Top.Mail.Ru

Захопнікі водных глыбінь, або Сом, ды не наш

03.08.2026 | 14:17

У апошнія дзесяцігоддзі ў водных аб’ектах Беларусі ўсё часцей з’яўляюцца інвазійныя — чужародныя, не ўласцівыя нашай прыродзе, віды. Чым яны небяспечныя для нашай краіны і як змагацца з іх экспансіяй, расказала кіраўнік іхтыялагічнай экспедыцыі, загадчыца лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена ГАЙДУЧЭНКА.


Іхтыялагічная экспедыцыя праводзіць зараз маніторынг біяразнастайнасці ракі Бярэзіна і яе прытокаў: Алы, Жардзянкі, Выдрыцы, Чыркі. На аснове даследаванняў пазней будуць распрацаваны меры па мінімізацыі негатыўнага ўздзеяння чужародных відаў на абарыгенныя экасістэмы.

— Справа ў тым, што ў адрозненне ад наземных інвазійных відаў экспансія водных не такая прыкметная. Калі зараснікі баршчэўніку Сасноўскага відаць няўзброеным вокам, то выявіць інвазійныя віды гідрабіёнтаў значна цяжэй. Нават калі такі від вылавяць, могуць вырашыць, што гэта проста прыгожая рыбка, — расказвае навуковец. — Да таго ж у водных экасістэмах нельга прымяняць хімічныя метады барацьбы з інвазіяй з-за высокай рызыкі гібелі воднай флоры і фаўны.

— Як інвазійныя віды рыб уплываюць на іхтыяфаўну Беларусі?

— Чужародныя гідрабіёнты канкурыруюць з абарыгеннымі, у тым ліку за ежу, знясільваюць кармавую базу, знішчаюць вялікую колькасць ікры і малькоў мясцовых рыб. Канкурыруюць за нерасцілішчы, за месца пражывання і перамагаюць — за кошт актыўнага клопату аб патомстве, агрэсіўных паводзін, адсутнасці натуральных драпежнікаў.

Знікненне нават аднаго віду, замена яго іншым мае катастрафічныя наступствы для ўсёй экасістэмы. У прыродзе ўсё ўзаемазвязана і няма нічога лішняга. Бяздумнае ці самаўпэўненае ўмяшанне ў гэтыя працэсы можа абярнуцца сапраўднай бядой. Напрыклад, у нацыянальным парку Елаўстан (ЗША) з 1872 па 1926 гг. у выніку ўрадавай кампаніі па знішчэнні драпежнікаў былі знішчаны ўсе ваўкі. Гэта прывяло да хуткага росту колькасці капытных, бо кантраляваць іх папуляцыю больш не было каму. Ласі, алені і казулі ператварыліся ў біялагічную зброю, якая знішчае ўсё вакол. Яны паўсюдна выелі травяны ярус, кустоўе. У выніку пачалося лакальнае апустыньванне сушы і забалочванне рэк, сышлі дробныя звяры, птушкі, рыба, іх месца занялі іншыя, больш прыстасаваныя віды. Увогуле, адбылася экалагічная катастрофа, якую ніхто не змог загадзя спрагназаваць. І гэта вынік знікнення толькі аднаго віду!


Пасля людзям давялося зноў умяшацца, але ўжо каб выправіць наступствы сваіх рашэнняў. На праграмы па аднаўленні колькасці віду былі затрачаны вялікія сродкі. У 1990-я на тэрыторыю нацпарку завезлі і выпусцілі 31 ваўка. Гэтыя асобіны і паклалі пачатак новай папуляцыі...

Таму, калі мы сваімі дзеяннямі, прама ці ўскосна (напрыклад, пусціўшы праблему інвазійных відаў на самацёк), выдалім хоць адзін пазл з экасістэмы, нават, здавалася б, самы нязначны, мазаіка можа разбурыцца. Аднак перш чым прымяняць прыродаахоўныя меры, неабходна пераканацца, што гэта не прывядзе да дысбалансу ў экасістэме. Ёсць такая навука — эталогія, якая вывучае біялагічныя асновы і заканамернасці паводзін жывёл: інстынкты, механізмы адаптацыі, рэакцыі ў розных умовах. Каб спрагназаваць з’яўленне таго ці іншага віду рыб, напрыклад у нетыповым для яго асяроддзі, неабходна ведаць месцы яго пасялення, час нерасту і інш. На гэтым і пабудавана наша работа.

— Колькі зараз чужародных і інвазійных відаў рыб у нашай краіне?

— Пагрозу біяразнастайнасці і гаспадарчай дзейнасці на бягучы момант у Беларусі нясуць сомік амерыканскі, ратан-галавешка, бычок-ганец, бычок-пясочнік, заходні тупаносы бычок і чабачок амурскі. Найбольш небяспечны з іх — амерыканскі сомік. Ён быў завезены ў Еўропу як аб’ект сажалкавага рыбаводства яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, а пасля і да нас. Гэта адзіны від прэснаводнай рыбы, у якога першыя прамяні грудных і спіннога плаўнікоў пераўтвораны ў вострыя касцяныя шыпы са шчарбінамі. У момант небяспекі сомік іх растапырвае і фіксуе ў гэтым становішчы. Паспрабуйце праглынуць такога! А калі ўсё ж атрымаецца, то гэта заканчваецца гібеллю як агрэсара, так і ахвяры. Таму ў нашай прыродзе ў яго няма натуральнага ворага — мясцовыя драпежнікі на яго не палююць.

Пры гэтым амерыканскі сомік усёедны і агрэсіўны. Ён атакуе нават падводныя дроны, якія мы апускаем на дно для даследавання. Гэтак жа ён паводзіць сябе і з іншымі насельнікамі водных экасістэм. За сезон адкладае да 3500 ікрынак, пры гэтым самец ахоўвае кладку і моладзь, пакуль яна не адужэе. Такі клопат забяспечвае высокую выжывальнасць патомства.
Раней лічылася, што амерыканскі сомік сустракаецца толькі ў Брэсцкім і Маларыцкім раёнах. У 2020-м былі пачаты даследаванні па распаўсюджванні і біялогіі гэтага віду. Высветлілася, што ён паспеў распаўсюдзіцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Для гэтага падчас экспедыцый былі даследаваны больш за трыста пунктаў. У выніку вызначаны хуткасць росту соміка, працягласць жыцця ў прыродных умовах, максімальныя памеры, перыяд размнажэння, колькасць ікры і час актыўнасці. Усе гэтыя звесткі важныя для распрацоўкі мер па барацьбе з чужародным відам.


Былі ўстаноўлены і шляхі пранікнення соміка ў Беларусь. Аказалася, што ён выражаны лімнафіл. Інакш кажучы, здольны жыць толькі ў стаялай вадзе: у азёрах, сажалках і меліярацыйных каналах. Самастойна перайсці па цячэнні, нават калі вадаём праточны, ён не можа. Менавіта таму тэмпы яго распаўсюджвання пакуль невялікія.

Сомік вельмі жывучы, ён талерантны да кіслароду, складу і празрыстасці вады. Лёгка выжывае ў экстрэмальных умовах. У ходзе эксперыментаў было ўстаноўлена, што ён здольны жыць без вады (!) тыдзень. Вы ведаеце якую-небудзь іншую рыбу, якая так можа? Не ў мокрым грунце, а без вады!

Амерыканскі сомік адрозніваецца ад звычайнага сома меншымі памерамі (вырастае ўсяго да 35 см), больш доўгім спінным і кароткім анальным плаўнікамі. Акрамя таго, 
у яго ёсць тлушчавы плаўнік на спіне, шыпы і чатыры пары вусікаў (у сома іх толькі тры).

— Калі сомік не можа падняцца па цячэнні, як тады ён апынуўся ў нашых вадаёмах? Яго разносяць птушкі?

— Гэта памылковае меркаванне. На самай справе прычынай распаўсюджвання віду з’яўляюцца людзі. Сомік усёедны, вельмі пражэрлівы і бясстрашны, таму лавіць яго лёгка і цікава. Клюе нават на практычна голы кручок, прычым вельмі прагна. Таму некаторыя рыбаловы ловяць яго і бяздумна выпускаюць у вадаёмы бліжэй да свайго дома, чым і спрыяюць яго паспяховаму рассяленню. Рабіць гэтага катэгарычна нельга!

— А ёсць спосабы барацьбы з яго распаўсюджваннем?

— Адзін з вядучых сусветных спосабаў рэгуляцыі яго колькасці — неабмежаваны вылаў без вяртання ў прыроду. Асноўная ж наша задача — запаволенне і рэгуляцыя распаўсюджвання чужародных відаў жывёл. Праводзіцца штогадовая ацэнка стану біялагічнай бяспекі, экалагічных і эканамічных рызык, звязаных з экспансіяй інвазійных відаў. На аснове даследаванняў распрацоўваюцца навукова абгрунтаваныя комплексы мер па мінімізацыі распаўсюджвання інвазій. У прыватнасці, пакет мерапрыемстваў і рэкамендацый па амерыканскім соміку ўжо ў працэсе падрыхтоўкі.

Акрамя гэтага, важна павышаць грамадскую дасведчанасць аб негатыўным уплыве інвазійных відаў на абарыгенныя супольнасці і экасістэмы і мерах барацьбы з імі. Беражлівыя і паважлівыя адносіны да прыроды — не права, а абавязак кожнага.

Згодна з Указам «Аб рыбалоўстве і рыбалоўнай гаспадарцы» інвазійныя чужародныя віды рыб можна вылоўліваць без абмежаванняў па вазе і колькасці, але нельга выкарыстоўваць у якасці жыўца.

Вадзім КАНДРАШОНАК, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю