Top.Mail.Ru

Сенатар Алег Румо — пра работу з людзьмі і ўзаемасувязь паміж палітыкай і медыцынай

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Алег Румо, нягледзячы на свой загружаны графік, імкнецца ўдзяляць увагу ўсім тым праблемам, з якімі да яго звяртаюцца грамадзяне і як да сенатара, і як да кіраўніка ўстановы аховы здароўя. Сіла Алега Алегавіча ў тым, што ён не баіцца браць на сябе адказнасць — за чалавечае жыццё, здароўе, учынкі і парады. А гэта і ёсць прыклад сапраўднага патрыятызму і прафесіяналізму, уласцівыя сенатару.


— Алег Алегавіч, раскажыце, калі ласка, што вас прывяло ў палітыку?

— Сенатарам я стаў даволі даўно — яшчэ ў 2016 годзе, хоць амбіцый такіх ніколі не было. Так атрымалася, што дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў вылучылі маю кандыдатуру (у члены Савета Рэспублікі. — «Зв.») і потым яе падтрымалі. Так я стаў прадстаўніком ад горада Мінска ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Да таго часу ў мяне быў назапашаны дастаткова вялікі вопыт не толькі ў галіне маёй непасрэднай дзейнасці — у медыцыне, але і ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. Вялікая колькасць пацыентаў, значнае кола знаёмых, пераважна, вядома, з медыцынскай сферы, але не толькі, бо пацыентаў не выбіраюць. Прычым шэраг з іх — гэта даволі вядомыя ў свеце людзі. Падумаў, што самым карысным працягам маіх ведаў і магчымасцяў будзе працаваць у Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, членам якой я ўжо дзесяць гадоў з’яўляюся.


— Якія пункты перасячэння паміж палітыкай і медыцынай вы маглі б вылучыць?

— Перш за ўсё, вядома, гэта народная дыпламатыя, пэўны статус. Людзі, якія ратуюць чалавечыя жыцці, ва ўсе часы незалежна ад палітычнай сітуацыі, краіны (у якой пражываюць. — «Зв.») валодалі пэўнымі магчымасцямі. Акрамя таго, займацца высокатэхналагічнай медыцынай і не быць пагружаным ва ўсе асаблівасці і тэндэнцыі сусветнай палітыкі проста немагчыма, таму што так ці інакш гэта ўсё звязана. Да нас з-за мяжы прыязджаюць палячыцца, павучыцца, паглядзець, як арганізавана праца.

Калі сустракаешся з людзьмі на міжнародных пляцоўках у розных краінах, на розных кантынентах, так ці інакш прадстаўляеш сваю краіну — Беларусь, разбураеш стэрэатыпы і міфы аб ёй, якія існуюць, пацвярджаеш узровень краіны, дзе можна спакойна жыць, працаваць, займацца супервысокатэхналагічнымі рэчамі і пры гэтым не перажываць за будучыню сваіх дзяцей, сваіх родных і блізкіх.

— Сенатарская дзейнасць звязана не толькі з распрацоўкай законапраектаў, але і работай са зваротамі грамадзян, удзелам у прамых тэлефонных лініях, асабістых прыёмах...

— Безумоўна, гэта вялікая частка нашай работы. Вядома, усе мае асцярогі дзесяць гадоў таму будаваліся якраз вакол гэтага. Задаваўся пытаннем: ці дастаткова ў мяне будзе часу, каб прымаць людзей, дапамагаць ім, адказваць на іх спадзяванні?

Так атрымліваецца, што і тут прафесія дапамагае, таму што асноўная маса людзей, якія да мяне прыходзяць, звяртаюцца менавіта з пытаннямі медыцынскага характару, дзе ў мяне дастаткова магчымасцяў, ведаў, вопыту, дзе я магу падказаць, дапамагчы. За гэты час ужо назапасіўся і вопыт працы з людзьмі, з’явілася разуменне таго, як вырашаць праблемы. Я ўсё аптымізаваў і знаходжу для гэтага месца ў сваім графіку.

Зразумела, што мы імкнёмся, каб ніводная праблема чалавека не засталася па-за ўвагай. Пры гэтым трэба разумець простыя і ясныя рэчы: часам людзі ўспрымаюць сітуацыю, як яны хочуць гэтага. Вельмі важна ў гэтым разабрацца для пачатку. 

А потым ужо, зыходзячы з таго, якая праблема, спрабаваць дапамагчы, растлумачыць, звярнуць увагу на тое, што з чалавекам дзесьці паступілі несправядліва. Прынамсі, пачуць кожнага — вось гэта самае важнае, на мой погляд.


— Адкуль чэрпаеце сілы, каб усё паспяваць?

— Паспявае той, хто нікуды не спяшаецца. Плануючы графік, разумею, што акрамя мяне гэта ніхто не зробіць. Бяру і працую. На рабоце за гэты час падрыхтавана каманда. Людзі заўсёды могуць падставіць плячо і дапамагчы, калі ў гэтым ёсць патрэба.

Што датычыцца побыту, сям’я — гэта мой надзейны тыл, самыя блізкія мне людзі, якія заўсёды побач.

Дэлегацыя Нацыянальнага сходу, у склад якой уваходзіў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо, узяла ўдзел у 33-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ на тэму «Міжнароднае права і агульныя прынцыпы: асновы бяспекі і супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ», якая прайшла ў Гаазе ў Нідэрландах. 

Адбыліся пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПААБСЕ і трох агульных камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, а таксама пленарныя пасяджэнні.

Парламентарыі абмеркавалі пытанні міжнароднага права, кантролю над узбраеннямі ў рэгіёне АБСЕ, гібрыдных пагроз, сітуацыі на Блізкім Усходзе, рэгулявання штучнага інтэлекту, незаконнага абароту наркотыкаў і кібербяспекі, дэмаграфіі, змены клімату.

Адбыліся выступленні беларускіх парламентарыяў на пасяджэннях, удзел у дыскусіях па ключавых пытаннях парадку дня, правядзенне шэрагу сустрэч з замежнымі парламенцкімі дэлегацыямі. 

Мерапрыемства завяршылася прыняццем Гаагскай дэкларацыі, якая змяшчае рэкамендацыі для дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў галіне бяспекі, эканамічных і экалагічных пытанняў, правоў чалавека. 

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота ТГ-канала Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю