Top.Mail.Ru

Правіла бяспекі для агародніка. Не купляйце агуркі ў сеціве!

«Не растуць буракі». «Агурэчнік знішчыў перонаспароз». «У парніку кусты таматаў атакуе кладаспарыёз». «Немагчыма знайсці ўправу на белакрылку». Каб не папоўніць шэраг тых, хто ўлетку засыпае сацсеткі падобнымі скаргамі, паклапаціцца пра бяспеку на ўласнай зямлі трэба яшчэ з вясны. 


На жаль, часта праблемы на ўчастак садаводы, агароднікі і кветкаводы прыносяць самі — асноўная віна таму — пагоня «за экзотыкай». Але ці задумваюцца ўладальнікі зямельных участкаў над тым, у што можа выліцца спакуса вырасціць у сябе італьянскія перцы ці аргенцінскія таматы. Ці што за мару аб прыгожым кветніку ці райскім садзе давядзецца расплачвацца: у лепшым выпадку — раскашэліцца на сродкі аховы раслін, у горшым — атрымаць на ўчастку хваробы, якія будуць непакоіць гадамі.

Каб грошы — не на вецер

«Не варта разлічваць, што, напрыклад, сарты таматаў, папулярныя ў Італіі, ці тыя, што растуць у паўднёвых рэгіёнах Расіі, змогуць праявіць сябе і ў нас. Элементарна ім можа не хапіць сонечных дзён, каб даць той ураджай і нават смак пладоў, як у краінах паходжання, — папярэджвае начальнік аддзела — дзяржінспектар аддзела па інспектаванні насенняводства Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Андрэй Пячкоўскі. — Не варта спакушацца і на раскручаныя ў іншых краінах пладовыя культуры. Усё ж Беларусь — зона экстрэмальнага земляробства, зімы ў нас могуць быць як цёплыя, еўрапейскія, так і з нізкімі тэмпературамі, па вясне могуць праяўляцца зваротныя замаразкі. І нават калі паўднёвыя сарты іх перажывуць, пасля выпрабаванняў могуць выйсці аслабленымі, моцна хварэць, не паспець падрыхтавацца да чарговай зімы і ўрэшце загінуць.

Як расказаў Андрэй Пячкоўскі, каб не страціць грошы і час, варта арыентавацца на рэестр сартоў сельскагаспадарчых раслін, якія прайшлі выпрабаванні на адпаведнасць нашым глебава-кліматычным умовам. Пры гэтым паказалі найлепшыя вынікі па ўраджайнасці. Рэестр размешчаны на сайце Дзяржінспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін. Прынамсі, па заканадаўстве дазваляецца рэалізоўваць толькі тыя сарты, якія ўключаны ў рэестр.

Пры выбары пладова-ягадных культур пакупнік у абавязковым парадку павінен ацаніць і знешні выгляд расліны. Важна, каб каранёвая сістэма была ў вільготным субстраце (напрыклад, у торфе, апілках). На паветры яна перасыхае, і саджанец можа загінуць. Не трэба набываць саджанцы восенню — з лістамі, увесну з пупышкамі, што распусціліся, — такія расліны патрацілі сілы, каб быць карыснымі для абжывання на новым месцы. Натуральна, варта глядзець, каб не было механічных пашкоджанняў, адслаення кары, правяраць месца прышчэпкі.

Пакецік з сюрпрызам

Яшчэ адна праблема, з якой змагаюцца інспектары, — не на ўсё насенне і пасадачны матэрыял у прадаўцоў маюцца дакументы па якасці. Так, па заканадаўстве рэалізатар павінен дакументальна пацвердзіць іх сартавыя якасці. Гэта можа быць акт апрабацыі сельскагаспадарчых раслін, які выдаецца Дзяржінспекцыяй па насенняводстве, каранціну і ахове раслін і яе тэрытарыяльнымі арганізаціямі. Калі гэта тавар, завезены з-за мяжы, неабходны дакумент, які пацвярджае сартавыя якасці, выдадзеныя інспекцыяй той краіны, адкуль ён паступіў. Пры рэалізацыі насення таксама неабходны дакумент, які пацвярджае пасяўныя якасці. «Насенне, якое ў нас высяваецца ці рэалізуецца, у абавязковым парадку павінна быць праверана на адпаведнасць патрабаванням, устаноўленым Міністэрствам сельскай гаспадаркі, каб былі інфармацыя пра іх усходжасць, пацвярджэнне на адсутнасць шкоднікаў і хвароб і іншыя паказчыкі, — расказвае Андрэй Пячкоўскі. — Нашы спецыялісты выязджаюць на месца, адбіраюць пробы, у лабараторыях праводзяць аналіз, і па выніках даюць заключэнне». Акты апрабацыі і пасведчанні аб якасці — тыя дакументы, якія можна запытацца ў прадаўца. У дакументах, напрыклад, павінна быць інфармацыя пра культуру, сорт, нумар партыі і іншыя ўстаноўленыя заканадаўствам звесткі.

У садовай мітусні пакупніку можа бракаваць часу, каб разбірацца з дакументамі. Але, нават калі ўважліва паглядзець на пакецік з насеннем, можна зрабіць для сябе высновы, ці варта яго набываць. Не трэба спадзявацца на тэрмін прыдатнасці — на ўпакоўках вытворцы часта яго завышаюць, «працягваюць» на 5 гадоў. Але гэта ўвядзенне ў зман, на такі працяглы тэрмін дакументы не выдаюцца . Па асобных культурах ён можа быць усяго 5–10 месяцаў, а на пасадачны матэрыял пладовых або ягадных культур тэрмін дзеяння складае з 1 студзеня да 30 чэрвеня (у вясновы перыяд) і з 1 ліпеня па 31 снежня (у восеньскі перыяд). Куды важней звярнуць увагу на дату вытворчасці насення і нават тып упакоўкі. Так, насенне можа губляць сваю ўсходжасць, калі яно расфасавана ў пластыкавыя пакеты, у якіх «не дыхае». З «павялічаным» захоўваннем губляецца якасць і ў насення грануліраванага, апрацаванага хімічнымі прэпаратамі. 

З аднаго боку, яно добрае тым, што з ім не набудзеце хваробы, з другога боку, калі яно нясвежае, можа даць кволыя ўсходы ці ўвогуле не ўзыйсці, бо хімія «прыдаўлівае» расліну. І не варта закупляцца насеннем на некалькі гадоў наперад.

Як не купіць праблему

У Інспекцыю паступала шмат скаргаў на інтэрнэт-гандаль. Часта на магазіны-аднаднеўкі, якія працавалі сезон і бясследна знікалі. Людзі наракалі на перасорціцу, на тое, што, пакуль прыйшоў заказ, расліны загінулі. Але ўжо не менш праблем стала з’яўляцца ад «калекцыянераў», якія прадаюць насенне і расліны па ўсім свеце праз інтэрнэт. Небяспека ў тым, што з насеннем, лукавіцамі раслін, саджанцамі і зямлёй, у якой яны знаходзяцца, могуць перадавацца небяспечныя шкоднікі і хваробы, у тым ліку тыя, якія раней на нашай тэрыторыі не сустракаліся. І нават маленькае семечка можа выклікаць, напрыклад, грыбковую інфекцыю ці вірус, што перакінуцца на суседнія расліны. І спадзявацца, што насенне можна абеззаразіць звычайнымі сродкамі, тым жа растворам марганцоўкі, не варта. Праблема хутка распаўсюджваецца па ўсім участку. Ветрам, дажджом, насякомымі «дастаўляецца» суседзям, а пасля захоплівае вялікія тэрыторыі.

Дзяржінспекцыя па насенняводству, каранціне і ахове раслін і яе тэрытарыяльныя арганізаціі робяць усё магчымае, каб абараніць фітасанітарную абстаноўку, правярае насенне, пасадачны матэрыял, а таксама садавіну і агародніну, якія могуць патрапіць на прылаўкі. Але не трэба забывацца, што бяспека і ўрадлівасць на ўласным участку — у руках самога гаспадара. І залежыць яна ад простай перасцярогі — не набываць насенне і расліны з рук і ў інтэрнэце. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб селекцыі і насенняводстве сельскагаспадарчых раслін» рэалізацыя насення фізічнымі асобамі забараняецца. І нават продаж расады агародніны і кветак, не прызначаных для будучага размнажэння, на гандлёвых месцах можна здзяйсняцца толькі пры наяўнасці пасведчання, якое пацвярджае якасць насення, з якога яны вырашчаны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю