Top.Mail.Ru
0

Як ствараўся сучасны Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Храм памяці народнай

У народзе гэты знакавы для нашай краіны будынак ахрысцілі храмам памяці. І справядліва. Тут увасоблены ўвесь трагізм беларускага народа ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі, гераізм нашых суайчыннікаў, якія доўгія чатыры гады набліжалі Перамогу, адстойвалі права жыць на сваёй зямлі.

Аўтарам гэтага ўнікальнага будынка з’яўляецца заслужаны архітэктар Беларусі, двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктар КРАМАРЭНКА. Як ствараўся храм памяці, якія сэнсы ўкладзены ў кожны архітэктурны элемент і чаму тэма Вялікай Айчыннай вайны для яго вельмі блізкая, архітэктар расказаў «Звяздзе».

Пераможныя промні

Месца для будучага музея выбіралі на конкурснай аснове. Пляцоўку каля абеліска «Мінск — горад-герой» прапанаваў Віктар Крамарэнка. У 1985 годзе ў складзе творчага калектыву ён удзельнічаў у стварэнні гэтага помніка. Яшчэ тады архітэктар ацаніў перавагі ўзвышша, размешчанага ў цэнтры сталіцы.

«Былі прапановы пабудаваць музей у парку Перамогі, але ў прыродным асяроддзі ён схаваўся б як аб’ект для горада, — расказвае Віктар Крамарэнка. — Разглядаўся і варыянт рэканструяваць пад музей спартыўны павільён „Працоўныя рэзервы“ ў пачатку праспекта Пераможцаў. У выніку выбралі месца каля абеліска „Мінск — горад-герой“, якое праглядаецца з усіх напрамкаў горада. Гэта месца вартае музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў горадабудаўнічым сэнсе, і ў ідэйным».

Жадаючым выказаць сваё меркаванне наконт праекта музея было выдзелена ўсяго тры дні. У такі кароткі час Віктар Крамарэнка зрабіў эскізы, якія спадабаліся кіраўніцтву краіны. Пазней яны былі ўвасоблены ў праект, які ў выніку выліўся ў добра вядомы нам будынак.

Аўтар адзначае, што як ва ўнутраным, так і ў знешнім выглядзе будынка няма нічога выпадковага. У кожнага элемента — свой сэнс. Кампазіцыя музея ўяўляе сабой чатыры блокі, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны. Менавіта столькі ішло будаўніцтва. Пры стылявым адзінстве кампазіцыі будынка яго фасады розныя.

На плошчы Герояў, з боку абеліска, — фасад, які сімвалізуе Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. «Разам з тым архітэктурнымі сродкамі неабходна было адлюстраваць не толькі Перамогу, — удакладняе архітэктар. — Бо што такое вайна? Гэта і боль, і гора, і бясконцыя ахвяры... У той жа час гэта вялізная сіла арміі, народа, якая была накіравана на Перамогу».

Невыпадкова фасад ажыццёўлены ў выглядзе сімвалічных промняў славы, дзе адлюстраваны дзесяць самых знакавых падзей Вялікай Айчыннай вайны: абарона Брэсцкай крэпасці, Сталінградская бітва, трагедыя Хатыні, партызанскі рух, вызваленне Мінска, узняцце Сцяга Перамогі над рэйхстагам і іншае.

Матэрыялам, у якім увасоблены пераможныя промні, была выбрана сталь. «Калі яна прыбыла ў Беларусь, я здзівіўся, што гэта сталь выраблена на нямецкіх заводах, на якіх у гады вайны выпускалі гарматы, — заўважае архітэктар. — Сімвалічна, што матэрыял, прызначаны для зброі, быў выкарыстаны ў мірных мэтах».

Мала хто ведае, што галоўны ўваход у музей першапачаткова планаваўся на ўзвышшы каля абеліска. У выніку ён быў размешчаны на ніжняй пляцоўцы. Справа ў тым, што падчас праектавання Віктар Крамарэнка неаднойчы сустракаўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас адной з сустрэч майстар звярнуў увагу на тое, што нашым воінам, якім ужо тады было за 90 гадоў, вельмі складана падымацца на гэта ўзвышша. У выніку ўваходную зону апусцілі, наблізіўшы яе да аўтастаянкі.

Пратэст супраць вайны і вынік стваральнай працы

Уваходная група размешчана з боку фасада міру. Перад тым як зайсці ў музей, наведвальнікаў ахопліваюць трывожныя пачуцці. Іх выклікаюць як гучны гук вады, што ў фантане, зробленым у выглядзе ракі, сцякае ўніз, так і скульптурная кампазіцыя «Развітанне». Апошняя ўвасабляе салдата, які, ідучы на фронт, развітваецца са сваёй каханай. Размешчаныя пад ухілам элементы архітэктуры фасада міру перадаюць трывогу, але ў яго шкляной частцы адлюстраваны мірны стан прыроды.

Фасад вайны звернуты ў бок парку Перамогі. Гледзячы на сцены, у наведвальнікаў узнікае ўражанне, што яны нібыта падаюць, разломваюцца — так і было ў страшны ваенны час. Фасад накіраваны ў бок Захаду — туды, адкуль да нас прыйшла вайна. Творчая задума «падаючых» сцен — свайго роду манументальны рух пратэсту супраць вайны.

Аднак незаўсёды аўтару ўдавалася данесці свае ідэі да тагачасных гарадскіх улад, якія адказвалі за будаўніцтва музея. Так было і са сценамі з эфектам падзення. У пратаколе даручэнняў было запісана — «выраўняць» сцены.

«Мы паспрабавалі гэта зрабіць на камп’ютары, — расказвае ён. — Але ўнутры будынка ўжо былі калоны, якія таксама размяшчаліся пад ухілам. Калі б мы выраўнялі сцены, калоны б вылезлі на вуліцу. Было разуменне, што наша ідэя застанецца, бо яе ўжо немагчыма выправіць ні з пункту гледжання будаўніцтва, ні з ідэйнага пункту гледжання».

Чацвёрты фасад, размешчаны з боку праспекта Пераможцаў, прысвечаны стваральнай працы. Назва красамоўная: фасад звернуты ў бок гарадскога жыцця, адноўленага нашымі суайчыннікамі пасля вызвалення.

Экспазіцыя і дзяцінства ў эйфарыі Перамогі

Скрупулёзная работа вялася і ўнутры музея. Пры стварэнні экспазіцыі ставілася задача — максімальна пагрузіць наведвальнікаў у ваенныя падзеі, час, які папярэднічаў акупацыі, і перыяд аднаўлення разбуранай вайной краіны. 

«Гэта была вельмі дружная работа з музейнымі супрацоўнікамі, — расказвае Віктар Крамарэнка. — Яны добра ведаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, яе ключавыя падзеі, людзей, якія ў іх удзельнічалі. Даводзілася падстройваць архітэктуру пад гэтыя падзеі, максімальна адаптаваць прастору пад успрыняцце тэхнікі, іншых экспанатаў. Дысанансна, напрыклад, глядзіцца танк, які стаіць на паркеце. Ён павінен размяшчацца ў натуральным асяроддзі: павінны быць варонкі, зламаныя агароджы і гэтак далей — танк павінен ваяваць, няхай і на музейнай пляцоўцы».

Адчуць ваенную атмасферу дапамагаюць і матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пры ўнутраным аздабленні: абвугленыя камяні, цёмны граніт, які нагадвае балоцістую мясцовасць... Сімвалічна, што з многіх музейных залаў (а іх 11), пераходаў праглядаецца сімвал Перамогі — абеліск «Мінск — горад-герой».

Дарэчы, Віктар Крамарэнка — дзіця Перамогі: нарадзіўся праз месяц пасля заканчэння вайны. Невыпадкова гэта тэма для яго вельмі блізкая. «Я добра памятаю сваё дзяцінства, якое праходзіла ў эйфарыі Перамогі, — расказвае архітэктар. — Памятаю расказы ўчарашніх воінаў, у тым ліку бацькі, ваеннага інжынера-будаўніка. Будучы капітанам, ён кіраваў будаўніцтвам дарог, часта ў ваеннай абстаноўцы. Памятаю яркі аповед майго дзядзькі, на якога ў акопе наехаў нямецкі танк. Тэхніка развярнулася і засыпала дзядзьку зямлёй. На шчасце, байцы паспелі яго адкапаць... Сама ўрачыстасць Перамогі адбівалася на настроі людзей. Тыя, хто перажыў вайну, з аптымізмам глядзелі ў будучыню, дзе іх чакала шчаслівае жыццё пад мірным небам».

Віктар Крамарэнка прызнаецца, што для яго як архітэктара надзвычай важнай была ацэнка пабудаванага музея ветэранамі. «Яны высока ацанілі і экспазіцыю, і сам будынак, — расказвае архітэктар. — Праца соцень людзей, якія ўклалі ў гэты музей свае таленты, увянчалася поспехам. Я не бачыў ні аднаго раўнадушнага чалавека пасля наведвання музея. Напэўна, гэта і ёсць мэта тых людзей, якія стваралі гэты храм памяці».

Дарэчы, дзеці архітэктара ўдзельнічалі ў праектаванні музея. Сын адказваў за фантан-каскад, а дачка брала ўдзел у праектаванні залы Перамогі. Важным элементам гэтай залы з’яўляецца мірнае неба, якое бачна дзякуючы шкляному даху ў выглядзе купала. Падымаешся па лесвіцы і праз шкло бачыш мірны горад. Вось ён — галоўны вынік Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю