Па беларускiм заканадаўстве тушыць пажары жанчыны не могуць. Тым не менш, яны даўноi паспяхова нараўне з мужчынамi нясуць службу у якасцi дыспетчараў, iнспектараў, псiхолагаў i не толькi. Да таго ж, прадэманстраваць свае навыкi ў нялёгкай прафесii пажарнага прадстаўнiцы прыгожага полу могуць, удзельнiчаючы ў пажарна-ратавальным спорце i дысцыплiне «Мацнейшы пажарны-ратавальнiк», чым i займаецца наша гераiня.
Шлях да прызвання
Пасля заканчэння школы Святлана Прытуленец паступіла ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС (сёння — Гомельскі філіял інстытута прафесійнай адукацыі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС). У 2006 годзе, калі адбыўся першы набор дзяўчат у інстытуты ведамства, яна вучылася ў дзясятым класе і даведалася аб магчымасці атрымаць перспектыўную і прэстыжную прафесію дзякуючы спорту.

— У той час я актыўна займалася лёгкай атлетыкай, — расказвае Святлана. — Аднойчы мой трэнер расказаў аб пажарна-ратавальным спорце і аб тым, што спартыўныя людзі лёгка знаходзяць прымяненне сваім здольнасцям у МНС. Упэўненая ў сваіх сілах, навучыўшыся ўжо дамагацца пастаўленых мэт, я вырашыла паступаць.
За 19 гадоў службы Святлана папрацавала на розных інспектарскіх і інжынерных пасадах: у дзяржаўным пажарным наглядзе, у сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, займалася інжынернымі разлікамі ў Навукова-даследчым інстытуце пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый. А сёння Святлана Прытуленец працуе ў Рэспубліканскім атрадзе спецыяльнага прызначэння «ЗУБР», займаецца арганізацыяй фізічнай падрыхтоўкі, спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.
А яшчэ яна — кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы, майстар спорту па пажарна-ратавальным спорце і лідар сярод жанчын Беларусі ў дысцыпліне «Мацнейшы пажарны-ратавальнік». Займаецца ўжо восьмы год, натхніўшыся прыкладам сяброўкі: «Я прыходзіла да яе на спаборніцтвы, глядзела і думала „Божа, навошта табе гэта трэба?“ А з іншага боку, унутры кошкі скрэблі — я ж таксама яшчэ магу!» — успамінае гераіня.
Па яе словах, нават нягледзячы на спаборніцтва, жаданне паказаць сябе і перамагчы, канкурэнты-жанчыны — гэта больш пра дапамогу, клопат, падтрымку. «Наогул, калі б у гэтым спорце не было дзяўчат, з кім я разам трэніруюся, не было сяброўкі, якая мяне прывяла, то дамагчыся чагосьці наўрад ці атрымалася б».
Сіла, хуткасць, вынослівасць
Да таго ж, прызнаецца Святлана, заняткі спортам надаюць сіл, упэўненасці ў сабе, фарміруюць такую патрэбную і важную якасць для супрацоўніка МНС, як бясстрашнасць, робяць яго здольным прымаць любыя выклікі службы. І гэта нядзіўна: спаборніцтвы «Мацнейшы пажарны-ратавальнік» — гэта цэлы комплекс сілавых і хуткасных нагрузак, якія трэба выканаць за мінімальны час, ды яшчэ і ў поўным рыштунку.

Відавочна, гэта цяжка і даволі траўманебяспечна. Каб дабрацца да фінішу ў «Мацнейшым пажарным-ратавальніку», трэба прайсці няпростую дыстанцыю, сапраўдную праверку на трываласць. Спачатку з рукаўнай лініяй у руках узлезці на чацвёрты паверх спецыяльнай вежы, затым падняць туды і 19-кілаграмовы рукаўны скаток. Пасля гэтага — этап «Сілавы трэнажор»: ад удзельнікаў патрабуецца кувалдай перамясціць на паўтара метра 72-кілаграмовую жалезную бэльку. Затым бег з пажарным рукавом, збіванне мэты вадзяным струменем і, нарэшце, заключны і самы цяжкі этап: перацягванне манекена вагай пад 80 кг. Святлана пераадольвае гэтую дыстанцыю за 2 хвіліны 10 секунд — больш чым годны вынік. Асабліва ўлічваючы той факт, што наймацнейшыя мужчыны спраўляюцца за 1 хвіліну 20 секунд.

І ўсё гэта — у далёкай ад камфорту экіпіроўцы. Сумарна ўсё, што знаходзіцца на спартсмене, важыць каля 12-15 кг. Таму нядзіўна, што пабываўшы на шматлікіх спаборніцтвах, Святлана не раз бачыла — нават не ўсе мужчыны даходзяць да фінішу: «Асабліва тыя, хто ў першы раз ці наогул ніколі не спрабаваў. Бо трэба быць гатовым не толькі фізічна, але і маральна, псіхалагічна. Зараз я нічога не баюся. Але, памятаю, на сваіх першых спаборніцтвах, у асабістым заліку на апошнім этапе, калі трэба было працягнуць манекен, не змагла яго нават падняць — не была яшчэ гатова», — успамінае Святлана.
«У мяне была мэта — дайсці»
Запомніліся ёй і спаборніцтвы ў Пецярбургу. У той год, прызнаецца жанчына, выдаўся вельмі дажджлівы верасень, увесь дзень ішоў лівень, але спаборніцтвы не адмянілі. І надвор’е, адпаведна, паўплывала на вынік: «Калі нашы мужчыны на трэніроўках на этапе з кувалдай спраўляліся за 5 удараў, то тады з цяжкасцю за 35. А мне прыйшлося стукаць аж 98 разоў, — прызнаецца Святлана Прытуленец. — Палова мужчын тады сышлі менавіта з-за гэтага элемента. А ў мяне была мэта дайсці — усё роўна як. Манекен падаў, мусіць, разоў пяць, і я з ім. На дыстанцыю ў выніку спатрэбілася разы ў чатыры больш часу, чым звычайна. А потым да мяне падыходзілі з іншых каманд, ціснулі руку і казалі: малайчына, справілася».
Пасля вераснёўскіх спаборніцтваў для спартсменаў-ратавальнікаў надыходзіць міжсезонне. Але гэта зусім не значыць, што можна расслабіцца: падтрымліваць фізічную форму Святлане дапамагаюць заняткі спортам, частыя і інтэнсіўныя трэніроўкі з імітацыяй той самай дыстанцыі. Інакш, прызнаецца яна, выніку на сапраўдных спаборніцтвах не дабіцца.
І, аглядаючыся на 19 гадоў службы, дзякуючы сваёй прафесіі і спорту можа з упэўненасцю сказаць: што б ні здарылася ў жыцці — зможа пераадолець усе выпрабаванні. Галоўнае — разумець і прымаць свае страхі, ісці наперад нягледзячы ні на якія перашкоды: «У мяне не раз пыталіся: навошта табе гэта трэба, ты ж дзяўчынка, — прызнаецца Святлана. — Але я заўсёды кажу: усё роўна, дзяўчынка ці хлопчык. Калі ты нешта любіш, калі нечым гарыш, то будзеш гэтым займацца і дабівацца вынікаў».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД