Top.Mail.Ru

Першы электробус выехаў на сталічныя вуліцы ў 2017 годзе, і цяпер гэта ўжо не транспартная экзотыка

На зарадку станавіся!

На дадзены момант доля гарадскога электрычнага транспарту ў Мінску складае 49 %. Канцэпцыяй яго развіцця да 2030 года прадугледжваецца павелічэнне яго да 55 %. Гэта, вядома, вельмі высокі паказчык, вельмі высокая ступень электрыфікацыі.

Пропуск у будучыню

За гэтым будучыня, без гэтага ніяк, упэўнены генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Канстанцін ГАЛАЛОБАЎ:

— І адназначна мы будзем рухацца далей у гэтым кірунку. А тое, што мы выбралі правільны кірунак, пацвярджае той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць маршрутаў, якія абслугоўваюцца гарадскім электрычным транспартам.

Па яго словах, сёння жыхароў і гасцей беларускай сталіцы перавозяць 147 электробусаў, 742 тралейбусы, з якіх 370 — з павялічаным аўтаномным ходам, і 133 трамваі:

— «Мінсктранс» не толькі самы буйны перавозчык пасажыраў у Беларусі, але і самы буйны ўладальнік электрычнага наземнага гарадскога транспарту. Не ўсе транспартныя сродкі ў парку рухомага саставу новыя, але мы планамерна і ўпарта ідзём па шляху абнаўлення і ўдасканалення.

Кіраўнік прадпрыемства падкрэсліў, што ўвесь зноў набыты рухомы састаў тралейбусаў — толькі з павялічаным аўтаномным ходам. Гэта дазваляе мабільна рэагаваць на ўсе змены дарожнай абстаноўкі — заторы па прычыне дарожна-транспартных здарэнняў, пашкоджанне кантактнай сеткі, закрыццё ўчасткаў дарогі на перыяд будаўніцтва і іншыя.


99 сталічных электробусаў — гэта машыны з суперхуткай зарадкай на канчатковых дыспетчарскіх пунктах. Цяпер такіх зарадных станцый 16.

— Пытанне хоць і застаецца актуальным, але знаходзяцца шляхі яго вырашэння, — адзначае Канстанцін Сяргеевіч. — Не так даўно 6-ы аўтобусны парк атрымаў 44 сучлененыя аўтобусы з камбінаваным тыпам зарадкі: калі яны могуць зараджацца як на канчатковых пунктах ад суперхуткіх зарадных комплексаў, так і з дапамогай начной зарадкі ад стацыянарных пастоў, размешчаных у філіялах прадпрыемства. Гэта зручны і на сённяшні дзень самы камфортны спосаб зарадкі для паэтапнага пераходу менавіта на электратранспартны, электробусны рух.

Назапашвальнікі электраэнергіі, якія і раней, і пакуль яшчэ сёння ўсталёўваюцца ў рухомы састаў, які працуе ў Мінску, не дазваляюць выкарыстоўваць транспартны сродак у паўнадзённым рэжыме. Папросту кажучы, запасу ходу з пяці раніцы да гадзіны ночы не хапае, тлумачыць гендырэктар:

— Змешаны тып зарадкі дазваляе нам быць даволі гнуткімі ў фарміраванні маршрутнай сеткі электробусаў і ажыццяўляць зарадку альбо ў час, калі транспартны сродак знаходзіцца ў чаканні выхаду на маршрут, альбо падчас абеду — на дыспетчарскіх станцыях і ў філіялах прадпрыемства.

У прыгарад і далей

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — перавод прыгарадных пасажырскіх перавозак на электратранспарт. Нядаўна такія праекты былі рэалізаваны ў Жодзіне, Шклове і Наваполацку. Міністэрства транспарту прааналізавала эфектыўнасць іх укаранення і падрыхтавала рэкамендацыі, якія накіравала як ва ўрад, так і ў тэрытарыяльныя органы дзяржкіравання. Ужо ў далейшым будуць рэалізоўвацца праекты па ўкараненні электратранспарту ў пасажырскіх перавозках для сталічных гарадоў-спадарожнікаў Смалявічы і Фаніпаль.

Хутчэй маланкі

У Беларусі імкліва расце колькасць аўтаўладальнікаў, якія прынялі рашэнне памяняць аўтамабілі з бензінавым або дызельным сілавым агрэгатам на больш эканамічныя і экалагічныя электрамабілі. Ды і сярод тых, хто ўпершыню набывае асабісты транспартны сродак, відавочна больш прыхільнікаў аўто з электрычным рухавіком. Вышэй мы ўжо казалі аб тым, наколькі хутка развіваецца пасажырскі электратранспарт. Таму пытанне па зарадных станцыях для такіх машын будзе станавіцца толькі актуальнейшым.

Развіццё інфраструктуры для электрамабіляў у нашай краіне вядзецца ў строгай адпаведнасці з праграмай стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі, зацверджанай пастановай Савета Міністраў № 731. Па колькасці размешчаных зарадных станцый лідзіруюць Мінск і Мінская вобласць.

Расказвае начальнік упраўлення «Маланка» РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» Павел КЕЎЛІЧ:

— Сёння сетка налічвае 975 зарадных станцый, якія раўнамерна размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Асноўная іх канцэнтрацыя прыпадае на Мінск. У гэтым годзе плануем адкрыць каля 430 зарадных станцый, у тым ліку 210 станцый павольнага пераменнага току і 220 — пастаяннага току.


Азнаёміў дырэктар упраўлення і з доўгатэрміновымі планамі, якія ўрад пазначыў перад дзяржаўным аператарам:

— Дзесьці ад 500 станцый плануем уводзіць штогод, бо бачым узрастальную патрэбнасць з боку рынку.

Павел Кеўліч таксама падзяліўся планамі на бліжэйшую будучыню — з 2027 года прадпрыемства ўступіць ў стадыю эксперыменту і будзе ўводзіць у эксплуатацыю зарадныя хабы магутнасцю 1 МВт:

— Яны змогуць зараджаць аўтамабілі да 400-500 кВт. Хабы, абсталяваныя праграмным размеркаваннем магутнасці, будуць зараджаць большую колькасць аўтамабіляў у моманце.

З 2029 года «Маланка» плануе перайсці ад пунктавай забудовы лакацый у гарадской мяжы да будаўніцтва выключна хуткіх зарадных комплексаў.

— Гэта можна параўнаць з асобнай АЗС, — падкрэслівае прадстаўнік Белнафтахіма.


Паралельна распрацоўваецца мабільны прадукт, які будзе ўключаць камбінаванае абслугоўванне аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання і электрамабіляў.

— Мы ўсё злучаем у адзіны контур для таго, каб пераход аўтаўладальнікаў ад машыны з рухавіком унутранага згарання на электрычны транспарт быў бязбольным і простым. І яшчэ важны момант — такім чынам мы захаваем кліентаў у экасістэме Беларусі, — упэўнены Павел Кеўліч.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю