

На тэрыторыі сушыльнага комплексу сустракаем Ганну Кісялёву. Па адукацыі жанчына — аграном. Восем гадоў працавала галоўным аграномам. А цяпер, на час жніва, — палявод: падмятае, шуфлюе, перагортвае траву.

— Гэта прафесія мне падабаецца. Я тут вырасла, тут і засталася. Дзе падказваю, дзе маладых вучу. Работа ў задавальненне, — усміхаецца Ганна.


Працаўніца расказвае, што вырашыла змяніць абставіны, каб падзарабіць і дапамагчы гаспадарцы.

— Я нарадзілася тут, у вёсцы. У горад мяне не цягне, — кажа яна.

Ганна ездзіць на электрасамакаце — купіла тры месяцы таму, зарабіўшы на пратручванні насення. Вельмі зручна, ні разу не падвёў.

— Трэба мець цярпенне, каб працаваць на зернетаку. Але галоўнае — працаваць з аптымізмам, — кажа суразмоўніца.

У гаспадарцы працуюць студэнты і школьнікі, якія ўдзельнічаюць у сушцы зерня, раскідцы і перасушцы на падлогавых сушылках.

На таку знаёмімся з Дзмітрыем Ермаковым, студэнтам Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Хлопец пераходзіць на трэці курс, вучыцца на тэхніка-механіка. У гаспадарцы летам дапамагае чацвёрты год.

— Трэці курс будзе цалкам практыка, і я буду адпрацоўваць тут, у сваім калгасе, — расказвае малады чалавек. — Чацвёрты курс таксама тут буду.

Родам хлопец з Кавалёў, таму праца на зямлі яму знаёмая з дзяцінства.


За працай бачым яшчэ аднаго маладога памочніка. Андрэй Песня пойдзе ў дзявяты клас Цялушскай школы.

— Хачу зарабіць грошы, — тлумачыць ён. — Планую патраціць на тэлефон і ўсё неабходнае да школы.

Андрэй падзяліўся, што летняя праца яму падабаецца. Больш за ўсё любіць працаваць на напольных сушылках, дзе сушаць насенне траў.

* * *
У «Неўскім-агра» мы яшчэ раз пераканаліся, што хлеб нараджаецца ў руплівасці, прафесіяналізме і любові да зямлі. І гэта, бадай, самая галоўная выснова гарачай уборачнай пары.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя 
КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю