Top.Mail.Ru
0

У Мінску пачаў работу ІV Міжнародны антыфашысцкі кангрэс

«Праўдзівая гісторыя Вялікай Перамогі — найважнейшы контраргумент супраць палітыкі заходнееўрапейскага рэваншызму»


Удзел у мерапрыемстве, галоўная тэма якога — супрацьдзеянне распаўсюджванню ідэй нацызму і фашызму, бяруць прадстаўнікі 36 краін. Асаблівасць кангрэса — шырокае прадстаўніцтва антыфашысцкіх арганізацый, палітычных сіл і гістарычных супольнасцяў з краін Заходняй Еўропы: Францыі, Германіі, Італіі, Брытаніі, Швецыі, Швейцарыі, Венгрыі і іншых. Ганаровыя госці мерапрыемства — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя малалетнія вязні фашысцкіх лагераў.

Зварот удзельнікам ІV Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса накіраваў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёлетні беларуска-расійскі кангрэс праходзіць у 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

«Чэрвень 1941-га змяніў ход гісторыі. Менавіта тут, на тэрыторыі акупаванай Беларусі, былі здзейснены злачынствы, падобных да якіх свет не ведаў. Тут фашысцкая Германія і яе паплечнікі сутыкнуліся з нябачаным па маштабах усенародным супраціўленнем чырвонаармейцаў, партызан, падпольшчыкаў, мірных грамадзян», — сказана ў звароце.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння мы, спадчыннікі пераможцаў, змагаемся за памяць аб героях і мільёнах бязвінных ахвяр, знаходзім невядомыя раней магілы масавых пахаванняў, адкрываем архівы і агалошваем новыя факты і імёны, у тым ліку схаваных за акіянам нацысцкіх карнікаў і іх памагатых, якія пазбеглі пакарання. «Праўдзівая гісторыя Вялікай Перамогі — найважнейшы контраргумент супраць палітыкі заходнееўрапейскага рэваншызму, адкрытай прапаганды ідэалогій фашызму, нацызму і ксенафобіі», — гаворыцца ў звароце.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што голас кангрэса будзе гучаць гучна і пераканаўча ў абарону міру і роўных для ўсяго чалавецтва праў на жыццё, нацыянальную годнасць, суверэнны выбар будучыні роднай краіны.

25 чэрвеня ўдзельнікі форуму наведалі храм-помнік у гонар Усіх Святых у Мінску, дзе кіраўнікі асноўных рэлігійных канфесій правялі літыю ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, пасля чаго ў крыпце храма адбылося ўскладанне кветак.

Сёння работа кангрэса пачалася з цырымоніі ўскладання кветак на плошчы Перамогі. 

Асноўным мерапрыемствам стане пленарнае пасяджэнне, якое пройдзе ў Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Беларусі. Завершыцца кангрэс прыняццем рэзалюцыі, адрасаванай міжнароднай грамадскасці. Прадугледжана работа дзесяці тэматычных выставак, якія будуць разгорнуты перад Цэнтральным Домам афіцэраў і ў фае тэатральнай залы.

У праграме кангрэса — пасяджэнне Ваенна-мемарыяльнага камітэта дзяржаў — удзельніц СНД, наведванне мемарыяльнага комплекса «Трасцянец», дзе адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне ў памяць аб ахвярах фашызму, будзе закладзена Алея міру і стваральнай працы.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю