У Мінску прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу ўрачыста праводзілі каля стэлы «Мінск — горад-герой», у Парку Перамогі. Амаль дзвесце маладых мінчан вясновага прызыву сабраліся тут, каб пачуць словы падтрымкі і добрыя пажаданні. У сталіцы гэта ўжо традыцыя — праводзіць новае папаўненне Узброеных Сіл у месцы, якое сімвалізуе подзвіг народа-пераможцы.
Усяго ж вясной з Мінска на службу адправяцца каля дзвюх тысяч чалавек. Яны папоўняць шэрагі Узброеных Сіл, унутраных войск, пагранічнай службы і іншых воінскіх фарміраванняў. Першыя эшалоны з навабранцамі накіраваліся да месцаў службы ўжо ўчора. Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік першага ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл, палкоўнік Алег ЧАРНЕНКА, мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта.
«Прызыў грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 23 лютага 2026 года № 67. На гэтыя мерапрыемствы выклікана каля 45 тысяч маладых людзей па ўсёй краіне. Для ўкамплектавання Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў плануецца накіраваць каля 10 тысяч грамадзян. 23 красавіка пачынаецца планавая адпраўка ва Узброеныя Сілы, унутраныя войскі МУС, органы пагранічнай службы і дзяржаўнай бяспекі. У гэты дзень плануецца накіраваць каля тысячы чалавек», — расказаў палкоўнік Алег Чарненка.
Першыя навабранцы накіроўваюцца ў элітныя падраздзяленні: сілы спецыяльных аперацый, 72-і Аб’яднаны навучальны цэнтр, Мінскую ваенную камендатуру, 361-ю базу аховы і абслугоўвання, а таксама ў органы пагранічнай службы. Ваенны камісар горада Мінска палкоўнік Аляксей Калыванаў адзначыў: «Як і па ўсёй краіне, з Мінскага гарадскога зборнага пункта ажыццяўляецца адпраўка прызыўнікоў у воінскія часці. Больш за 1800 маладых грамадзян папоўняць шэрагі Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў. У страі стаяць больш за 170 будучых дэсантнікаў, байцоў сіл спецыяльных аперацый, Мінскай ваеннай камендатуры, кіналагічнага цэнтра. Настрой у хлопцаў выдатны — яны хочуць служыць. Прыбыўшы ў часці, яны пройдуць курс пачатковай агульнавайсковай падрыхтоўкі. Адносіны моладзі да службы кардынальна змяніліся: сёння яны з упэўненасцю і ахвотай ідуць абараняць Радзіму», — падкрэсліў Аляксей Калыванаў.
Адраджэнне добрай камсамольскай традыцыі — уручэнне маладым людзям сімвалічных пуцёвак — стала яшчэ адным яркім момантам свята. Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Аляксей Пікус расказаў:
«У пуцёўцы — словы Прэзідэнта пра важнасць абароны Айчыны, накіраванне ад ваеннага камісара і Саюза моладзі, а на адваротным баку — каляндар, які будзе дапамагаць лічыць дні службы. Гэта мінская традыцыя, якую мы выводзім на новы ўзровень. Пуцёўка — сімвал таго, што пра хлопцаў ведаюць, іх чакаюць, іх памятаюць і цэняць».
На мерапрыемстве прысутнічалі і юныя выхаванцы ваенна-патрыятычных класаў. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні школы № 217 імя Героя Савецкага Саюза Антона Аляхновіча Генадзь Хлуткоў прывёў сваіх вучняў, каб яны на ўласныя вочы ўбачылі, як іх старэйшыя таварышы ідуць служыць.
«У нашай школе ёсць ваенна-патрыятычны клас і клуб „Армада“, створаны ў гэтым годзе. Дзеці вывучаюць ваенную справу, гісторыю краіны, выхоўваюць у сабе якасці патрыёта. Сёння мы прыйшлі з вучнямі, каб яны ўсвядомілі: Беларусь трэба абараняць. Абставіны вакол нашай краіны патрабуюць ад нас максімуму намаганняў для вывучэння ваеннай справы і гісторыі», — сказаў Генадзь Хлуткоў.
Спыталі пра настрой у саміх прызыўнікоў і іх блізкіх.
Сямён Нарывончык, які накіроўваецца ў элітныя войскі, падзяліўся эмоцыямі: «Настрой выдатны, бадзёры. Я вельмі рады, што трапіў у элітныя войскі. Хачу праз год стаць сапраўдным ваенным. У маёй сям’і дзядулі служылі — на флоце і ў ГДР. Хацелася б годна працягнуць гэту справу. Мяне будуць чакаць бацькі, сястра, браты, бабулі і дзядулі. Спадзяюся на добрую службу».
Маці аднаго з прызыўнікоў Галіна Русакова расказала: «Я вельмі рада, што ён ідзе абараняць Радзіму. У яго спачатку была трывога, але ён ішоў з пачуццём гонару».
Арцём Лілейкін, які ўжо адслужыў, прыйшоў падтрымаць таварыша-прызыўніка: «Я падзяліўся вопытам, перажываннямі з ім, спадзяюся, што ўсё будзе добра. Уражанні ад службы былі розныя, але заўсёды было пачуццё братэрства. Адчуваю гонар за сябра. Мае бацька і дзядуля ганарыліся мной, калі я служыў, і я цяпер ганаруся сябрам. Паўтара года — невялікі час для маладога хлопца, гэта пойдзе на карысць».
Ірына Міхайлоўская, маці Яўгена Міхайлоўскага, якога прызвалі ў Віцебск у дэсантныя войскі, дадала: «Сын рады, што трапіў у дэсантнікі. Мы з дачкой прыйшла яго праводзіць. Пісьмы будзем пісаць, канверты паклалі. Ён — мая гордасць, а цяпер паўтара года чакаем».
Бацька Максіма Коласа, Раман Колас, які сам служыў у пагранічных войсках, адзначыў: «Я задаволены, што сын ідзе служыць, вельмі хацеў гэтага. Галоўнае — не баяцца і выконваць усе даручэнні. Будзем пісаць пісьмы». Дзяўчына прызыўніка Дана Гутарава расказала: «Мы сустракаемся амаль год.

Я буду чакаць яго, пісаць. Спадзяюся, час пройдзе хутка».Сёння Узброеныя Сілы нашай краіны — гэта школа мужнасці, дзе гартуецца характар, выпрацоўваюцца навыкі дысцыпліны і ўзаемадапамогі. Тут юнакі знаходзяць сапраўдных сяброў, настаўнікаў і часта — будучую прафесію. Як адзначалася на мітынгу, нават у наш няпросты час Узброеныя Сілы застаюцца надзейным гарантам суверэнітэту і бяспекі Беларусі.
Звальненне ваеннаслужачых, якія адслужылі належны тэрмін, пачнецца ў красавіку-маі. А для навабранцаў галоўная падзея яшчэ наперадзе — прыняцце прысягі 23 мая. Жадаем маладым хлопцам моцнага духу, надзейных таварышаў і лёгкай службы!

Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД