Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў нараду па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці

«Для мяне ўся краіна, усе прадпрыемствы аднолькавыя»


Падчас нарады былі абмеркаваны эканоміка і сельская гаспадарка рэгіёна, сітуацыя ў асобных раёнах і на канкрэтных прадпрыемствах. У прыватнасці, размова ішла аб перадачы холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі, у камунальную ўласнасць райвыканкамаў. Асобна закраналася пытанне ўзбуйнення Дрыбінскага раёна за кошт уключэння ў яго склад земляў сельгасарганізацый суседніх раёнаў. 

Удзельнікамі нарады ў кіраўніка дзяржавы сталі Прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Камітэта дзяржкантролю, кіраўнік спраў Прэзідэнта, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўніцтва вобласці і раёнаў.

«Тое, што мы ствараем у Шклоўскім раёне, у іншых раёнах, будзе працаваць на ўсю краіну»

Пачынаючы нараду, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да абмеркавання прапануюцца дзве найважнейшыя тэмы, якія датычацца развіцця асобных рэгіёнаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пачаць з перспектыў двух холдынгаў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі: «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», у складзе якіх тры прамысловыя і 11 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Агульная карціна па гэтых комплексах, па словах кіраўніка дзяржавы, пазітыўная. «У прадпрыемствы ўліваюць нямала інвестыцый: за паўтара года ўклалі больш за 200 мільёнаў рублёў, — канкрэтызаваў ён. — Гэта і машынны парк, і ўгнаенні, і насенне, і лізінг. Не хачу сказаць, што гэта дрэнна або гэта датычыцца толькі названых холдынгаў. Тое, што мы ствараем там у Шклоўскім раёне, у іншых раёнах, будзе працаваць на ўсю краіну, калі гэта патрэбна, але на раёны — дакладна».

Прэзідэнт анансаваў, што восенню на базе аграсэрвісу ў Шклове плануецца правесці адпаведны семінар, падчас якога будзе паказана, якім павінен быць аграсэрвіс. «Не мазырскі сэрвіс, як мы бачылі ў Гомельскай вобласці (бо там прамысловыя прадпрыемствы фактычна), а звычайны сэрвіс, былая сельгастэхніка, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што былыя сельгастэхнікі, цяпер аграсэрвісы, нам патрэбны, мы ў гэтым ужо пераканаліся. Дык вось пакажам, якім павінен быць сэрвіс у звычайным раёне. Такіх у нас больш за сотню».

«Нічога не патрабуйце вырашаць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы»

Гаворачы аб холдынгах «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», кіраўнік дзяржавы адзначыў, што летась дасягнуты рост выручкі на 17 %, прыбытку — на трэць, экспарт — на 20 %, вытворчасць малака — на 6,3 %, надой на карову наблізіўся да 7500 літраў малака.

«Гэта добрыя паказчыкі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта паказчыкі не эфектыўнасці. Гэта важныя паказчыкі, без якіх эфектыўнасці не бывае. Але гэта не прыбытак, гэта не рэнтабельнасць і гэта не вялізныя грошы на рахунках».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рабоце холдынга «Купалаўскае» яго насцярожвае павелічэнне падзяжу жывёлы — на 25 %. «Што датычыцца асобных прадпрыемстваў холдынга, то там і надоі, і вырошчванне птушкі, і малако — каля 93 — 98 %, — дадаў ён. — У розных прадпрыемствах — па-рознаму. Гэта значыць, я хачу сказаць, што сярэдняя тэмпература па „бальніцы“ нармальная. А асобныя прадпрыемствы ў нас... на жаль».

Звяртаючыся да кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб яго абяцанні рэалізаваць антыкрызісны бізнес-план і навесці ідэальны парадак у «Купалаўскім». 

«Фактычна ж у паказальным холдынгу дысцыпліны няма, — канстатаваў беларускі лідар. — Абсталяванне не адрамантавана, корманарыхтоўка без тэхналогіі, тэхніка да ўборкі не гатовая. У наяўнасці (не ведаю, наколькі гэта глыбока ў вас укаранёна) — часам і жывёла без вады. Дзіўна, што ні губернатар, ні старшыня райвыканкама, які там на месцы, гэтага не бачаць. Быццам бы і не іх гэта. Я добра ведаю, што губернатар не супраць прыняць назад гэтыя прадпрыемствы. Гэта значыць: з Мінска не ўсё бачна, аддайце нам, мы навядзём парадак». 

Прэзідэнт згодны з тым, што на месцы, напэўна, людзі разумеюць патрэбы раёна, а таму могуць больш аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні і карэктаваць стратэгію работы арганізацый. Кіраўнік дзяржавы не бачыць тут вялікай праблемы з тым, каб гэтыя гаспадаркі былі падкантрольныя і перададзены ў камунальную ўласнасць.

«Хачу пачуць, якія канкрэтныя крокі неабходны для іх далейшага развіцця і што патрабуецца вырашыць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Адразу хачу сказаць: нічога не патрабуйце вырашаць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Там і так ужо прынята дастаткова рашэнняў. Лічбу я вам называў».

«Дрыбінскаму раёну быць»

Яшчэ адна тэма, вынесеная на разгляд Прэзідэнта, датычылася ўнесеных прапаноў па ўзбуйненні Дрыбінскага раёна за кошт уключэння ў яго склад зямель сельгасарганізацый суседніх раёнаў: Магілёўскага, Горацкага, Чавускага і, магчыма, Шклоўскага. 

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы задаў удзельнікам нарады шэраг пытанняў. Па-першае, беларускага лідара цікавіць, што наконт узбуйнення Дрыбінскага раёна думаюць ва ўсіх пералічаных раёнах. «Меркаванне людзей вельмі важнае, але пасля таго, як мы ім раскажам, чаго мы хочам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка 

Па-другое, Прэзідэнт удакладніў, ці прапрацаваны магчымыя наступствы і далейшыя дзеянні, колькі гэта будзе каштаваць для бюджэту і грамадзян. «Я разумеў, што гэта амаль нічога каштаваць не будзе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але калі трэба падтрымаць пэўныя гаспадаркі, падтрымаем».

Па-трэцяе, што самае галоўнае, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці будзе станоўчы сацыяльны і эканамічны эфект ад узбуйнення Дрыбіншчыны. «Даручаючы ўзбуйніць Дрыбінскі раён, я зыходзіў з таго, што раён павінен быць нармальным, — патлумачыў ён. — Магілёўскі раён — вялізны, Шклоўскі раён — вялізны (гэта адны з найбуйнейшых раёнаў), а Дрыбінскі раён — з кукіш, як у народзе гавораць. Нармальна? Ненармальна». 

Беларускі лідар памятае, як Дрыбінскі раён пастаянна ўключалі ў Горацкі. «То адлучалі, то далучалі — у свой час ставілася падобнае пытанне і я на яго адказаў гадоў 25 назад: Дрыбінскаму раёну быць, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Даўным-даўно, праўда, але я быў у горадзе Дрыбіне, даручаў стварыць неабходную інфраструктуру. Яна створана. Таму інфраструктура раённага цэнтра не горшая, чым іншыя. Вядома, гэта не Горацкі раён, дзе акадэмія (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. — „Зв.“) стварае пэўную прыгажосць, і горад становіцца горадам. Але вельмі нармальны, сярэдні раён (Дрыбінскі. — „Зв.“), але па памерах — ніякі. Тры гаспадаркі або тры з паловай — ну, слухайце, што гэта за раён? Таму калі быць Дрыбінскаму раёну, трэба падумаць, якім ён павінен быць. Ён павінен адпавядаць сярэднім памерам раёнаў нашай краіны».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўраду, губернатару Магілёўскай вобласці Анатолю Ісачанку, а таксама ўпаўнаважанаму прадстаўніку Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому было даручана сур’ёзна з зацікаўленымі асобамі сесці, падумаць і ўнесці прапановы на гэты конт. «Тое, што гэты раён трэба ўзбуйняць і загружаць па-сапраўднаму старшыню Дрыбінскага райвыканкама, яго калег, — гэта факт, — перакананы Прэзідэнт. — Людзі там не сапсаваныя, людзі добрыя, працаваць могуць».

Па словах беларускага лідара, зусім нядаўна падчас візіту ў адной з сельгаспадарак Дрыбінскага раёна, было вызначана, як будзе развівацца гэты раён. «Думаю, што нашы чыноўнікі хоць і пакутуюць неабавязковасцю, мяне пачулі і ў гэтым кірунку будуць развіваць свой раён», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

«Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, бо яны размешчаны на найлепшых землях у краіне»

Перад тым як кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў выступіў з дакладам аб перспектывах развіцця холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, наколькі яны патрэбныя ў такім выглядзе, у якім існуюць цяпер. Па словах беларускага лідара, гэта павінны быць перадавыя гаспадаркі. 

«Я іншы раз гаварыў, што ў Мінску ніякай кіруючай структуры гэтым вялікім холдынгам Кіраўніцтва справамі (Прэзідэнта. — «Зв.») быць не павінна, — нагадаў беларускі лідар сваё ранейшае патрабаванне. — Ну, навошта Кіраўніцтву справамі (Прэзідэнта. — «Зв.») яшчэ пэўная структура кіравання асобным сельгаспрадпрыемствам? На месцы няхай займаюцца. А як вышэйшая службовая асоба кіраўнік спраў (Прэзідэнта. — «Зв.») павінен гэта ўсё кантраляваць і дзейнічаць».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўказаў, што многае Юрыем Назаравым зроблена. У якасці прыкладу ён прывёў камбікормавы завод і райаграсэрвіс у Шклоўскім раёне.

«Задачы на месцы пастаўлены: як, што рабіць і гэтак далей, — удакладніў Прэзідэнт. — Але, бачу, таксама памылкі і скаргі (можа быць, яны неабгрунтаваныя), што вы там рамантуеце толькі прычэпы, груба кажучы, і сеялкі нейкія невялікія, а магутныя трактары не бераце, не рамантуеце. Мне гэта паказуха не патрэбная. Там павінен адбывацца рамонт таго, што не могуць зрабіць на месцах. Гэта старшыні райвыканкама таксама пытанне, якому была пастаўлена задача гэта кантраляваць».

Юрый Назараў далажыў, што ключавую ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў у рабоце холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг» сыграла фінансавая дапамога Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.

«Але, на жаль, нягледзячы на ўсе станоўчыя вынікі, калі мы правялі аналіз эфектыўнасці дзейнасці структур холдынгаў, то ўбачылі, што кіруючыя кампаніі так і не змаглі забяспечыць у поўнай меры фарміраванне адзінай вытворчай, фінансавай, інвестыцыйнай палітыкі, у тым ліку цэнтралізаванага ўдзелу ў закупцы сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, продажу гатовай прадукцыі, арганізацыі маркетынгавай, лагістычнай і іншай дзейнасці, — адзначыў Юрый Назараў. — Часта, на жаль, функцыю кіруючай кампаніі дубліруюць адпаведныя функцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкамаў».

Па словах кіраўніка спраў Прэзідэнта, з мэтай выбудоўвання аптымальнай эфектыўнай сістэмы кіравання прадпрыемствамі прапаноўваецца бязвыплатна перадаць іх з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць. 

Што маецца на ўвазе, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў. Ён расказаў, што ў Шклоўскім раёне вырашана было замест старога малаказавода, які знаходзіўся амаль у цэнтры горада, пабудаваць новы. «Нягледзячы на праблемы з фінансаваннем і іншае, мы гэта рызыкнулі зрабіць, — удакладніў ён. — Сёлета будзе самы сучасны ў краіне невялікі малакаперапрацоўчы завод — 300 тон у суткі. Ёсць такое малако ў Шклове, наваколлі? Ёсць. Сыравінную зону мы ствараем. І перш за ўсё, за кошт „Купалаўскага“ і „Александрыйскага“ — гэта палова раёна. І гэта самыя лепшыя землі і самыя лепшыя гаспадаркі, наколькі я памятаю».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму ўдалося пераканаць Юрыя Назарава перадаць холдынг «Купалаўскае» ў камунальную ўласнасць Шклоўскага раёна. «Ну, якая розніца, для мяне ўся краіна, усе прадпрыемствы аднолькавыя, — растлумачыў сваю пазіцыю беларускі лідар. — Тваё, не тваё — на месцы лепш відаць. Бачыце, нарэшце, пераканаў. Гаспадаркі будуць кіравацца старшынёй райвыканкама, як гэта належыць». «Александрыйскае», сказаў кіраўнік дзяржавы, застаецца пакуль у Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Але ўсё гэта — сыравінная зона для Шклоўскага малаказавода.

Пры гэтым, як удакладніў Прэзідэнт, малаказавод пакуль не трэба нікуды перадаваць, на гэтым этапе ён будзе знаходзіцца ў структуры Кіраўніцтва справамі. «Прымем рашэнне потым, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што тут яшчэ? Сельгаспрадпрыемствы будуць працаваць, малако, мяса будуць вырабляць, як гэта было заўсёды, усё гэта адладжана... Увесь Шклоўскі раён фактычна ў цябе ўваходзіць у сыравінную зону. Перапрацоўка — прыбытковая справа. Не трэба займацца зямлёй, жывёламі і гэтак далей. На месцах будуць займацца».

Па словах кіраўніка дзяржавы, гаспадаркі, якія могуць працаваць самастойна, няхай так і працуюць, не будучы ў холдынгу. «Ад іх што трэба? Малако — у Шклоў, на новы малаказавод, мяса — у Магілёў, на мясакамбінат, лён — на мадэрнізаваны льнозавод у Шклове, — канкрэтызаваў беларускі лідар — Што за праблемы? І не трэба нам ніякія зверху надбудовы, якія сябе не апраўдалі».

У бліжэйшы час, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён паглядзіць, як працуюць сельгаспрадпрыемствы, аб якіх ідзе размова. «Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, бо яны размешчаны на самых лепшых землях у краіне, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Горацкі, Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Магілёўскі раёны — гэта лепшыя землі на ўсходзе. Яны наўрад ці саступаюць і Гродзенскай вобласці». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


Даслоўна

Анатоль ІСАЧАНКА: «Самая галоўная мэта і задума нашага Прэзідэнта — зрабіць так, каб кожны раён быў самадастатковым»

Што датычыцца аграхолдынга «Купалаўскае», аб якім у тым ліку ішла размова падчас нарады, ён выйдзе з падпарадкавання Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Замест яго з’явяцца некалькі самастойных сельгаспрадпрыемстваў. Аб гэтым у размове з журналістамі расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА

«Прэзідэнтам канцэптуальна падтрыманы нашы падыходы: гаспадаркі будуць існаваць, працаваць, развівацца ў тых межах, якія ёсць, — канкрэтызаваў Анатоль Ісачанка. — Холдынгу як такога не будзе. Будуць асобна ўзятыя, самастойныя гаспадаркі са сваім кіраўніком, штатам, тэрыторыяй, разліковым рахункам. Холдынг „Купалаўскі“ закрываецца, а гаспадаркі пераходзяць у камунальную ўласнасць». 

У бліжэйшы час, як канкрэтызаваў губернатар Магілёўскай вобласці, самастойнымі суб’ектамі гаспадарання стануць «Новагарадзішчанскае», «Любінічы-Агра» і «Вялікія Славені».

Пры гэтым старшыня Магілёўскага аблвыканкама ўдакладніў, што праграма па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў і іншых аб’ектаў, якія былі запланаваны холдынгам «Купалаўскае» сумесна з Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта, будзе працягнута ў поўным аб’ёме. У прыватнасці, у Шклове працягнецца будаўніцтва сучасных малакаперапрацоўчага завода і аграсэрвісу. Па словах Анатоля Ісачанкі, у будучыні па меры рэалізацыі гэтых праектаў і выхаду іх на праектную магутнасць плануецца перадаць іх з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць.

«Самая галоўная мэта і задума нашага Прэзідэнта — зрабіць так, каб кожны раён быў самадастатковым, — звярнуў увагу губернатар. — У гэтым выпадку Шклоўскі раён будзе з’яўляцца ўзорам. Там створана ўсё, што неабходна для раёна: камбікормавы завод, малаказавод, сельгастэхніка, сельгасхімія, ПМК, дарожныя прадпрыемствы. Плюс гаспадаркі, які працуюць на сябе і на эканоміку. Таму гэта такі эталонны раён». 

Гаворачы аб тым, чаму ў адзін час трэба было ўзбуйняць гаспадаркі, а цяпер вырашана іх раз’яднаць, Анатоль Ісачанка адзначыў, што ўніверсальнага рашэння на ўсе часы не існуе і кожны раз трэба зыходзіць з канкрэтных абставін. У цяперашні час, па словах кіраўніка рэгіёна, прынята рашэнне, што дзеля больш эфектыўнага развіцця сельгаспрадпрыемствы павінны быць самастойнымі.

Пры гэтым губернатар Магілёўскай вобласці дадаў, што цяпер усе сельгаспрадпрыемствы маюць сур’ёзную матэрыяльную базу, тэхніку, матэрыялы, неабходныя для таго, каб працаваць і развівацца. «Менавіта работа ў холдынгу з Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта дала штуршок, эфект, — падкрэсліў ён. — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта шмат чаго зрабіла, укладала грошы, і ёсць станоўчы вынік. Можа, мы не дасягнулі таго, чаго хацелі, але, галоўнае, мы бачым, што для далейшага развіцця трэба прыняць такое рашэнне». 

Што датычыцца ўзбуйнення Дрыбінскага раёна, губернатар адзначыў, што адпаведныя даручэнні кіраўніком дзяржавы былі дадзены ў ходзе наведвання Дрыбінскага раёна ў сакавіку гэтага года. «Прэзідэнт падтрымаў нашы прапановы: Дрыбінскі раён будзе ўзбуйняцца за кошт Чавускага, Горацкага, Магілёўскага раёнаў, — канкрэтызаваў старшыня аблвыканкама. — У выніку ён стане сярэднестатыстычным раёнам Магілёўскай вобласці». 

На бягучы час плошча Дрыбінскага раёна складае 76,6 тысячы гектараў, уключаючы 40 тысяч гектараў зямлі. Пасля ўзбуйнення агульная плошча раёна складзе 96 тысяч гектараў, у тым ліку 56 тысяч гектараў сельгасугоддзяў.

Па словах Анатоля Ісачанкі, Аляксандр Лукашэнка даручыў адпрацаваць адпаведны нарматыўны прававы акт і ўнесці яго на разгляд. «Сумесна з урадам яшчэ раз уважліва паглядзім, адпрацуем усе моманты, каб мінімізаваць пэўныя праблемы для людзей, — удакладніў губернатар. — Бо самае галоўнае ў гэтым — людзі. Таму мы, вядома, будзем дапрацоўваць. Але канцэптуальна нашы прапановы Прэзідэнтам падтрыманы».

Змяненні закрануць 27 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 960 чалавек. Гаворачы аб сацыяльным баку пытання, кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што тут праблем узнікнуць не павінна. Ён нагадаў, што, згодна з дзеючым заканадаўствам, ёсць магчымасць выбару, у якой школе навучаць дзяцей або ў якой паліклініцы абслугоўвацца. Змена адміністрацыйных меж раёна на гэта не паўплывае. 

«Звышзадача — эфектыўная работа раёна і яго захаванне, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка. — Цяпер гэты раён па плошчы лічыцца самым маленькім у Беларусі і адным з самых маланаселеных. Пасля ўзбуйнення на тэрыторыі Дрыбінскага раёна будуць дадаткова ўтвораны новыя суб’екты гаспадарання. Будзе ўжо не тры гаспадаркі, а пяць сельгаспрадпрыемстваў».


Эфектыўнае кіраванне без дубліравання функцый. Назараў аб рашэннях па сітуацыі ў АПК Магілёўскай вобласці

Прынятыя Прэзідэнтам рашэнні дадуць магчымасць умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сітуацыю ў аграпрамысловым сектары рэгіёнаў. Такое меркаванне выказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці.


Юрый Назараў па выніках нарады адзначыў, што яшчэ ў лютым 2025 года Прэзідэнт указам нумар 74 «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» у мэтах узмацнення ролі мясцовых органаў улады ў развіцці рэгіёнаў надзяліў старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню новымі рычагамі кіравання. Кіраўнік дзяржавы разглядае старшынь райвыканкамаў як ключавых кіраўнікоў на давераных ім тэрыторыях, надзеленых максімальнай уладай і персанальнай адказнасцю за эфектыўнасць сельскай гаспадаркі.

Прэзідэнт акцэнтуе ўвагу на тым, што менавіта раённая вертыкаль абавязана забяспечваць тэхналагічную дысцыпліну, парадак на зямлі і фінансавую стабільнасць сельгаспрадпрыемстваў.

«У мэтах рэалізацыі гэтых задач Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта былі ўнесены прапановы па рэарганізацыі аграпрамысловых холдынгаў, якія ўваходзяць у сістэму Кіраўніцтва справамі, і перадачы на ​​бязвыплатнай аснове дзяржаўных пакетаў акцый асобных аграпрамысловых арганізацый з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць адпаведных раёнаў, — падкрэсліў Юрый Назараў. — У прыватнасці, размова ідзе аб шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый у Шклоўскім раёне і некалькіх арганізацыях у іншых раёнах рэспублікі».

Ён таксама расказаў, што за час знаходжання гэтых арганізацый у сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта была ўдзелена вялікая ўвага ўмацаванню іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па рэканструкцыі і ўзвядзенні новых вытворчых аб’ектаў, а таксама павышэнню эфектыўнасці бягучай дзейнасці. Толькі ў мінулым і бягучым годзе ў развіццё дзейнасці арганізацый аграпрамысловага комплексу інвесціравана больш за 200 млн рублёў. Так, у Шклоўскім раёне мадэрнізаваны жывёлагадоўчыя комплексы, у кіраванне вытворчасцю ўкаранёны сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, такія як дакладнае земляробства, лічбавая ферма, GPS-навігацыя, ERP-сістэмы і іншыя праграмныя прадукты. Мадэрнізаваны камбікормавы завод, пабудаваны новы аграсэрвіс. Цяпер завяршаецца будаўніцтва новага малакаперапрацоўчага завода з магутнасцю перапрацоўкі 300 т малака ў суткі (або 100 тыс. т у год). Такім чынам у Шклоўскім раёне сфарміравана самадастатковая структура поўнага цыкла па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама цэнтралізаваным тэхнічным абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі.

Паводле яго слоў, задача мясцовых органаў улады — забяспечыць эфектыўнае кіраванне гэтым комплексам без дубліравання кіраўніцкіх функцый іншых дзяржаўных органаў і кіруючых кампаній. Яны тут адыгрываюць ключавую ролю, непасрэдна ўзаемадзейнічаюць з людзьмі, глыбока ведаюць патрэбнасці насельніцтва, могуць своечасова рэагаваць на праблемы і вырашаць увесь комплекс задач па развіцці падведамных тэрыторый.

«Таму, лічу, што прынятыя рашэнні дадуць магчымасць умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сітуацыю ў аграпрамысловым сектары рэгіёнаў, павысіць эфектыўнасць яго работы і раскрыць рэзервы для якаснага росту ўзроўню жыцця як у рэгіёнах, так і ў краіне ў цэлым», — рэзюмаваў кіраўнік спраў Прэзідэнта.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю