За пасляаварыйны перыяд з зон радыеактыўнага забруджвання вернута да нармальных умоў жыццядзейнасці 1657 населеных пунктаў, або 45 % ад агульнай колькасці населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання (без уліку эвакуіраваных і адселеных).
У краіне рэалізуецца сістэма мер па сацыяльнай абароне пацярпелага насельніцтва, якая ўключае прадастаўленне розных ільгот і кампенсацый, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне і іншыя. Першачарговая ўвага — дзецям. Работы, накіраваныя на забеспячэнне адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, будуць прадоўжаны.
Гэта, калі казаць вельмі коратка і тэзісна. Зразумела, на сустрэчах у працоўных і студэнцкіх калектывах ішла больш грунтоўная размова. На некаторых з іх пабывалі карэспандэнты «Звязды».
Ад адраджэння да стабільнага развіцця
У Горках першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім саставам адной з найстарэйшых ВНУ краіны — Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Перад пачаткам размовы ён азнаёміўся з выстаўкай навуковых работ выкладчыкаў і студэнтаў розных факультэтаў, а пасля — з матэрыяльна-тэхнічнай базай акадэміі.
Удзел у адкрытай размове прынялі каля 150 чалавек. Уладзімір Пярцоў нагадаў, што сумарны ўрон ад аварыі на ЧАЭС ацэньваўся ў 32 бюджэты рэспублікі 1985 года. Страціць найбольш урадлівыя плошчы было недапушчальна. Дзякуючы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які заклікаў не здавацца і змагацца з наступствамі, атрымалася перамагчы навалу і назапасіць бясцэнны вопыт па выхадзе з найцяжэйшага становішча.
— Большасць з прысутных, у першую чаргу прафесарска-выкладчыцкі састаў, добра знаёмы з гэтай тэмай. Паколькі на працягу апошніх 30 гадоў у нашай краіне быў рэалізаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў па стварэнні бяспечных прадуктаў на пацярпелых тэрыторыях, — канстатаваў Уладзімір Пярцоў. — Дзяржпраграмы, якія рэалізоўваліся, прывялі да тых паказчыкаў і вынікаў, якія мы сёння назіраем. І лес, і палі, і прадукты, атрыманыя на іх, адпавядаюць усім узроўням якасці і бяспекі. Шмат робіцца па ліквідацыі наступстваў аварыі, шмат сродкаў на гэта накіроўвалася. Гэтыя грошы прапаноўвалася раздаць людзям. Але да чаго б гэта прывяло? Зараз мы гэта добра разумеем. Вопыт ацэнены не толькі намі, але і ўрадамі краін, якія перажывалі падобныя тэхнагенныя катастрофы. Яны таксама карыстаюцца нашымі распрацоўкамі, каб ліквідаваць наступствы і працягваць жыць на сваёй зямлі.

За амаль дзве гадзіны было абмеркавана шмат розных пытанняў.
— Я перакананы, што сустрэчы ў рамках адзіных дзён інфармавання, круглых сталоў, любых мерапрыемстваў з моладдзю з’яўляюцца самым эфектыўным каналам камунікацыі, паколькі чым маладзей людзі, тым больш яны знаходзяцца пад уздзеяннем сацыяльных сетак, якія шмат у чым фарміруюць іх светапогляд, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ён нагадаў, што цяпер ідзе барацьба за маладыя сэрцы і трэба як мага часцей сустракацца з моладдзю, адказваючы на складаныя пытанні:
— Мы павінны ў якасці дамашняга задання браць агучаныя тэмы і вострыя пытанні, якія задаюць маладыя людзі, не адыходзіць ад іх, не баяцца дзесьці правакаваць моладзь на такія пытанні, таму што разумеем: калі адкажам не мы, яны будуць шукаць адказы ў інтэрнэт-прасторах, і тыя адказы шмат у чым будуць не на нашу карысць.
У рамках адзінага дня інфармавання Магілёўскую вобласць наведаў таксама міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ. Ён пабываў у некалькіх раёнах — Клічаўскім, Кіраўскім і Бабруйскім. У Клічаве ў яго адбылася сустрэча з працоўным калектывам раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёння яго паслугамі карыстаецца больш чым 100 грамадзян пажылога ўзросту і інваліды.
Падчас адкрытай размовы, удзельнікамі якой сталі 54 чалавекі, міністр расказаў пра тую работу, якая была праведзена ў краіне па рэабілітацыі забруджаных зямель, і адказаў на пытанні. У прыватнасці, работнікі пацікавіліся, ці будзе ў бліжэйшы час павышацца ўзрост для выхаду на пенсію. Міністр супакоіў, што ў бліжэйшую пяцігодку не плануецца.
Сітуацыя пад пільным кантролем
Аб тым, як у выніку вялізнай і паслядоўнай работы адраджаюцца забруджаныя тэрыторыі, на сустрэчы з калектывам КУПП «Бароўка», што ў Лепельскім раёне, расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь ТРУБІЛА.
— У сувязі з паляпшэннем радыяцыйнай абстаноўкі паступова скарачаецца колькасць населеных пунктаў, размешчаных на забруджанай тэрыторыі. У цяперашні час іх налічваецца каля 1850, — паведаміў міністр. — Дзякуючы мерам, якія прымаюцца, з 1993 года вернута ў сельскагаспадарчае выкарыстанне 20,5 тысячы гектараў земляў у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, з іх 11 тысяч гектараў уведзена з абмежаваннямі па культурах, якія вырошчваюцца, са строгім радыялагічным кантролем якасці вырабленай прадукцыі. Больш за 500 лабараторый і пастоў дзейнічаюць для маніторынгу стану глебы, рэалізуемай раслінаводчай і жывёлаводчай прадукцыі. Сетка радыяцыйнага маніторынгу ўключае 120 пунктаў назіранняў за паветрам, глебай, паверхневымі і падземнымі водамі.
Віктар ЛЮБІМАЎ,
Нэлі ЗІГУЛЯ, Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА