Top.Mail.Ru
0

Як «Беларуснафта» трансфармуе аўтазаправачныя станцыі і будуе новую мадэль узаемадзеяння з кліентам

Сучасная аўтазаправачная станцыя ўжо даўно перастала быць толькі месцам, дзе кіроўца можа заправіць аўтамабіль. Аб тым, як змяняецца фармат АЗС, якія сэрвісы выходзяць на першы план і на чым сёння трымаецца эканамічная ўстойлівасць сеткі, карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік генеральнага дырэктара «Беларуснафты» Сяргей КАМОРНІКАЎ.


Бяспека, якасць і камфорт

Сёння фірменная сетка «Беларуснафты» — найбуйнейшая ў краіне: яна налічвае 576 аўтазаправачных станцый, што складае каля 69 % ад агульнай колькасці. Аб’екты раўнамерна размешчаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі — ад міжнародных трас і пагранічных пераходаў да абласных і раённых цэнтраў. Асноўнымі прынцыпамі іх работы застаюцца бяспека, якасць і камфорт для кліента.

Праз гэту сетку рэалізуецца паліва айчыннай вытворчасці — прадукцыя Мазырскага НПЗ, «Нафтана», а таксама газаперапрацоўчага завода самой кампаніі. Аднак сёння гэта толькі частка функцыяналу АЗС. Як адзначае Сяргей Каморнікаў, сучасная заправачная станцыя паступова ператвараецца ў паўнавартасны сэрвісны комплекс. Акрамя паліва, кліент можа скарыстацца шырокім спектрам паслуг: ад пакупак у краме і перакусу ў кафэ да страхавання, аплаты дарожных збораў ці нават арэнды прычэпа. У многіх пунктах абсталяваны зоны адпачынку, стаянкі, а таксама фотазоны з адметнымі архітэктурнымі рашэннямі. Актыўна развіваецца і інфраструктура для электратранспарту.


Сёння, падкрэсліў Сяргей Каморнікаў, на АЗС сеткі функцыянуюць 478 крам, на больш як 490 АЗС ёсць пункты грамадскага харчавання, на 234 АЗС працуюць пункты выдачы інтэрнэт-заказаў. Акрамя таго, прапануюцца паслугі падкачкі шын, стаянкі, караванінг-пляцоўкі, рэалізацыя тэхнічных вадкасцяў.

У найбліжэйшыя пяць гадоў кампанія робіць стаўку на мадэрнізацыю ўжо існуючых АЗС. Галоўная задача — прывесці іх у адпаведнасць з сучаснымі тэхналагічнымі, экалагічнымі і супрацьпажарнымі патрабаваннямі, а таксама стварыць поўнафарматныя сэрвісныя аб’екты. Новыя комплексы будуць з’яўляцца кропкава — там, дзе гэта эканамічна апраўдана.

Прыцягненне кліентаў, паводле слоў Сяргея Каморнікава, базіруецца на некалькіх ключавых фактарах. Сярод іх — гарантаваная якасць паліва, высокі ўзровень абслугоўвання, шырокі выбар тавараў і паслуг, зручныя спосабы аплаты, у тым ліку праз мабільныя дадаткі і тэрміналы самаабслугоўвання. Асобнае месца займае праграма лаяльнасці, якая дазваляе назапашваць бонусы. Важную ролю адыгрывае і бліскучая рэпутацыя кампаніі, сфарміраваная за больш як два дзесяцігоддзі з моманту, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў «Беларуснафце» разрозненыя аб’екты нафтапрадуктазабеспячэння.


У новых фарматах

Развіццё гандлю спадарожнымі таварамі становіцца адным з галоўных кірункаў. Калі яшчэ 20 гадоў таму доля дадатковых продажаў была менш за 2 %, то цяпер яна перавышае 30 % у структуры валавога даходу. Пры гэтым каля 40 % фарміруюцца за кошт так званых крос-продажаў, калі кліент, заязджаючы на запраўку па адну паслугу, карыстаецца і іншымі.

Асобная ўвага ўдзяляецца грамадскаму харчаванню. За 2025 год на АЗС было рэалізавана больш як 18,7 мільёна гарачых напояў і каля 9 мільёнаў хот-догаў. Развіваецца ўласная вытворчасць прадуктаў і кава ўласнага абсмажвання, якая прадаецца як у гатовых напоях, так і ў фасаваным выглядзе.

Паралельна кампанія эксперыментуе з новымі фарматамі, напрыклад, адкрывае «крамы каля дома» па-за межамі АЗС. На сёння ўжо дзейнічаюць 10 такіх аб’ектаў у розных гарадах краіны.

Важным элементам сучаснай мадэлі становіцца тэхналагічнасць. На ўсіх АЗС ёсць магчымасць дыстанцыйнай запраўкі праз мабільны дадатак, які таксама дазваляе карыстацца бонуснай картай і знаходзіць найбліжэйшыя станцыі. Там, дзе гэта неабходна, усталёўваюцца кассы самаабслугоўвання, што дазваляе скараціць чэргі і аптымізаваць паток кліентаў.


Комплексная прастора

Сярод глабальных трэндаў, якія ўжо сёння ўплываюць на развіццё, — электратранспарт, лічбавізацыя і экалагічныя патрабаванні. «Беларуснафта» з 2014 года развівае сетку электразарадных станцый MALANKA, якая на сёння з’яўляецца найбуйнейшай у ЕАЭС і налічвае 975 аб’ектаў. У 2026 годзе плануецца ўвесці яшчэ 463 новыя станцыі, у тым ліку 8 суперхуткіх зарадных комплексаў.

Развіццё гэтай інфраструктуры адбываецца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій аналізу — ад GІS-мадэлявання да прагназавання інвестыцый і акупнасці. Стратэгічная задача — захаваць у сегменце электратранспарту долю, супастаўную з пазіцыямі ў традыцыйнай паліўнай сферы.

Такім чынам, АЗС будучыні — гэта ўжо не проста пункт запраўкі, а комплексная прастора, дзе спалучаюцца тэхналогіі, сэрвіс і камфорт. І менавіта гэта трансфармацыя вызначае кірунак развіцця ўсёй галіны.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота прадастаўленыя медыяцэнтрам «Беларуснафты»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю